Хрыстус пасылае сваіх вучняў: “Ідзіце па ўсім свеце, навучайце, хрысціце…”. У сваю чаргу, д’ябал гэтаксама рассылае сваіх слуг. Адсюль вынікае патрэба распазнавання, каго мы прымаем у наш дом, ды, з іншага боку, ці я таксама пасланы і да каго Бог мяне пасылае.
Езус Хрыстус, уцелаўлёны Бог, не прыйшоў да нейкай адной групы, аднаго народу. Яго збаўчая місія датычыць усіх людзей на ўсім свеце і ўсіх пакаленняў. Тымчасам, злы дух Люцыфер таксама не абмяжоўвае сваёй дзейнасці да аднаго месца, але хоча звесці ўсіх людзей. З гэтага не вынікае, што Бог і д’ябал з’яўляюцца раўнапраўнымі партнёрамі ў бітве за свет. Сам Езус яшчэ да сваёй мукі і ўваскрасення сцвердзіў: “Я перамог свет” (Ян 16, 33). У іншым месцы Ён кажа, што “князь гэтага свету ўжо асуджаны” (Ян 16, 11). Тым не менш, хоць Езус ужо перамог, гісторыя збаўлення яшчэ не споўнілася. У тэалогіі і хрысціянскім жыцці ёсць прынцып “ужо і яшчэ не”. Бог ужо адкрыў нам брамы неба, але мы яшчэ не ў ім, а д’ябал робіць усё, каб мы там не апынуліся. Чалавек можа выбраць, чый бок яму прыняць.
Пад які штандар стаць?
Ігнацый Лаёла задаецца гэтым пытаннем, прапануючы ў сваіх “Духоўных практыкаваннях” т.зв. “Разважанне аб двух штандарах”. Як былы вайсковец ён разумеў і любіў вобразы такога кшталту, хоць у яго духоўнасці няма ніякага вайсковага валюнтарызму; знаходзім затое рэкамендацыі, як упарадкаваць сферу пачуццяў. Ігнацый запрашае таго, хто робіць рэкалекцыі паводле яго метаду, каб уявіў сабе, як “Хрыстус кліча і хоча мець усіх пад сваім штандарам, а Люцыфер, насуперак, пад сваім” (ДП 137). У гэтым малітоўным практыкаванні гаворка ідзе аб тым, каб адказаць сабе на пытанне, каму на самай справе я хачу служыць, пад якім штандарам хачу ісці па жыцці.
Далей заснавальнік езуітаў запрашае разважыць, як Люцыфер “склікае незлічоную колькасць злых духаў і рассылае па цэлым свеце” (ДП, 141), а з іншага боку, як Хрыстус “выбірае шмат асобаў – апосталаў, вучняў і г.д. і рассылае па цэлым свеце” (ДП, 145). Сапраўды, у Евангеллях чытаем, як Езус кліча розных людзей, каб утварыць з іх групу Дванаццаці. Кліча і іншых, каб былі Яго вучнямі. А ў канцы Евангелля паводле Мацвея Хрыстус, пасля ўваскрасення і перад унебаўшэсцем, наказвае Адзінаццаці (групе апосталаў без Юды Іскарыёта), каб ішлі і навучалі ўсе народы (пар. Мац 28, 19). Звернем увагу, што ніхто не можа паслаць сам сябе. Нават Езус пасланы Богам Айцом і заўсёды падкрэсліваў, што выконвае Яго волю. Тое, што мы пасланыя ў добрай справе, не змяншае нашай свабоды. Наадварот! Надае свабодзе змест і смак. У рэшце рэшт, свабода не ў тым, каб хадзіць па пустыні, дзе хочацца, але ў магчымасці пайсці ў кірунку аазіса.
