Гамілія на ІІ Велікодную нядзелю, Год С

Чытанне святога Евангелля паводле Яна

Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя ад страху перад юдэямі, прыйшоў Езус і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: Спакой вам! І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і я пасылаю вас. І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і кажа: Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца.

Тамаш, адзін з Дванаццаці, называны Блізня, не быў з імі, калі прыйшоў Езус. Іншыя вучні казалі Яму: Мы бачылі Пана. Але ён сказаў ім: Калі не ўбачу на руках Яго ранаў ад цвікоў і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу.

І праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя і Тамаш з імі. Хоць дзверы былі замкнёныя, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў: Спакой вам! Потым кажа Тамашу: Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым. Тамаш, адказваючы, сказаў Яму: Пан мой і Бог мой! Езус кажа яму: Ты паверыў, Тамаш, таму што ўбачыў Мяне. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў. Шмат іншых цудаў, пра якія не напісана ў гэтай кнізе, учыніў Езус перад вучнямі сваімі. Гэтае ж напісана, каб вы паверылі, што Езус ёсць Месія, Сын Божы, і каб, веруючы, вы мелі жыццё ў імя Ягонае.

Ян 20, 19–31

Супакой вам

“Спакой вам!” Тройчы ў сённяшнім евангельскім урыўку Уваскрослы Хрыстус такім чынам вітае вучняў. Сёння як жа вельмі патрэбна, каб гэтае жаданне Пана здзейснілася сярод трагедыі вайны, адгалоскі якой мы чуем штодзённа! Папа Францішак у апошнія дні неаднакротна нагадваў вернікам, што ў сёлетнім святкаванні Пасхі немагчыма забыцца пра тыя ўмовы, у якіх яна адбываецца для шматлікіх ахвяраў бамбардаванняў і іншых ваенных пагрозаў ва Украіне і не толькі.

Возьмем на сябе смеласць спытацца ад імя ахвяраў вайны: ці словы супакою на вуснах Езуса – гэта толькі ветлівае прывітанне, лаканічнае апісанне пажаданага стану рэчаў, ці за імі стаіць больш змястоўнае абяцанне?

У кожнай святой Імшы мы некалькі разоў молімся аб супакоі. Гэта адбываецца і ў эўхарыстычнай малітве, і пазней двойчы пасля малітвы “Ойча наш” перад Камуніяй, калі ад імя супольнасці святар усклікае да Пана: “Дай ласкава супакой у дні нашыя”, а потым яшчэ раз просіць аб супакоі і еднасці для Божага народу, узгадваючы словы Езуса падчас апошняй вячэры: “Супакой пакідаю вам, супакой Мой даю вам” (Ян 14, 27).

Варта прынамсі ад часу да часу ўспомніць, што Езус у прамове да вучняў працягвае: “Не так, як дае свет, Я вам даю”. Гэта не значыць, што для Хрыста не важны мір паміж народамі ці ў кожнай супольнасці людзей, і асабліва горача ў гэты час мы ў імя Божага Сына ўзносім маленні аб спыненні вайны і ўсялякай агрэсіі . Аднак калі мы зыходзім толькі з нашага чалавечага ўяўлення пра мір і дабрабыт, рызыкуем закрыцца на той “спакой Божы, які пераўзыходзіць усялякі розум” (Флп 4, 7).

Езус не дае сваім вучням гарантыі бесклапотнага існавання: “у свеце зведаеце ўціск”, папярэджвае Ён, аднак працягвае далей: “будзьце адважнымі – Я перамог свет” (Ян 16, 33).

Нашае разуменне і імкненне да супакою не можа быць аддзелена ад асобы Езуса, Уваскрослага Пана, і Ягонага Евангелля збаўлення. Праз сувязь жывой веры з Хрыстом мы становімся пераможцамі над усялякім злом у свеце: “Перамогай, якая перамагла свет, ёсць наша вера”, кажа апостал Ян (1 Ян 5, 4). 

Раны Уваскрослага

Знакі перамогі Хрыста, пра якія кажа нам Евангелле, – гэта не зброя і не трафеі, а раны Укрыжаванага і Уваскрослага. Тройчы звяртае на іх увагу евангеліст: спачатку Езус з уласнай ініцыятывы паказвае вучням рукі і бок, а потым, праз тыдзень, робіць гэта ў адказ на жаданне апостала Тамаша.

У нашым сузіранні Хрыста, які паўстаў з мёртвых, варта затрымацца над гэтай праўдай, якую мы, магчыма, надта лёгка ігнаруем: Уваскрослы Пан у вечнай хвале носіць сляды мукі.

