Гамілія на ўрачыстасць Пана Нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, Год B

Чытанне святога Евангелля паводле Яна

Пілат спытаўся ў Езуса: Ты Кароль юдэйскі?

Езус адказаў яму: Ці ад сябе ты кажаш гэта, ці іншыя сказалі табе пра Мяне?

Пілат адказваў: Ці ж я юдэй? Твой народ і першасвятары выдалі Цябе мне. Што Ты зрабіў?

Езус адказаў: Валадарства Маё не з гэтага свету. Калі б з гэтага свету было Маё Валадарства, то слугі Мае заступіліся б за Мяне, каб Я не быў выдадзены юдэям. Але цяпер Маё Валадарства не адгэтуль.

Пілат сказаў Яму: Значыць, Ты Кароль?

Езус адказаў: Ты кажаш, што Я Кароль. Я для таго нарадзіўся і для таго прыйшоў на свет, каб засведчыць аб праўдзе. Кожны, хто ад праўды, слухае голас Мой.

Ян 18, 33b–37

Валадарства Хрыста і валадары зямлі

Сённяшняя ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, — адносна «маладая» ў літургічным календары Касцёла. Яна была ўстаноўлена ў 1925 годзе, у турбулентную эпоху ХХ стагоддзя, калі нарастала супрацьстаянне паміж рознымі палітычнымі ідэалогіямі, і павінна была стаць напамінам кожнай чалавечай уладзе пра яе канчатковы сэнс і крытэрый ацэнкі ў святле Божага аб’яўлення. І ў наш час пасланне гэтай літургічнай падзеі застаецца актуальным як ніколі.

Евангелле Хрыста будзе заўсёды гучаць як выклік і перасцярога тым зямным валадарам (якіх мы сёння называем палітыкамі), якія кіруюцца не сапраўдным дабром даручаных іх адказнасці людзей, а ўласнымі эгаістычнымі інтарэсамі.

На жаль, улада заключае ў сабе вялікую спакусу злоўжывання сілай і паўнамоцтвамі, з ёй звязанымі, і многія кіраўнікі паддаюцца гэтай спакусе. Улада, інструмент справядлівасці і супакою паводле Божай задумы, такім чынам, роўна наадварот, ператвараецца ў прыладу насілля і беззаконня.

Сённяшні евангельскі ўрывак прадстаўляе фрагмент суда над Езусам, вынікам якога стаў абсурдны прысуд і крыжовая смерць Настаўніка з Назарэта. Варта затрымацца ў нашым уяўленні над гэтай сцэнай: безабаронны прапаведнік стаіць перад прадстаўніком найбольш магутнай імперыі таго часу, і гэты другі мае ўладу лёгка пазбавіць жыцця асуджанага.

Іронія сітуацыі Пілата заключаецца ў тым, што ён, маючы за сабой велізарную вайсковую моц, будзе вымушаны прыняць рашэнне, з якім нязгодны, бо паддасца ціску натоўпу. Маючы вялікую ўладу, ён насамрэч несвабодны, у той час як Езус свабодна выбірае аддаць сваё жыццё, каб споўніць тое, дзеля чаго Ён прыйшоў у гэты свет.

Езус — сапраўдны Кароль, але зусім інакш, чым уяўляюць сабе Пілат і тыя, хто выдаў Назараніна рымскаму намесніку.

Вельмі хутка Кароль узыдзе на свой трон — крыж, з вышыні якога Ён распасцёртымі рукамі абдыме ўсю гісторыю загубленага чалавецтва і кожную ахвяру граху і зла.

Менавіта такім чынам аб’явіцца найвышэйшая ўлада: усемагутнасць любові, якая не адказвае злом на зло, а прабачае віну і вяртае страчаную праз грэх годнасць. Гэта моц любові, якая перамагае смерць.

Прыйдзі Валадарства Тваё

«Таму, хто любіць нас і хто праз сваю кроў вызваліў нас ад нашых грахоў <…> — Яму хвала і моц на векі вечныя», — усклікае аўтар кнігі Апакаліпсіса ў другім чытанні, запрашаючы і нас далучыцца да гімна праслаўлення Адкупіцеля.

