Фундамент “Духоўных практыкаванняў” (альбо “Пачатак і аснова” – гл. тэкст пасля артыкула) паказвае крыніцу галоўнай каштоўнасці кожнага жыцця. Менавіта глыбокае разуменне акту стварэння і ўсіх яго наступстваў можа адкрыць чалавеку вытокі каштоўнасці і сэнсу жыцця і навучыць яго па-сапраўднаму любіць сябе.

Сапраўдная любоў да сябе

Любіць сябе па-сапраўднаму – напэўна адна з найцяжэйшых спраў у жыцці чалавека. Як паказвае досвед, мала хто ўмее адносіцца да сябе з любоўю. Многім нават тэма любові да самога сябе здаецца падазронай. Досыць часта можна пачуць меркаванне, што Евангелле заклікае ненавідзець сябе, у доказ чаго прыводзіцца выказванне Езуса: “Калі хто хоча пайсці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною (Мц 16, 24). 

Але як варта разумець самаадрачэнне? Ці яно выключае сапраўдную любоў самога сябе? Езус так кажа аб любові да бліжняга: “Любі бліжняга твайго, як самога сябе” (Мц 22, 39; пар. Лев 19, 18). Якраз любоў самога сябе ёсць мерай праўдзівай любові да бліжняга. Паводле гэтай запаведзі, той, хто не ўмее любіць сябе, не ўмее любіць і свайго бліжняга. Як убачым далей, гэта пацвярджае і наш асабісты досвед.  

Існуе шмат памылковых інтэпрэтацый любові да сябе. Многія блытаюць сапраўдную любоў з пошукам спосабаў заспакоіць свае чалавечыя прагненні, жарсці і схільнасці. Такая пастава, аднак, не з’яўляецца выразам любові да сябе, але хутчэй праявай яе адсутнасці. Асобы, якія паддаюцца ўсім сваім памкненням шкодзяць сабе і знішчаюць сапраўднае дабро і шчасце ўнутры сябе, зусім як неразважныя бацькі, якія задавольваюць усе хаценні свайго дзіцяці. Такім стаўленнем яны могуць зрабіць дзіця няздольным да сапраўднай любові, таму што з ёй цесна спалучана ахвяра – трансцэндэнцыя сваіх эгаістычных прагненняў, жарсцяў і схільнасцяў.

Сапраўдная любоў да сябе засноўваецца перадусім на поўным прыняцці свайго жыцця такім, якое яно ёсць у дадзены момант, без неахвоты, горычы і адмаўлення, але з праўдзівай цярплівасцю і сардэчнасцю. Часта кажам аб дабрыні і лагоднасці да іншых. Каб здолець прыняць такую паставу адносна бліжніх, трэба найперш па-добраму ставіцца да самога сябе. Чалавек, які не любіць сябе і не прымае свайго жыцця, не ўмее чакаць любові і прымаць яе ад іншых, схільны лічыць сябе нявартым любові. Сумняваючыся ва ўласнай каштоўнасці, іншых людзей ён успрымае як пагрозу для сябе. Ва ўсім шукае самасцвярджэння. 

Калі побач з чалавекам, які не любіць сябе, дацэньваюць і хваляць іншых, ён адчувае пагрозу, нават напад на сябе. У ім нараджаецца пачуццё зайздрасці, якому ён не можа даць ніякай рады, развіваецца абарончае і агрэсіўнае стаўленне. Негатыўны вобраз сваёй асобы і адсутнасць самаакцэптацыі не дазваляюць чалавеку наблізіцца да іншых і прымаць іх любоў звычайна і натуральна. Недахоп любові да бліжняга ў такога чалавека не вынікае з празмернай любові да сябе, але, наадварот, бярэцца з недахопу адпаведнай любові да сябе. 

Калі чалавек не любіць сябе па-сапраўднаму, у ім развіваецца перабольшаны страх заўважыць свае слабасці і памылкі. Ён не мае сіл змагацца з імі, а тым больш прызнаць іх перад іншымі. Ён памылкова ўпэўнены, што такое прызнанне выклікала б яшчэ большае аддаленне ад яго. Таму зачыняецца ў сабе, тоіць сваю слабасць, хавае свой праўдзівы вобраз пад маскай. Менавіта гэты страх перад уласнай уразлівасцю і памылкамі з’яўляецца вытокам ізаляцыі, самоты, падазронасці і агрэсіі да іншых. 