У ХХ стагоддзі мы мелі дзве асноўныя – ужываючы акрэсленне Яна Паўла ІІ – ідэалогіі зла: нацызм і камунізм. Іх штандар быў яўна антыхрысціянскі, язычніцкі ці атэістычны. Гэтыя ідэалогіі, асабліва камунізм, прэтэндавалі на распаўсюджванне па ўсёй Еўропе і нават па ўсім свеце. Яны справабалі хаваць сваё сапраўнае аблічча, але насілле, якое чынілася ў іх імя, выкрыла людзям, што адбываецца насамрэч. Хоць хапала і тых, якія дазволілі сябе падмануць альбо з-за асабістай карысці рабілі выгляд, што не бачаць зла. Парадаксальным чынам сітуацыя ў нашыя дні яшчэ больш складаная і заблытаная. Зло выдатна авалодала мастацтвам выдаваць сябе за дабро. Яно ўхіляецца ад фізічнага гвалту, але тым эфектыўней маніпулюе розумам і сэрцам. Таму Ян Павел ІІ ў кнізе “Памяць і свядомасць”, пішучы аб сучасных шырока прапагандаваных ідэалогіях, сцвярджае: “Можна і нават трэба запытацца, ці не дзейнічае тут таксама яшчэ нейкая іншая «ідэалогія зла», у пэўным сэнсе больш глыбокая і схаваная, якая намагаецца выкарыстаць нават права чалавека супраць чалавека і супраць сям’і”. Памножыліся фальшывыя штандары, якія нібыта паказваюць на дабро, а насамрэч служаць Злому.
Тройца і анты-Тройца
Аб універсальнасці Божага плану кажа Ігнацый Лаёла і ў “Кантэмпляцыі аб Уцелаўленні”, калі прапануе ўявіць сабе, як “тры Боскія Асобы глядзяць на паверхню і абшар свету, поўнага людзей. І, спазіраючы, як усе ідуць у пекла, пастанаўляюць у сваёй вечнасці, што другая Боская Асоба стане чалавекам для збаўлення чалавечага роду” (ДП, 102). Бог, Адзіны ў Тройцы, ёсць Стварыцелем усяго, што існуе, але таксама хоча, як чытаем у св. Паўла, “каб усе людзі былі збаўлены і дайшлі да пазнання праўды” (1 Цім 2, 4). Збаўчы позірк Тройцы ахінае людзей усіх часоў і ўсіх пакаленняў. Больш за тое, Бог бачыць нас спрадвеку, г.зн. не было моманту, у якім мы не існавалі б у Яго адвечных задумах. Звернемся яшчэ раз да апостала Паўла, які ў Пасланні да Эфесцаў сцвярджае, што ў Хрысце Бог “выбраў нас перад стварэннем свету, каб мы былі святымі і беззаганнымі перад Ім у любові” (Эф 1, 4).
Найсвяцейшай Тройцы супрацьстаіць і адначасова падступна яе малпуе анты-Тройца або д’ябальская трыяда, пра якую нам кажа Апакаліпсіс. Цмок, або Сатана, пасылае на свет двух звяроў. Яны парадыруюць такім чынам Бога Айца, які пасылае Сына і Духа. Першы звер, якому цмок даў “сваю моц, свой трон і вялікую ўладу” (Ап 13, 2), “быццам смяротна паранены”, але “вылечаны” (пар. Ап 13, 3). Бачым тут перайманне Хрыста, які быў укрыжаваны і ўваскрос. Другі звер, або Фальшывы Прарок, “робіць вялікія знакі”, “ашуквае жыхароў зямлі” (Ап 13, 13-14) і служыць першаму зверу. Гэта пародыя на Святога Духа. Д’ябальская трыяда, здаецца, пануе над усім светам. Але канчатковая перамога належыць сапраўднай Тройцы: Богу, Баранку і Духу.
Пад канец 13 радзелу Кнігі Апакаліпсіса знаходзім фрагмент у роўнай меры таямнічы і трывожны. Ён кажа аб тым, што, хто не мае кляйма звера, той “не можа ні купіць, ні прадаць” (Ап 13, 17). Апакаліптычная мова, вядома, адкрытая для розных інтэрпрэтацый, але няцяжка сёння ўявіць эканамічна-палітычную сістэму, у якой асоба поўнасцю залежыць ад схаваных сіл і механізмаў (т.зв. мяккі таталітарызм). Ад пачатку свайго стварэння чалавек павінен быў выбіраць паміж сваім Стварыцелем і сатаной, які спакушаў хлуслівымі абяцаннямі. У наш час, калі свет стаў глабальным сецівам, магчымасці прапаганды і спакушэння сталі велізарнымі. Такім чынам, як ніколі дагэтуль, трэба быць уважлівым і распазнаваць, якія духі працуюць у канкрэтных справах. У адваротным выпадку, мы рызыкуем апынуцца пад штандарам ворага незаўважна для сябе.