У кожнай Эўхарыстыі мы абвяшчаем хвалу Бога, нашага Айца, Яго Сына — Збаўцы, і Духа Святога, які асвячае наша жыццё дарамі Божай ласкі. Таксама ў нашай асабістай малітве варта не забываць пра належную Богу хвалу, прызнаючы веліч усяго, што Ён учыніў як у нашай асабістай, так і ў супольнай гісторыі.

Праслаўленне Пана ўводзіць нас у вымярэнне Ягонай славы, якая цалкам адкрыецца ў паўнаце Божага Валадарства: нагадвае нам, што акрамя таго «зямнога» грамадзянства, якое маем, нам дадзена і другое «грамадзянства» — наша прыналежнасць да нябеснай Айчыны.

«Учыніў нас валадарствам і святарамі для Бога і Айца свайго», — апісвае далей Ян у сённяшнім другім чытанні справу збаўлення, здзейсненую для нас Хрыстом. Ты і я з’яўляемся часткай гэтага валадарства: хоць яно не даступна цалкам наўпрост нашаму ўспрыманню, і поўная яго сутнасць заўсёды застаецца таямніцай у гэтым існаванні, але яно рэальна прысутнічае і дзейнічае ў нас.

«Валадарства Маё не з гэтага свету», — кажа Езус Пілату, гэта значыць, што яно не кіруецца і не падпарадкоўваецца логіцы зямных дзяржаў, але ўсё ж такі яно робіцца дасягальным ужо ў гэтым свеце тады, калі нашы асабістыя ўчынкі і спосаб дзеяння супольных структур уцелаўляюць Евангелле Хрыста. Такім чынам, прынамсі ў нейкай — няхай няпоўнай і частковай — меры, «валадарства праўды і жыцця, валадарства святасці і ласкі, валадарства справядлівасці, любові і супакою», пра якое кажа Касцёл сёння ў Прэфацыі, становіцца рэчаіснасцю сярод параненага злом і грахом свету.

Улада ў нашых руках

Кожнаму дадзена улада — незалежна ад таго, ці з’яўляецца топ-менеджарам, дзяржаўным служачым, ці проста мамай альбо татам: кожны з нас мае магчымасць і свабоду, каб паўплываць на жыццё іншай асобы, каб аднесціся да бліжняга з дабрынёй, пашанай і любоўю.

«Кожны, хто ад праўды, слухае голас Мой»: каб валадарыць разам з Хрыстом, мы маем патрэбу няспынна ўслухоўвацца ў голас «вернага сведкі», які прыйшоў «засведчыць аб праўдзе» — які сам з’яўляецца Праўдай для нас, бо ў Ім схавана ўся глыбіня нашага паходжання і нашага прызначэння.

Ён ёсць Альфа і Амега, Усемагутны ў сваёй любові, для якой няма ніякіх межаў, акрамя свабоднага выбару чалавека.

Перад тым, як узнесціся на неба, Езус кажа: «Дадзена Мне ўсялякая ўлада на небе і на зямлі» (Мц 28, 18), але таксама абяцае вучням, што яны «апрануцца ў моц з вышыні» (пар. Лк 24, 49), калі на ніх сыдзе Дух Святы. Езус жадае дзяліцца сваёй жыццядайнай уладай з намі, спасылаючы Духа — адпаведна той меры, у якой мы адкрытыя і гатовыя Яго прыняць. Мы становімся «святарамі Айца», калі дзейнічаем як пасрэднікі Божай дабрыні ў гэтым свеце.

Адкрыем жа сёння нашыя сэрцы на дар Духа, каб быць сведкамі і пасрэднікамі Божага валадарання — «валадарства праўды і жыцця, святасці і ласкі, справядлівасці, любові і супакою». Амэн.

Віктар Жук SJ

Выява: праца мастака Stephen B Whatley