Акцэптацыя з боку іншых

У жыцці вельмі многіх людзей няма сапраўднай прысутнасці іншай асобы, у выніку чаго няма досведу поўнага чалавечага прыняцця. Аднак, калі хтосьці цалкавіта прыме такога чалавека, ён будзе няспынна правяраць верагоднасць гэтай акцэптацыі, ва ўсім шукаць доказу яе сапраўднасці. Пастаянны недавер прыглушае тое, што ахвяруе іншы. Ізаляцыя робіць чалавека настолькі галодным і прагным да шчырых міжчалавечых адносін, што немагчыма задаволіць маштаб гэтай патрэбы.

Ад тых, каго такі чалавек лічыць сябрамі, ён часам чакае так шмат, што яны не ў стане задаволіць  усе патрэбы і надзеі па прычыне іх маларэалістычнасці. Часта шматабяцальныя пачаткі сяброўства заглушаюцца гэтай ненасытнай эмацыйнай прагнасцю і ператвараюцца ў пачуццё расчаравання, горычы і нават нянавісці, яшчэ больш паглыбляючы самоту і адчужэнне. З такога вельмі прыкрага досведу нараджаецца глыбокі страх, таму чалавек шукае спосабу пазбавіцца ад яго. 

Нярэдка ён звяртаецца да найлягчэйшых сродкаў, якія, даючы хвіліннае супакаенне, адначасова павялічваючы адасобленасць ад іншых. Наркаманія, алкагалізм, злоўжыванне сексам – найбольш частыя спосабы залагодзіць страх, выкліканы пачуццём самоты і ізаляцыі. Эймэ Дзюваль SJ, які прайшоў праз балючы вопыт алкагалізму, піша: “Спачатку алкаголь стымулюе ў нас усё добрае: сяброўства, прагу справядлівасці, слухання, творчасці… Бяда ў тым, што вы нябачным чынам пераходзіце з гэтага этапу на этап жалосны і трагічны”.  

Многія маладыя людзі не могуць дастасавацца да сучаснага грамадства не таму, што яно складанае, а таму, што ў іх не было досведу бацькоўскай любові. Гэты недахоп з’яўляецца крыніцай вялікага напружання, унутраных канфліктаў і непаразуменняў з атачэннем. Моладзь найчасцей выбірае менавіта самыя простыя спосабы зняць напружанне. 

Акрамя вышэйпералічаных, адным са сродкаў можа быць спажывальніцтва рознага тыпу. Яно з’яўляецца распаўсюджаным спосабам вырашэння праблемы адзіноты; спажыванне і пачуццёвы досвед супакойваюць трывогу, выкліканую адсутнасцю любові. Іншым спосабам задушыць пачуццё адчужанасці становіцца актывізм, альбо адданасць знешняй дзейнасці з такой сілай, што для сябе не застаецца ні хвіліны часу. Страх нібы задушаны, але зноў і зноў выяўляецца з яшчэ большай моцай, асабліва калі чалавек апынаецца сам-насам з самім сабой у цішыні. 

Беручы агульна, можам сказаць, што ў жыцці чалавека, які не любіць сябе і не адчувае любові іншых людзей, рэчы і заняткі набіраюць велізарнае значэнне. Валоданне матэрыяльнымі дабротамі, улада, прыемныя пачуцці, звязаныя з набываннем – усё гэта мае запаўняць унутраную пустку, якая ўтвараецца ў асобе, калі ў жыцці не стае любові. 

Фундамент “Духоўных практыкаванняў” заклікае прыняць паставу свабоды адносна ўсіх стварэнняў, а значыць, адмовіцца ад ўсяго, што штучна запаўняе чалавека. Але калі чалавек пачне здабываць гэтую свабоду, яго ахоплівае ўнутраны непакой, пачуццё пусткі, невыноснай нуды, узнікае агрэсія да сябе і другіх людзей. Чалавек несвядома паводзіць сябе, як малое дзіця, у якога адабралі вельмі цікавую цацку. Адарванне ад створаных рэчаў паказвае поўную неакцэптацыю сябе і свайго жыцця. Тады ўзнікаюць пытанні: Што насамрэч можа заспакоіць чалавека? Што можа пераканаць яго, што ён варты любові і не мае падстаў жыць у страху перад уласнай слабасцю? 