Не трэба баяцца разам з Тамашам выказаць жаданне дакрануцца ранаў Хрыста – не ў пошуку доказаў, а каб памятаць, якім чынам дасягнута наша збаўленне, каб зразумець іх адкупленчую моц – і каб адчуць праз іх надзею на праслаўленне нашых ранаў. Тое, што ў жыцці пайшло не так, што абярнулася трагедыяй, што паказала нашу слабасць і ўразлівасць, стала крыніцай сораму і адчужэння, пакінула трывалы балючы след у душы, – усе нашыя раны (“траўмы” на грэчаскай мове) мы звычайна стараемся хаваць і ад іншых, і часта ад саміх сябе, адмаўляць іх боль і ўплыў на нас.

Езус праз свой крыж, праз свае раны становіцца блізкі да нашых ранаў – не толькі праз спагаду і спачуванне, але даючы надзею на тое, што і яны стануць месцам праслаўлення Любові, якая перамагае зло і смерць. Касцёл, Цела Хрыстова, носіць на сабе раны ўсіх сваіх членаў – і тыя, што нанесены жахамі войнаў і ўсялякага насілля і несправядлівасці ў нашым паламаным свеце, і таксама нашай уласнай непаслухмянасцю і грахоўным сваволлем. Пасха Езуса не знішчыла ўсе праявы зла, але адкрывае кожнаму магчымасць быць аздароўленым праз раны Таго,  Хто “быў мёртвы, і вось жывы на векі вечныя” (Ап 1, 18; пар. Іс 53, 5). 

Тамаш, які не верыць і верыць 

Апостал Тамаш, які побач з Езусам знаходзіцца ў цэнтры ўвагі сённяшняга ўрыўка, адлюстроўвае, як няпроста для чалавечага розуму прыняць тую новую рэчаіснасць, якую стварае ўваскрасенне Езуса. Традыцыя празвала Тамаша “няверуючым” паводле ягонай першай рэакцыі на вестку пра вяртанне да жыцця забітага Настаўніка – даволі несправядліва, бо такім чынам не ўлічыла ягонае далейшае вызнанне Езуса Богам і Панам. Насамрэч, хоць не надта шмат ведаем пра Тамаша з Евангелляў, тыя мінімальныя звесткі, што маем, паказваюць нам чалавека ў першую чаргу адважнага: у той час, як усе іншыя вучні хаваліся за замкнёнымі дзвярыма, ён не пабаяўся выйсці вонкі, а раней, калі іншыя апосталы папярэджвалі Езуса, каб не ісці ў Юдэю, бо Яго хацелі забіць, Тамаш быў гатовы на смерць побач з Настаўнікам (гл. Ян 11, 8.16). Падчас апошняй вячэры ён не пабаяўся задаць Езусу пытанне, калі не разумеў Ягоных словаў (Ян 14, 5).

Тамаш з’яўляецца для нас узорам таго, як не трэба хаваць сваіх пытанняў і сумневаў, бо яны могуць дапамагчы нам адкрыцца больш глыбока на праўду, але ўсё ж не дазваляць, каб нашыя абмежаваныя чалавечыя ўяўленні станавіліся бар’ерам для прыняцця той навізны, якую прыносіць Сын Божы – Пераможца смерці. 

Езус аб’яўляе шчаслівымі тых, хто паверыць, хоць не бачыць доказаў: гэта благаслаўленне скіраванае да нас, якія не маючы магчымасці ўзаемадзейнічаць з Уваскрослым Панам звычайным фізічным чынам, праз веру адкрываемся на Ягоную прысутнасць і збаўчае дзеянне ў нашым жыцці – і паводле пладоў ласкі Духа, якога Езус нам спасылае, ведаем, што наша вера не дарэмная.

Апостал Ян тлумачыць, дзеля чаго ён піша Евангелле: каб мы, чытачы і слухачы Евангелля, паверылі ў Езуса і такім чынам мелі жыццё ў імя Ягонае. Стаць сведкам Уваскрослага Хрыста, прымаючы пасланніцтва, даручанае кожнаму вучню самім Панам, – самае важнае заданне, якое ёсць у нашым жыцці, і яно рэалізуецца ў першую чаргу ў адносінах да найбольш блізкіх да нас людзей.

Няхай жа дар Духа Святога, якім Уваскрослы адорвае нас у кожнай нашай сустрэчы з Ім, робіць нас сведкамі Ягонай радасці і супакою. Амэн.  

Віктар Жук SJ