Для ўсіх хрысціянаў разуменне Бібліі, якое імкнецца спасцігнуць паўнату сэнсу, мае велізарнае значэнне для жыцця веры. Рэлігійная мова Бібліі – гэта мова, якая прымушае задумацца, багацце якой невычэрпнае, яна перадае трансцэндэнтную рэчаіснасць і адначасова дае магчымасць чалавеку усвядоміць глыбіннае вымярэнне ўласнага існавання. Аднак сэнс тэксту можа быць раскрыты ў поўнай меры толькі ў тым выпадку, калі ён становіцца жывым і актуальным для таго, хто яго чытае альбо слухае. Паўстае пытанне: якая тэорыя інтэрпрэтацыі дазваляе правільна зразумець рэчаіснасць, пра якую гаворыць Біблія, і адначасова даць апісанне, зразумелае сучаснаму чалавеку?

Біблійная традыцыя інтэрпрэтацыі паказвае, што “сэнс развіваецца ў часе па меры таго, як Пісанне актуалізуецца ў новых абставінах”[1]. На ўсім працягу сваёй гісторыі Касцёл, захоўваючы веру ў Божае слова, імкнуўся знаходзіць і развіваць шляхі тлумачэння, адпаведныя менталітэту людзей і патрэбам часу. Поль Рыкёр адзначае: “Усведамленне значнасці таго ці іншага метада непарыўна звязана з усведамленнем яго межаў”[2]. Таму, перш, чым выкарыстоўваць той ці іншы метад, варта прыгледзецца да яго бліжэй. Што ўяўляе сабой актуалізацыя ў святле каталіцкай традыцыі інтэрпрэтацыі? Адкуль бярэ свой пачатак, на чым асноўваецца і дзе знаходзяцца яе межы?

Герменеўтычныя асновы актуалізацыі

Дакумент Папскай Біблійнай Камісіі “Інтэрпрэтацыя Бібліі ў Касцёле” прыняты ў 1993 годзе, з’яўляецца першым касцёльным дакументам адносна Божага слова, які выкарыстоўвае тэрмін “актуалізацыя” ў сэнсе дапасавання сэнсу Святога Пісання да ментальнасці сучаснага чалавека. Само паняцце не новае ў біблістыцы. Слова “актуалізацыя” – пераклад французскага тэрміну actualiser – “учыніць прысутным сёння, рэалізоўваць, рабіць сучасным”. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы падае, што “актуалізацыя – гэта паварот да найбольш важнага, адпавядаючага патрабаванням сучаснасці”[3].

Аўтары дакумента падкрэсліваюць, што працэдура актуалізацыі “грунтуецца на герменеўтычнай філасофіі”[4], якая абвяшчае важнасць суб’ектыўнасці ў пазнанні, асабліва гістарычным. Коратка разгледзім асноўныя ідэі герменеўтыкі, якія датычаць інтэрпрэтацыі тэксту.

Чытач і тэкст. Зліццё гарызонтаў

Чалавечае слова набывае зусім новы статус, калі становіцца запісаным. Пісьмовы тэкст мае магчымасць размяшчацца ў новых абставінах, якія дадаюць новы сэнс першапачатковаму значэнню. Такая ўласцівасць пісьма асабліва бачная ў выпадку біблійных тэкстаў, прынятых як Божае слова. Менавіта вера ў тое, што тэксты будуць заставацца носьбітамі святла і жыцця для будучых пакаленняў вернікаў, падштурхоўвала супольнасць да захавання пісьмовых крыніц. Літаральны сэнс з самага пачатку быў адкрыты для далейшага развіцця, якое адбудзецца ў выніку “перачытання” тэксту ў новым кантэксце[5].

Сустрэча тэксту і чытача пазначана дынамізмам, паколькі тэкст уплывае на таго, хто сутыкаецца з ім, абуджае пэўныя рэакцыі, кідае выклік. Пры гэтым, чытач ніколі не з’яўляецца ізаляваным суб’ектам, таму што належыць да сацыяльнага кантэксту і займае сваё месца ў гісторыі, ён падыходзіць да тэксту з уласнымі пытаннямі, так ці інакш інтэрпрэтуе змест, робіць выбар або, магчыма, стварае свой твор, натхнёны прачытаным тэкстам.