Чалавек вучыцца акцэптацыі сябе і жыцця пад уплывам прыняцця праз іншых людзей. Калі спазнае любоў, у ім пасяляецца ўпэўненасць, што ягонае жыццё мае каштоўнасць. Прыняцце, якім нас ахінае іншая асоба, паказвае нам сэнс жыцця і яго фундаментальную каштоўнасць. Любоў-акцэптацыя робіць чалавека добрым. Таму таксама найвялікшым дарам, які чалавек можа ахвяраваць другому, з’яўляецца поўнае і безумоўнае прыняцце яго такім, які ён ёсць. Кожны чалавек мае велізарнае жаданне быць прынятым і любімым. Гэтая патрэба настолькі ж сур’ёзная і моцная, як патрэба ў ежы, таму іншы чалавек не здолее задаволіць яе дарэшты. Толькі Бог можа напоўніцу наталіць ненасытнасць чалавечага сэрца. Гэтую праўду падкрэслівае Фундамент “Духоўных практыкаванняў”, кажучы, што чалавек быў створаны толькі для Бога (пар. ДП 23). 

Безумоўная любоў Бога

Веліч Божай любові палягае на тым, што Ён не ставіць ніякіх умоў асобе, якую любіць. У нашым чалавечым спосабе любові мы прызвычаіліся ставіць умовы, якія абмяжоўваюць нас і правакуюць узаемныя маніпуляцыі. “Калі любіш мяне, павінен…” – такое разуменне выглядае слушным, аднак умовы, пастаўленыя любові, выкрываюць наш эгаізм. Высвятляецца, што не залежыць нам на каханай асобе – мы клапоцімся пра сябе. А Бог любіць чалавека любоўю чыстай, без умоў і эгаізму. 

Калі чалавек прымае гэтую бескарыслівую любоў Бога, яна закранае найбольш інтымныя струны сэрца. Св. Аўгустын сцвярджае, што Бог бліжэй чалавеку, чым чалавек сам сабе. Любоў Бога дасягае да глыбінь і падмуркаў існавання. У адной мусульманскай малітве Бог пытаецца чалавека: “Хіба не ведаеш, што Я табе бліжэй, чым біццё твайго сэрца?”

Бог любіць чалавека не за тое, кім ён ёсць, але толькі таму, што ён ёсць. Яго любоў – дар, і яна нічога не чакае, прымае чалавека ў яго актуальнай рэчаіснасці з усімі абмежаваннямі, слабасцямі, траўмамі. 

Любоў Бога да чалавека мае стваральны характар. Калі любоў чалавека да чалавека вызваляе ў ім самае лепшае, то любоў Бога стварае чалавека і застаецца ў жыцці чалавека больш важнай, чым само ягонае існаванне. Яна захоўвае першынства, бо з’яўляецца крыніцай існавання. Стварэнне чалавека – сведчанне бясконцай Божай любові, доказ таго, што чалавек укаранёны ў Богу. Ад пачатку Бог так прагнуў чалавека, што гэтае прагненне сталася фактам, і чалавек пачаў існаваць. Кожны чалавек быў прыняты і ўмілаваны Богам яшчэ перад тым, як пачаў існаваць. 

Як веруючыя людзі, мы згодныя з праўдай, што Бог ёсць Любоў, і што Яго любоў можа змяніць свет. Але вельмі часта гэтая перакананасць застаецца толькі на ўзроўні розуму і не пацвярджаецца ў асабістым досведзе веры. Усе праўды веры, ад Стварэння праз Аб’яўленне, Адкупленне і аж да Парузіі, з’яўляюцца штораз паўнейшым разгортваннем таямніцы бясконцай любові Бога. Усё Святое Пісанне і ўся тэалогія не імкнуцца сцвердзіць нічога іншага, як толькі бязмежнасць Божай любові да чалавека. Хрысціянская вера – гэта досвед той адзінай праўды, што Бог любіць чалавека надзейна, інтымна, творча і непаўторна.

У Евангеллі Езус дае нам дзве запаведзі любові: “Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім. Гэта найбольшая і першая запаведзь. Другая ж — падобная да яе: “Любі бліжняга твайго, як самога сябе” (Мц 22, 37-39). Аднак, да таго, як Хрыстус даў запаведзі любові, Ён паказаў любоў свайго Айца да чалавека. Дзве запаведзі любові маюць вялікае значэнне, але не яны ўтвараюць сэрца Евангелля. Сэрцам Добрай Навіны ёсць любоў Бога да чалавека. 

Не трэба празмерна засяроджваць увагу на саміх запаведзях любові, акцэнт лепш ставіць на перажыванні Божай любові. Выкананне запаведзяў стане простым наступствам сапраўднай веры. У святле Новага Запавету грэх – у першую чаргу, адсутнасць веры ў любоў Бога, а не адсутнасць маралі. Амаральнасць з’яўляецца наступствам адсутнасці веры. Маральныя паводзіны вынікаюць з прыняцця Бога як Любові. 

