Нашае жыццё ў вялікай ступені залежыць ад рашэнняў, якія мы прымаем, таму мы шукаем добрых дарадцаў альбо прыслухоўваемся да інтуіцыі, вучымся на памылках, часта наступаем на тыя ж граблі, стараючыся выбраць лепшае. Ігнацыянская духоўнасць можа дапамагчы ў прыняцці трапных рашэнняў. Падыход святога Ігнацыя Лаёлы спалучае глыбокае псіхалагічнае назіранне з вялікай духоўнай праніклівасцю і застаецца актуальным і карысным ужо шмат стагоддзяў.

***

Ігнацыянскі падыход да прыняцця рашэнняў базуецца на некалькіх дапушчэннях. Па-першае, разглядаюцца альтэрнатывы толькі пазітыўныя, канструктыўныя і станоўчыя з маральнага пункту гледжання. Асоба, якая прымае рашэнне, з’яўляецца духоўна сталай  і жадае зрабіць такі выбар, які вядзе да больш глыбокіх адносінаў з Богам. Ігнацыянскі спосаб выбару падкрэслівае свабоду. Прыняцце свабоднага рашэння азначае, што мы пакідаем убаку свае асабістыя прэферэнцыі і прадузятасці і намагаемся быць вольнымі ад сацыяльнага ціску і псіхалагічных штампаў. Мы ўважліва разглядаем нашыя матывы і прагненні. Гэта нялёгкая справа. Большасць ігнацыянскіх малітваў і разважанняў, якія дапамагаюць прымаць рашэнні, пакліканыя паспрыяць асягненню той ступені непрадузятасці, якая дазваляе зрабіць свабодны выбар. Ігнацыянскі падыход патрабуе працы. Гаворка ідзе аб тым, што мы прыкладаем усе разумныя намаганні знайсці Божую волю. Гэтыя намаганні ўключаюць у сябе малітву і самапазнанне. Мы павінны сабраць усю неабходную інфармацыю аб варыянтах выбару і старанна ўзважыць усе акалічнасці і магчымыя вынікі. Прыняцце рашэння па ігнацыянскай структуры – справа і сэрца, і розуму.

Тры віды абставінаў пры прыняцці рашэння

Св. Ігнацый лічыў, што рашэнні прымаюцца ў трох абставінах.

Калі сумненняў няма. Часам правільнае рашэнне можна ясна зразумець. Мы ведаем, які выбар будзе добрым. Такое разуменне – дар ад Бога. Усё, што нам трэба зрабіць, – дзейнічаць у тым накірунку, які мы выбралі. Але часта, пакуль мы пачнем рухацца, сплывае некаторы час, бо мы адкладаем дзеянне на потым, хоць ведаем, што павінны рабіць.

Калі пачуцці – невыразныя. Часам бывае так, што нашыя эмоцыі занадта ўзбаламучаныя ў момант разгляду варыянтаў. Мы перажываем шмат моцных пачуццяў, калі тварам у твар сутыкаемся з перспектывай выбару: страх, недавер, дэзарыентацыю, сум. Прыняцце рашэння ў такой сітуацыі азначае саманазіранне і інтэрпрэтацыю пачуццяў. Мы распазнаём іх духоўнае значэнне і адкрываем, як яны паказваюць нам правільны выбар.

Калі захоўваецца эмацыянальны спакой. Бывае так, што мы прыходзім да рашэння ў спакойным і ўпэўненым стане мыслення. Можна сказаць, такія абставіны найбольш распаўсюджаныя.

На гэтым этапе святы Ігнацый заклікае нас узважыць у малітве ўсе плюсы і мінусы кожнай альтэрнатывы і прысвяціць час некаторым практыкаванням, якія дапамогуць інтэрпрэтаваць наяўныя варыянты.

11 крокаў для прыняцця рашэння паводле ігнацыянскага метаду

 

1. Ясна вызначыць рашэнне, якое трэба прыняць, альбо пытанне, якое патрабуе адказу.

Пытанне павінна быць практычным – рабіць штосьці ці не рабіць. Яно павінна быць рэальным; гэта значыць, рашэнне прымаецца аб тым, што мы насамрэч зробім альбо не станем рабіць. Пытанне павінна закранаць рэчы, аб якіх у нас ёсць права прымаць рашэнне. Мы павінны мець магчымасць атрымаць неабходную інфармацыю, каб вырашаць пытанне разумна.

Калі ў вас ёсць цяжкасці з вызначэннем праблемы, выканайце наступную пяціступеністую працэдуру:

1) Пералічыце розныя пытанні, адносна якіх вы магчыма будзеце прымаць рашэнне ў бліжэйшыя некалькі тыдняў, месяцаў, або ў наступным годзе.

2) Пералічыце дзеянні, якія вы, верагодна, будзеце прадпрымаць па гэтых пытаннях.

3) Складзіце спіс плюсаў і мінусаў для кожнага пытання або дзеянняў.

4) Ранжыруйце пытанні і магчымыя дзеянні ў парадку перавагі, як вы ў цяперашні момант адчуваеце гэта.