Усведамляючы культурную адлегласць паміж часам, калі ствараўся тэкст, і часам, калі ён чытаецца, і намагаючыся зрабіць так, каб рэальнасць, пра якую гаворыць Пісанне, прамовіла да сучаснага чалавека, Рудольф Бультман настойваў на “перадразуменні”, якое папярэднічае любому разуменню. Ганс Георг Гадамер таксама падкрэсліваў гістарычную адлегласць паміж тэкстам і яго інтэрпрэтатарам. Чаканні і схільнасці, якімі абумоўлена нашае разуменне, паходзяць з традыцыі, на якую мы абапіраемся. Гэтая традыцыя – сукупнасць гісторыка-культурных дадзеных, якія фармуюць наш жыццёвы кантэкст, наш гарызонт разумення. Інтэрпрэтатар абавязаны весці дыялог з рэчаіснасцю. Разуменне адбываецца ў зліцці розных гарызонтаў тэксту і яго чытача, што магчыма толькі пры наяўнасці сур’ёзнага збліжэння паміж інтэрпрэтатарам і яго аб’ектам. Герменеўтыка ўяўляе сабой дыялектычны працэс: разуменне канкрэтнага тэксту заўсёды цягне за сабой больш шырокае разуменне самога сябе[6].

Перадумовы ўспрымання тэксту

Адносна герменеўтычнай думкі Поля Рыкёра дакумент Папскай Біблійнай камісіі (ПБК) вылучае, перш за ўсё, “важнасць функцыі дыстанцыі, што забяспечвае неабходную перадумову правільнага ўспрымання тэксту”[7]. Спачатку адлегласць з’яўляецца паміж тэкстам і яго аўтарам, таму што тэкст, калі ён ужо напісаны, набывае пэўную аўтаномію ад свайго аўтара: тэкст пачынае свой уласны шлях значэння. Яшчэ адна дыстанцыя ўзнікае паміж тэкстам і наступнымі чытачамі; яны павінны паважаць свет тэксту ва ўсёй яго “іншасці”. Сэнс тэксту можа быць раскрыты ў поўнай меры толькі ў тым выпадку, калі ён актуалізуецца ў жыцці чытачоў, якія яго прысвойваюць. Рыкёр адзначае: “Любая інтэрпрэтацыя мае на мэце пераадолець дыстанцыю паміж мінулай культурнай эпохай, якой належыць тэкст, і самім інтэрпрэтатарам”[8]. Пераадольваючы гэтую адлегласць, чытач хоча зрабіць “чужы” сэнс сваім ўласным; значыць, праз разуменне “іншага” ён здольны глыбей пазнаць самога сябе.

Ідэя герменеўтыкі, разуметай як навука аб правілах тлумачэння, нарадзілася перш за ўсё ў працэсе экзегезы біблійных тэкстаў, а затым і тэкстаў свецкіх; паняцце тэксту ў дадзеным кантэксце мае строга абмежаваны сэнс. Дыльтэй, якога цытуе Рыкёр, пісаў у сваім артыкуле “Узнікненне герменеўтыкі”: “Мы называем экзегезай, або тлумачэннем, мастацтва разумення выразна зафіксаваных у слове праяў жыцця”[9]. Або, як вызначае сам Рыкёр, “герменеўтыка – расшыфроўка жыцця праз прызму тэксту”[10].

Асновы актуалізацыі паводле дакумента Папскай Біблійнай Камісіі “Інтэрпрэтацыя Бібліі ў Касцёле”

На фоне розных і даўно вядомых спосабаў інтэрпрэтацыі Бібліі актуалізацыя з’яўляецца новым падыходам перадусім з прычыны сваіх метадалагічных перадумоў і сістэматызацыі[11]. Тэкст, прысвечаны актуалізацыі, аўтары дакумента змясцілі ў чацвёртым раздзеле, які назвалі “Інтэрпрэтацыя Бібліі ў жыцці Касцёла”. Гэты раздзел закранае тры тэмы, згрупаваныя ў асобныя падраздзелы. Першы – актуалізацыя, другі – інкультурацыя, трэці – карыстанне Бібліяй (у Літургіі, lectio divina, у душпастырскім служэнні, у экуменічнай дзейнасці). Той факт, што актуалізацыя разглядаецца першай, гаворыць аб яе вялікай ролі для разважанняў, якія ідуць пасля. Пытанне актуалізацыі – фундаментальнае, без яе не ўдасца здзейсніць інкультурацыі, таму што спачатку пасланне Бібліі трэба дапасаваць да часу, у якім жывуць людзі, а потым да наяўнага ўзроўню развіцця культуры ў розных кутках свету[12]. Тое ж можна аднесці і да душпастырскай і экуменічнай дзейнасці, якая адбываецца ў канкрэтным месцы і часе.

Камісія сцвярджае ва ўступе да IV раздзела, што Касцёл не разглядае Біблію як выключна старажытны збор гістарычных твораў, але прымае як Божае слова. Адрасатам з’яўляюцца як супольнасць Касцёла, так і сучасны свет. Адносна актуалізацыі ПБК адзначае, што з ёй спалучаны тэмы, якія закраналіся ў III раздзеле “Інтэрпрэтацыя Святога Пісання ў біблійнай традыцыі і ў Традыцыі Касцёла”. Такім чынам, і практыка натхнёных аўтараў прачытваць тэксты Бібліі ў кантэксце новай рэчаіснасці, і асучасніванне, якое адбывалася ў Традыцыі Касцёла ўяўляюць сабой першаўзор актуалізацыі.