Пры павярхоўным падыходзе да хрысціянства вера атаясамліваецца з высілкам па захаванню акрэсленага маральнага кодэкса. Мала ўвагі звяртаецца на тое, што вера засноўваецца перадусім на досведзе бясконцай і безумоўнай любові Бога да чалавека. Там, дзе Добрая Навіна аб любові Бога не мае належнага ёй месца, выразна пераважае маральны высілак. Канцэнтруючыся толькі на гэтым высілку, можна размінуцца з сутнасцю Евангелля. І тады чалавеку пагражае духоўная анемія. Найважнейшым у хрысціянстве з’яўляецца не тое, што чалавек робіць для Бога, але тое, што Бог робіць для чалавека. 

Хрыстус кажа: “Заставайцеся ў Маёй любові” (Ян 15, 9). Не дастаткова толькі спазнаць любоў Бога, трэба ўкараніцца ў ёй і будаваць на ёй сваё існаванне. Неабходна, каб яна ахоплівала ўсе вымярэнні чалавечага жыцця. Фундамент “Духоўных практыкаванняў” падкрэслівае, што чалавек павінен жадаць і выбіраць толькі тое што найбольш дапамагае дасягнуць мэты, дзеля якой ён быў створаны; гэтай мэтай ёсць любоў Бога. 

У выхаванні да веры важна вылучаць дзве справы. Па-першае, трэба нястомна даваць жывое сведчанне бясконцай Божай любові, як і Езус сведчыў аб любові свайго Айца. Немагчыма спрыяць узрастанню ў веры, не выпраменьваючы любоў Бога. Па-другое, у пераказе веры варта акцэнтаваць любоў Бога да чалавека, а падвойную запаведзь любові адкрываць як плод досведу веры. 

З боку тых, якія выхоўваюцца да веры, ёсць два неабходныя патрабаванні. Найперш павінны мець пэўны досвед чалавечай любові: любоў бацькоў ці іншых блізкіх асоб. Калі няма такога досведу, то ўсё, што гаворыцца аб любові, застаецца незразумелым, адарваным, абстрактным. Гэтаксама неабходны досвед абмежаванняў, звязаных з чалавечай любоўю. Не спазнаўшы межы чалавечай любові вельмі лёгка можна зблытаць між сабой акцэптацыю людзьмі і акцэптацыю Богам. Чалавек можа жыць у самападмане, лічачы, што любоў іншай асобы поўнасцю заспакоіць яго патрэбу любові і прыняцця. 

Крыніца аўтэнтычнай любові да сябе

Цяпер прыгледзімся да шляху, якім досвед любові Бога становіцца крыніцай аўтэнтычнай любові да сябе. Чалавек можа шукаць падставы для самаакцэптацыі ў трох накірунках. Па-першае, праз самааналіз, які павінен паказаць чалавеку яго каштоўнасць. Гэтыя адшуканыя вартасці становяцца асновай любові да сябе. Па-другое, праз параўнанне з іншымі, якое павінна пацвердзіць асабістую перавагу (заўсёды можна знайсці чалавека, “горшага” за сябе). Па-трэцяе, праз веру ў бескарыслівую і безумоўную любоў Бога да чалавека. Каштоўнасць чалавечай асобы паходзіць, у першую чаргу, з таго, што Бог яе любіць бясконца. 

Абапіраючыся на першыя два спосабы, чалавек ніколі не дойдзе да поўнага прыняцця сябе. Бо заўсёды будзе заўважаць негатыўныя рысы сваёй асабовасці, якія будуць перашкаджаць такому прыняццю. Аналізуючы сябе, ён зразумее,  што поруч з добрымі якасцямі, цнотамі, здольнасцямі, мае таксама мноства слабых месцаў, недахопаў і траўмаў. Параўноўваючы сябе з іншымі, ён хутка ўбачыць, што разам з тымі, над якімі мае выразную перавагу, ёсць і тыя, зраўняцца з якімі ён не здолее ніякім чынам. Вынікам стане пачуццё зайздрасці. 

Калі ж у самаакцэптацыі чалавек будзе абапірацца на безумоўную акцэптацыю з боку Бога, то негатыўныя рысы асабовасці не стануць перашкодай для любові самога сябе, як і не ўтвараюць перашкоды для любові Бога. Калі чалавек да канца паверыць, што ў вачах Бога ён мае бязмежную каштоўнасць, тады не будзе адчуваць патрэбы ў дадатковым сцвярджэнні асабістай каштоўнасці і значнасці ў іншых. Прыняцце сябе як вынік досведу любові Бога вызваляе чалавека з абарончых механізмаў і агрэсіўнай паставы, вылечвае ад пачуцця страху, зайздрасці і пагрозы. 