5) Сканцэнтруйцеся на праблеме або дзеяннях, якія занялі першае месца ў спісе, каб распазнаць волю Божую наконт іх.

2. Сфармуляваць пытанне адным сказам.

Вызначце яго як станоўчы, канкрэтны выбар. Зрабіце яго як мага больш канкрэтным (Што вы будзеце рабіць, дзе і калі). Сфармулюйце яго, згодна з вашымі адчуваннямі, чаго б хацеў Бог. Змясціце выбар у форме Х vs (супраць) не-Х, або Х vs Y.

Напрыклад:

1) “Я вазьму дадатковыя заняткі, так што змагу скончыць курс у маі” альбо

2) “Я застануся працаваць у кампаніі А, або прыму прапанову кампаніі В”

3. Маліцца аб адкрытасці на волю Божую, аб свабодзе ад прадузятасці і прыхільнасці.

Прасіце аб унутранай свабодзе і раўнавазе, якая дазваляе не схіляцца да адной альтэрнатывы ці варыянта больш, чым да іншага. Гэта азначае, маліцеся аб тым, каб быць дастаткова свабодным дзеля толькі адной каштоўнасці: якая альтэрнатыва будзе спрыяць славе Божай і быць глыбінным выражэннем маёй сутнасці, майго я? Каб прыйсці да такой абсалютна неабходнай унутранай свабоды, вы можаце абмеркаваць гэтае пытанне з духоўна сталай асобай, якая можа дапамагчы вам. У прыватнасці, вызначыць, якія перашкоды могуць абмяжоўваць свабоду, спыняць ці схіляць вас да адной альтэрнатывы коштам іншай.

Магчымыя перашкоды: праекцыі, неўпарадкаваныя схільнасці, такія як комплексы непаўнавартасці, завышанай самаацэнкі ці самалюбавання; устаноўкі “я павінен” ці “так трэба”, якія тыранізуюць вас; перфекцыянізм, страхі, матэрыялістычная сквапнасць і жаданне мець; перажыты ў мінулым боль і жаль да сябе; канкурэнтая барацьба, што вядзе да зайздрасці; нецярпімасць да сябе ці іншых асоб; пажадлівасць, няўдзячнасць і непавага; імкненне да кантролю, улады, статусу, прэстыжу, выключнасці, і гэтак далей.

У якасці падрыхтоўкі да малітвы, прачытайце ўважліва, разважна і няспешна наступныя ўрыўкі са Святога Пісання:

Лк 17, 5-6 Лк 12, 22-32 Mц 13, 44-46
Мц 14, 22-33 Лк 18, 35-43 Mк 10, 17-22
Мц 5, 13-16 Лк 14, 33 2 Цім 1, 7
Мц 7, 24-25 Лк 16, 13 Флп 3, 7-10
Лк 11, 5-13 Mц 20, 26-28

Запішыце выразы, якія закранулі вас наймацней. Зрабіце гэтыя словы прыладамі, крыніцамі для свайго дыялогу з Богам пра тыя перажыванні, якім асабліва не хапае свабоды. У чым вы найбольш патрабуеце непрадузятасці? Прынясіце ў малітве гэтыя складанасці Богу, просячы, перш за ўсё, глыбокай любові: любові да Бога, любові да людзей, на якіх паўплывае вашае рашэнне, і любові да свайго сапраўднага “я”. Маліцеся, каб ні эгаістычная прыхільнасць, ні агіда да выбару не звялі вас убок ад таго рашэння, якое падказвае Святы Дух. Прасіце Яго аб кіраўніцтве ва ўсіх разважаннях.

4. Сабраць усю неабходную інфармацыю.

Высветліце ўсе адпаведныя падрабязнасці, звязаныя з выбарам: Хто? Што? Дзе? Калі? Колькі? Чаму? Абавязкова загадзя пракансультуйцеся з усімі, каго закране ваш выбар: жонка, дзеці, сваякі, сябры, калегі. Даведайцеся пра іх пацуцці, думкі і пажаданні. Абмяркуйце сваю праблему з чалавекам, які паважае хрысціянскія каштоўнасці. Магчыма, гэта ваш сябра, дарадца ці святар – маецца на ўвазе чалавек, які будзе шчырым і аб’ектыўным. Прагаварыце з ім пытанне, па магчымасці, дэтальна і ўзвешана, разглядаючы выгады і перспектывы, вашыя моцныя і слабыя бакі.

5. Паўтарыць крок №3: памаліцца аб адкрытасці на волю Божую.

У святле новых дадзеных, якія ўдалося сабраць па праблеме, памаліцеся аб прыняцці добрага рашэння. Хутчэй за ўсё, з’явіліся новыя змешаныя пачуцці і прагненні, якія трэба прадставіць Богу, каб такім чынам ачысціць іх ад любой прадузятасці альбо неўпарадкаванай прыхільнасці. Гэта “праверка на свабоду”. Ці свабодныя вы настолькі, каб для вас засталося каштоўным толькі адно: які выбар прынясе найбольшую хвалу Богу і стане выразам вашага глыбіннага, сапраўднага “я”.