Два штандары ў нас
Ігнацый кажа аб двух штандарах у перспектыве дзеяў у свеце. Аднак мы можам аднесці гэты вобраз да нас саміх, да нашага жыцця, а таксама да нашага цела і душы. Кожны з нас – гэта своеасаблівы свет. Хрыстус пасылае да нас сваіх пасланцоў, а перадусім пасылае нам Духа, каб дазволілі валадарыць Яму ў нас напоўніцу. З іншага боку, у Люцыфера ёсць свае пасланцы, задача якіх – зняволіць і падпарадкаваць нас Злому. Бог жадае нас абожыць, г.зн. з’яднацца з намі ў найглыбейшых вымярэннях нашай сутнасці. А д’ябал хоча нас цалкавіта “адбожыць”, каб мы выбралі жыццё па-за Богам, тое, што называем асуджэннем.
Мы створаныя на Божы вобраз і падабенства (пар. Быц 1, 26-27). Гэта значыць, ад пачатку належым Богу. Прамаўляючы на Арэапагу, апостал Павел скажа, што “ў Ім мы жывём, рухаемся і існуём” (Дз 17, 28). Але з іншага боку, у Паўла і Яна знаходзім вучэнне аб тым, што Бог пасяліўся ў чалавеку. Спасылаючыся на дагмат аб Святой Тройцы, мы маглі б сказаць, што Бог Айцец з’яўляецца абсалютным пачаткам і бясконцым гарызонтам нашага існавання, а другая Асоба, уцелаўлёны Сын, ёсць тым, хто ўвайшоў у нашую гісторыю і заўсёды нам спадарожнічае, а Святы Дух, жывучы ў нашых сэрцах, ёсць тым, хто нам бліжэйшы, чым мы самі сабе. Вось так мы абкружаныя Богам здалёку і зблізку, звонку і знутры. Гэтую праўду прадчуваў і псальміст, які ўсклікаў: “Пане, Ты выпрабаваў мяне і пазнаў, Ты ведаеш, калі я сядаю і ўстаю. Здалёк разумееш мае думкі, […] і ўсе мае шляхі вядомыя Табе. […] З усіх бакоў мяне ахінаеш” (Пс 139 (138), 1-5).
Між тым, Бог шануе свабоду чалавека. Ён не навязвае сябе сваёй Боскай моцай. Ён няспынна запрашае чалавека да адносін любові, але няма любові без свабоды. Па-іншаму дзейнічаюць злыя духі. Намагаюцца пранікнуць у чалавека, атачыць з усіх бакоў, хоць чалавек ім не належыць. Д’ябал спрабуе ўдзейнічаць на наш розум, волю, пачуцці як звонку, так і знутры. Ён робіць гэта падманна, вераломна, назойліва, бо ведае, што нічога не можа нам учыніць, калі мы самі не адкрыемся на яго ўплыў. Сатана ўмее быць цярплівым, але гэта не тая цярплівасць, што стварае прастору свабоды, а, хутчэй, трыванне ў засадзе, каб дачакацца адпаведнага моманту, хвіліны слабасці і ўвайсці ў нашае жыццё, уварвацца ва ўнутраны свет.
І вось, Хрыстус пасылае ў свет сваіх слуг. Люцыфер – гэтаксама. Да таго ж – як ужо было сказана – кожны чалавек з’яўляецца свайго роду светам ды сам, як піша праваслаўны тэолаг Сяргей Булгакаў, няспынна знаходзіцца “ў кантакце з іншымі духамі, атрымлівае ад іх натхненні. Натхняе і натхняецца”. Таму ў жыцці хрысціяніна такой асноватворчай справай ёсць “распазнаванне духаў” (1 Кар 12, 10). Трэба ўсведамляць і распазнаваць натхненні, якія я атрымліваю з усіх бакоў. Трэба задавацца пытаннем, адкуль яны паходзяць і да чаго могуць прывесці. На тое, што паходзіць ад Бога і пасланых праз Яго, трэба адкрывацца, а падшэпты пасланцоў Злога – адкідаць, не ўступаючы з імі ў дыскусію.
Быць пасланцом Пана
Бог пасылае сваіх слуг па ўсім свеце, у тым ліку да мяне асабіста. Але жадае, каб і я служыў Яму, хоча паслаць мяне да іншых, каб я запрашаў іх рашуча выбраць Хрыстовы штандар. І таму разважанне, як Хрыстус пасылае сваіх вучняў ва ўсе куткі зямлі, з аднаго боку, датычыць таго, ці я адкрыты на гэтых пасланцоў, а з другога, ці я сам і ў якой меры гатовы быць пасланым. Не кожны можа быць місіянерам, які выпраўляецца ў далёкія краіны, каб там нейкі час або ўсё жыццё сведчыць пра Хрыста праз канкрэтнае служэнне. Аднак кожны вернік удзельнічае моцай хросту ў святарскай, прароцкай і каралеўскай місіі Хрыста.
Другі Ватыканскі сабор сцвердзіў, што Касцёл “лічыць сваімі словы Апостала: «Гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля» (1 Кар 9, 16) і няспынна пасылае прапаведнікаў […] Са свайго боку, кожны вучань Хрыста мае абавязак пашыраць веру (LG, 17). Адно з заданняў свецкіх асоб, якое мае фундаментальнае значэнне для місіі Касцёла ў свеце, – перадача веры ў сем’ях з пакалення ў пакаленне. Д’ябал ведае пра гэта вельмі добра, таму рознымі спосабамі шкодзіць сям’і, у тым ліку сувязям паміж бацькамі і дзецьмі, выкарыстоўваючы ў сваіх мэтах, напрыклад, дэгенератыўную поп-культуру і ідэалагічную адукацыю, так што хрысціянскае пасланне бацькоў здаецца дзецям і моладзі састарэлым, “сорамным”. Таму менавіта ў кантэксце душпастырства сям’і Ян Павел ІІ падкрэслівае, што “Касцёл не можа паддавацца ціску пэўнага тыпу культуры, нават калі яна распаўсюджаная і часам агрэсіўная” (Novo millennio ineunte, 47).
Адным з пладоў аднаўлення, які служыць рассыланню вучняў Хрыста па ўсім свеце, з’яўляюцца розныя касцёльныя рухі і супольнасці. Найбольш вядомыя ўключаюць Харызматычную Аднову і Нэакатэхуменальны шлях. У Польшчы вялікую ролю адыграў “Аазісны” рух кс. Францішка Бляхніцкага. Хоць асобныя рухі маюць розныя харызмы, але ва ўсіх жыве моцнае жаданне быць пасланымі Хрыстом у свет. Варта адзначыць, што ўдзельнікі многіх рухаў паспяхова спалучаюць сваю харызму з рэкалекцыямі паводле метаду св. Ігнацыя Лаёлы. Ігнацыянскія духоўныя практыкаванні не навязваюць змест, а прапануюць пэўную ўпарадкаваную прастору, у якой могуць знайсці сабе месца асобы з рознымі харызмамі і жыццёвымі гісторыямі, умацавацца ў веры, каб ісці туды, куды пасылае Бог.
Заканчэнне – два ці больш штандараў?
Вобразы, якія прапануе нам св. Ігнацый, могуць здавацца залішне спрошчанымі на наш час, занадта чорна-белымі. Два штандары: з аднаго боку слугі Хрыста, а з другога – Люцыфера. А тымчасам сітуацыі вельмі складаныя, поўныя ценяў і адценняў. Асабліва калі возьмем пад увагу глабальнае вымярэнне розных праблемаў. Таму, можа, ёсць больш штандараў, а не два? Гэта праўда, што рэчаіснасць часта пераўзыходзіць простыя падзелы і схемы. Але праўдай застаецца і тое, што, у канчатковым рахунку, мы альбо крочым у кірунку Бога і Яго волі, альбо ў супрацьлеглы бок. Ёсць Бог і ёсць тое, што Яму супраціўляецца і што апостал Ян называе светам: “Калі хто любіць свет, у тым няма любові Айца” (1 Ян 2, 15). У Кнізе Другазаконня Бог кажа свайму народу адназначна: “Глядзі, сёння я паклаў перад табою жыццё і дабро, смерць і зло” (Дрг 30, 15). Падобным чынам і Езус паказвае выбар “альбо – альбо”. “Ніхто не можа служыць двум гаспадарам” (Мц 6, 24). Застаецца праўдай, што Бог пасылае сваіх слуг на ўвесь свет, а Люцыфер робіць тое самае. І нельга прымаць адначасова адных і другіх у свой дом. Нельга таксама быць часткай Божай грамады і адначасова грамады Злога. Выбар за намі, але, як пісаў паэт Ежы Ліберт: “Навекі зрабіўшы выбар, кожную хвіліну выбіраць павінен”.
Дарыюш Кавальчык SJ – езуіт, прафесар тэалогіі. У 2003-2009 гг. настаяцель Велікапольска-Мазавецкай правінцыі ордэна. Выкладчык дагматычнай тэалогіі ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме.
Крыніца: Dariusz Kowalczyk SJ “Rozsyłani po całym świecie…” MANREZA 1/2021 (5). Pismo poświęcone duchowości ignacjańskiej.