Вера дае чалавеку свабоду. Чым мацней чалавек верыць, што Бог цалкавіта прымае яго, тым больш свабодным становіцца. Бясстраснасць, гатоўнасць, свабода, пра якія кажа св. Ігнацый у Фундаменце, нараджаюцца з веры ў безумоўнасць і паўнату Божага прыняцця нас такімі, якія мы ёсць. Свабода, як і любоў да сябе, не з’яўляецца саступкай уласным жаданням, але ўсё большым заглыбленнем у любоў.  “Вы, браты, пакліканыя да свабоды. Толькі не выкарыстоўвайце свабоды, каб дагадзіць целу, але ў любові служыце адзін аднаму. Бо ўвесь Закон спаўняецца ў адным: любі бліжняга свайго, як самога сябе” (Гал 5, 13-14). Дзякуючы веры ў бясконцую Божую любоў чалавек атрымлівае свабоду адносна іншага чалавека і самога сябе. 

Езус – прыклад свабоды

Найлепшым узорам свабоды застаецца Езус Хрыстус. У Яго адносінах з іншымі не было ніякай спробы маніпуляцыі, Ён заўсёды ставіўся да іх з далікатнасцю, спалучанай з глыбокай павагай, цалкам прымаў усіх людзей. Яшчэ больш акцэптацыі выказваў Езус тым, якія яе найбольш патрабавалі, бо былі пазначаныя “пячаткай” пагарды і адкідання; грэшнікі, мытнікі, беднякі, пракажоныя дасведчылі асаблівы клопат Езуса. Ніводзін чалавек не быў для Езуса пагрозай, да ніводнага Ён не ставіўся з агрэсіяй, нянавісцю, зайздрасцю. Нават у смяротны час маліўся за сваіх ворагаў. 

Крыніцай гэтай поўнай свабоды Езуса ў дачыненні да  людзей, а таксама безумоўнага прыняцця кожнага чалавека быў досвед любові Айца. Яна была для Езуса пасілкам, была ўсім. “Ежа Мая ў тым, каб выконваць волю таго, хто паслаў Мяне, і завяршыць Яго справу” (Ян 4, 34). Досвед бясконцай любові Айца дае Езусу ўсведамленне Яго бясконцай каштоўнасці. Езусу не трэба было даводзіць сваю асабістую вартасць і годнасць учынкамі альбо ў канкурэнцыі з іншымі. Поўнае прыняцце Сябе, свядомасць сваёй бязмернай каштоўнасці ўчынілі так, што ў жыцці Езуса не было ні ценю эгаізму, ні ценю пошуку сябе ў вачах іншых людзей. 

Фундамент “Духоўных практыкаванняў” з’яўляецца праграмай усіх рэкалекцый. Гэтая праграма рэалізуецца перадусім праз кантэмпляцыю Езуса Хрыста і таго, як Ён дарэшты і безумоўна прыняў любоў Айца, якая была крыніцай Яго любові да сябе. Па прыкладу Хрыста прымаючы любоў, будзем жа вучыцца і мы любіць і прымаць саміх сябе. 

Пэтэр Г. ван Брэмен SJ

Крыніца: артыкул “Miłość Boga i autentyczna miłość siebie” з кнігі пад рэдакцыяй а. Юзэфа Аўгустына SJ “Co zabrać ze sobą? Po fundamencie “Ćwіczeń duchownych”

___________________

Пачатак і аснова 

Чалавек створаны, каб хваліць Бога, нашага Пана, шанаваць Яго і служыць Яму, і праз гэта збавіць сваю душу. Усё іншае на зямлі створана дзеля чалавека, каб дапамагчы яму дасягнуць мэты, для якой створаны. Адсюль вынікае, што чалавек павінен у той меры карыстацца ўсім створаным, у якой яно дапамагае яму ў дасягненні мэты, і ў той меры павінен пазбывацца яго, у якой яно ў дасягненні мэты яму перашкаджае. Таму нам трэба стаць бясстраснымі да ўсяго створанага, у чым толькі тое дазволена нашай свободнай волі і не забаронена ёй; каб не жадалі больш здароўя, чым хваробы, багацця, чым беднасці, павагі, чым пагарды, доўгага жыцця, чым кароткага, і падобным чынам ва ўсім астатнім жадалі і выбіралі толькі тое, што найлепш вядзе да мэты, для якой мы створаны (ДП, 23).