6. Змясціць у табліцы ўсе “за” і “супраць” па кожнай альтэрнатыве.

Для кожнай прапановы X vs. non-X (альбо Х vs. Y) стварыце па 2 слупкі: “Перавагі для мяне” і “Недахопы для мяне.”

Пачніце сваё складанне спісаў з кароткай малітвы. Асабліва папрасіце Бога асвятліць ваш розум, каб ясна бачыць, што Бог выбірае для вас, і што найлепшым чынам паслужыць Яму, бліжняму і вам. Запішыце ўсе довады і прычыны, якія прыйдуць вам у галаву. Не прадвызначайце іх вартаснасці. Вы ацэніце іх на наступным кроку.

7. Даць адпаведную ацэнку ўсім перавагам і недахопам.

Галоўнае ў гэтым працэсе – убачыць, якія перавагі і недахопы верагодна натхнёныя Святым Духам, а якія – не. Спрабуйце спалучаць пукнты спісаў са сваімі матывамі і імкненнямі. Каб зрабіць добрасумленную ацэнку, напэўна спатрэбіцца значны час, магчыма, нават не адзін тыдзень, асабліва калі вы прымаеце адно з галоўных рашэнняў свайго жыцця. Паўтарыце крок №3, молячыся аб адкрытасці і свабодзе. Магчыма, ёсць перашкоды для свабоднага прыняцця Божай волі. Прасіце Бога, каб Ён дапамог вам аддаліцца ад неўпарадкаваных прыхільнасцяў, якія трымаюць вас і ўплываюць на прыняцце рашэння. Маліцеся аб глыбокай веры і любові да Бога. Ацаніце “за” і “супраць” з дапамогай наступных пытанняў:

  • Які довад найбольш важкі? Чаму?
  • Што вартаснага захаваецца альбо ажыццявіцца пасля прыняцця кожнай опцыі? (Многія перавагі і недахопы будуць “важыць” аднолькава)
  • Які выбар найбольш відавочна прывядзе да службы Богу і да ўзрастання ў Святым Духу вашага ўнутранага “я”?
  • Які выбар выглядае найбольш паслядоўным крокам у вашай пілігрымцы веры і ў Божай гісторыі?

8. Заўважыць рух сваёй волі падчас разважанняў над перавагамі і недахопамі.

Калі вы ацэньвалі свой магчымы выбар, вашыя прагненні знаходзіліся пад уплывам Святога Духа: вашая воля схілялася да адной опцыі больш, чым да другой. Магчыма таксама, што вы сумняваецеся, якому варыянту аддаць перавагу. Звярніце ўвагу на гэты ўнутраны рух. Прасіце аб святле Духа Святога. Урэшце рэшт, ваша воля сфакусіруецца на адной альтэрнатыве.Калі ж вам не ўдаецца выбраць штосьці адно, і працягваецца ваганне паміж двумя варынтамі, хутчэй за ўсё, ваш выбар не свабодны ад старонніх уплываў. Значыць, варта вярнуцца да кроку №3 і прасіць Бога вызваліць вас ад эгаістычных, карыслівых і таму падобных матываў, прасіць Святога Духа накіраваць вашыя жаданні да Божай волі.

9. Прасіць Бога, каб Ён даў адчуць суцяшэнне адносна прынятага рашэння.

Суцяшэнне – важнае вымярэнне распазнавання волі Божай. Па-першае, вы просіце Святога Духа перамяніць вашыя думкі (спіс пераваг і недахопаў). Па-другое, просіце Святога Духа перамяніць вашыя жаданні (вашу волю), калі ацэньваеце пералічаныя “за” і “супраць”. Цяпер вам трэба папрасіць Святога Духа ўскалыхнуць вашыя пачуцці, злучаныя з духоўным суцяшэннем. Такімі пачуццямі з’яўляюцца: радасць, энтузіязм, больш глыбокая вера, надзея, давер, любоў, упэўненасць у сабе, смеласць. Такія думкі, жаданні і пачуцці – часткі вашага ўнутранага досведу пра тое, як Святы Дух вядзе вас да праўды. Адчуванне суцяшэння спадарожнічае глыбокім прагненням сэрца, калі яны засяроджваюцца на любові і служэнні Богу, людзям і сапраўднаму ўнутранаму “я” чалавека. Суцяшэнне вельмі адрозніваецца ад пачуццяў, выкліканых неўпарадкаванымі прыхільнасцямі, якія хочуць дасягнуць толькі эгаістычных мэтаў. Ваганне пачуццяў паміж суцяшэннем і пакінутасцю азначае, што вамі кіруюць змешаныя матывы і схільнасці. Застаецца толькі вярнуцца да кроку №3.

10. Даверыцца Богу і зрабіць выбар, нават калі вы не зусім ўпэўнены.

11. Пацвердзіць рашэнне.

Жывіце, згодна з прынятым рашэннем, пакуль вашыя думкі, жаданні і пачуцці падтрымліваюць яго. Калі пачынаюць яму супярэчыць, збірайце новыя дадзеныя і пачынайце шлях спачатку.

Крыніцы: