Гамілія на ІV Нядзелю Адвэнту, Год В

Чытанне святога Евангелля паводле Лукі

Бог паслаў анёла Габрыэля ў горад галілейскі, які называўся Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя Дзевы — Марыя.

Анёл, увайшоўшы да яе, сказаў: Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою. Яна ж збянтэжылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта за прывітанне.

І сказаў Ёй анёл: Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. І вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага. І валадарыць будзе над домам Якуба вечна, і валадарству Яго не будзе канца.
А Марыя сказала анёлу: Як станецца гэта, калі я мужа не ведаю? Анёл сказаў Ёй у адказ: Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе. Таму і народжанае Святое будзе названа Сынам Божым. Вось і Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасці сваёй, і ёсць ужо на шостым месяцы тая, якую называлі бясплоднай; бо для Бога няма нічога немагчымага.

Тады Марыя сказала: Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова. І адышоў ад Яе анёл.

Лк 1, 26–38

Звеставанне: жаданне Божага Сэрца ўратаваць свет

У гэту чацвёртую нядзелю Адвэнту, за некалькі дзён да святаў Божага Нараджэння, Літургія слова ў Евангеллі ставіць перад нашымі вачыма той момант, які кожны раз узгадваем, молячыся “Вітай, Марыя” – калі пасля прыняцця Марыяй ролі Маці Збаўцы, Божы Сын пачынае існаваць у яе ўлонні.

Св. Ігнацый Лаёла ў “Духоўных Практыкаваннях”, прапаноўваючы для малітоўнага сузірання гэту сцэну, запрашае таксама ўявіць, як Бог глядзіць на свет і хоча збавіць людзей, якім даў існаванне паводле Свайго вобразу і падабенства. Даволі просты ў сваім апісанні эпізод Звеставання хавае ў сабе таямніцу бясконцай любові Бога і жадання прыйсці на дапамогу чалавецтву, якое заблукала і патрабуе ратунку.

Каб па-сапраўднаму прыняць Божага Сына, які прыходзіць як наш Збаўца, нам трэба ўсвядоміць, як моцна наш свет і сёння патрабуе збаўлення, і пачуць глыбокае жаданне Божага Сэрца прыйсці да нас у Яго міласэрнасці і любові, каб аздаравіць нашы раны. Мы, хрысціяне, пакліканыя адчуць кожнай частачкай нашай істоты малітву: “Marana tha! Прыйдзі, Пане!”

Евангельская падзея Звеставання засяроджвае нашу ўвагу на Марыі, якой адведзена ўнікальная роля ва ўсёй гісторыі збаўлення, і на Яе рэакцыі на словы арханёла Габрыэля. Бясконцую колькасць разоў хрысціянскія аўтары разважалі над гэтай дзіўнай праўдай: ад адказу Марыі залежыць лёс чалавецтва. Будучая Маці Божага Сына прадстаўлена не як пасіўная і бясстрасная асоба, але як тая, хто мае свае эмацыйныя рэакцыі і задае пытанні. Сапраўдныя адносіны з Богам не выключаюць момантаў збянтэжанасці і пытанняў пра тое, “як станецца гэта?” Нават Марыя, як шматлікія іншыя ўдзельнікі гісторыі збаўлення да Яе, патрабавала пачуць ад анёла “Не бойся!”

Напэўна, тая перспектыва, якую адкрываў Ёй Габрыэль, здавалася ашаламляльнай, і Марыя не магла ў той момант зразумець усяго, што тлумачыў Ёй Божы пасланнік. Як мы ведаем ад евангеліста Мацвея, заклік анёла не баяцца, не азначаў, што ў Марыі не будзе ніякіх праблем і Ёй нібыта забяспечана бясхмарнае існаванне: Яе будучы муж Юзаф хацеў аддаліць Яе, пакуль не даведаўся ад анёла, адкуль у Марыі дзіця. 

Зноў і зноў у нашым жыцці Пан звяртаецца да нас: “Не бойся!” Яго словы не азначаюць, што Ён выдаліць усе нашыя праблемы, але што Ён з намі ў любых абставінах: “Пан з табою” – вось Ягонае імя. Наш Бог, які прыходзіць, – Эммануэль, “з намі Бог”. 

Бог, які прагне стаць целам у нашым целе

Ужо ў першыя стагоддзі хрысціянства айцы Касцёла бачылі ў таямніцы Звеставання не проста гістарычны момант, калі Сын Божы становіцца матэрыяльна часткай гэтага свету, прымаючы чалавечае цела і душу, але таксама той спосаб дзеяння Бога, праз які Ён жадае далей ва ўсе часы ўваходзіць у нашу рэчаіснасць.

Пан скіроўвае да чалавека Сваё слова і чакае нашага адказу – не прымушае, але хоча нашага свядомага супрацоўніцтва, паважаючы нашу свабоду, бо менавіта яна найвыразней адлюстроўвае Божы вобраз у нас.

У гэтым сутнасць “паслухмянасці веры”, пра якую кажа св. Павел і якой мы вучымся ад Марыі: Бог пасылае да нас Сваё слова, каб мы прынялі яго і яно сталася целам у нас, у нашым жыцці, у нашым разуменні і бачанні, у нашых канкрэтных паставах і дзеяннях. Бог заўсёды шчодра апярэджвае нас Сваёй ласкай, якая дазваляе нам прымаць Ягоны заклік.

Мы праслаўляем Марыю, якая захавала хвалу дзявоцтва і перад, і пасля нараджэння Божага Сына, але, як вучыць ІІ Ватыканскі Сабор, не менш важным з’яўляецца іншае вымярэнне Яе дзявоцтва – чысціня Яе веры, гэта значыць поўная гатоўнасць заўсёды адказаць “так” Божаму закліку, дзякуючы чаму Яна далей застаецца Маці і прыкладам для ўсіх адроджаных праз хрост у Хрыстовым Касцёле (пар. LG, 63). Марыя з’яўляецца для нас узорам веры ў тое, што “для Бога няма нічога немагчымага”: Бог заўсёды адкрывае для нас перспектывы, якія мы не ў стане ўявіць нашым чалавечым разуменнем.

Кароль Давід, атрымаўшы мноства ласкаў і дароў ад Бога, адчуў жаданне адудзячыць Пану і збудаваць для Яго дом – святыню. У адказ Давід атрымлівае не згоду на сваю прыгожую задуму (бо для яе яшчэ не прыйшоў час), але абяцанне, што з яго “дому” – роду –  народзіцца такі Кароль, валадарству якога “не будзе канца”. Бог не адкідае добрую волю Давіда – Давід можа скіраваць яе на шмат іншых добрых справаў; Пан у чарговы раз у гісторыі збаўлення паказвае, што Ягонае абяцанне, з якім ідзе вялікая ўзнагарода, перавышае любое чалавечае ўяўленне.

Таксама ў нашым жыцці не ўсе добрыя жаданні знаходзяць уцелаўленне па розных прычынах, але гэта не значыць, што нам трэба спыніцца і перастаць марыць пра тое, як мы можам наблізіць Валадарства Божае і павялічыць Ягоную хвалу тут, на зямлі, слухаючы і адказываючы на Божае слова.

Наш Айцец нябесны праз дзеянне ласкі Духа Святога няспынна запрашае нас успрымаць наша жыццё ў святле гісторыі збаўлення, у якой мы ўцелаўляем унікальную і непаўторную частку, імкнучыся станавіцца ўсё больш падобнымі да Божага Сына.

Няхай святкаванне Божага Нараджэння, да якога мы рыхтуемся, дапаможа нам менавіта ў гэтым святле ўспрымаць сваё жыццё.

Marana tha! Прыйдзі, о Пане! 

Віктар Жук SJ

Выява: Sieger Köder “Марыя”