Прынцыпы актуалізацыі

Аўтары дакумента ўсталявалі прынцыпы, якія маюць фундаментальнае значэнне для актуалізацыі. Першы з іх гаворыць аб яе магчымасці. Актуалізацыя магчымая, “таму што біблійны тэкст, улічваючы паўнату яго сэнсу, мае значэнне для ўсіх узростаў і ўсіх культур (пар. Іс 40, 8; 66, 18-21; Мц 28, 19-20). Біблійная вестка можа адначасова рэлятывізаваць і ўзбагачаць сістэмы каштоўнасцяў і нормаў паводзін усіх пакаленняў”[13].

Другі прынцып датычыць неабходнасці актуалізацыі. Прычына ў тым, што біблійныя тэксты знаходзяцца ад нас на пэўнай дыстанцыі адносна мовы, культуры, кантэксту. “Каб вызначыць сэнс гэтых тэкстаў для сучасных мужчын і жанчын, неабходна прымяніць іх пасланне да надзённых абставін і выказаць яго на мове, прыстасаванай да сучаснасці,” – адзначаюць аўтары дакумента, заклікаючы, такім чынам, прыкласці пэўныя герменеўтычныя намаганні, згодныя з навуковымі прынцыпамі інтэрпрэтацыі.

Трэцяе правіла гаворыць аб узаемаадносінах між Старым і Новым Запаветамі, якія абавязкова трэба ўлічваць, каб актуалізацыя была адпаведнай. Гэтую сувязь аўтары называюць дынамічнай еднасцю, Новы запавет дапаўняе і перавышае Стары Запавет.

Чацвёрты прынцып датычыць эклезіяльнага і супольнаснага характару актуалізацыі: “Актуалізацыя ажыццяўляецца праз дынамізм жывой традыцыі супольнасці веры. Гэтая супольнасць стаіць у шэрагу супольнасцей, у якіх Пісанне нараджалася, захоўвалася і перадавалася”[14]. Таму ў працэсе актуалізацыі мы не можам абмяжоўвацца толькі тэкстам Бібліі, але павінны браць пад увагу Традыцыю, бо згодна з навучаннем Другога Ватыканскага Сабора, Біблія і Традыцыя “складаюць адзін святы дэпазіт Божага слова”[15]. У працэсе актуалізацыі Традыцыя адыгрывае падвойную ролю: з аднаго боку, яна гарантуе абарону ад памылковых інтэрпрэтацый; з іншага боку, яна забяспечвае перадачу першапачатковага дынамізму.

Вынікам чацвёртага прынцыпа з’яўляецца пяты, які кажа аб правільным падыходзе да актуалізацыі. Яна не можа ператварыцца ў маніпуляванне тэкстам, перанясеннем на тэкст уласных поглядаў. Гаворка ідзе пра “шчыры пошук святла”, які тэкст пралівае на сучаснасць[16].

Метады і этапы актуалізацыі

Вызначыўшы арыенціры, якімі павінна кіравацца актуалізацыя, аўтары документа прыводзяць шляхі і спосабы. Можна заўважыць падзел на тры часткі. Першая з іх гаворыць аб метадах, якія ўжываліся ў мінулым, другая дае парады, якія датычаць актуалізацыі ў сённяшніх умовах, а ў трэцяй пададзены этапы, якія трэба абавязкова ўлічваць падчас актуалізацыі.

У мінулым актуалізацыя практыкавалася ўжо ў самой Бібліі, а затым у габрэйскай традыцы (прыклады можна знайсці ў таргумах і мідрашах, у якіх знаходзіцца пошук паралельных тэкстаў, пэўная мадыфікацыя тэксту падчас чытання, адшуканне іншага значэння і г.д.) і ў хрысціянскай традыцыі (імкненне Айцоў Касцёла ў сваіх тлумачэннях біблійнага тэксту наблізіць змест да абставін жыцця сваіх сучаснікаў).

“У наш час актуалізацыя павінна ўлічваць эвалюцыю менталітэту і развіццё метадаў інтэрпрэтацыі”[17]. У гэтым напаміне бачныя два вымярэнні, якія нельга абмінуць:

  • антрапалагічна-культурнае: асоба, якая займаецца актуалізацыяй, павінна мець на ўвазе рэчаіснасць, у якой жыве сучасны чалавек: яго мову, спосаб мыслення, жыццёвы досвед, культуру, філасофскія дапушчэнні, узровень ведаў;
  • метадалагічнае: пры актуалізацыі трэба ўлічваць прагрэс у галіне метадаў інтэрпрэтацыі Святога Пісання і шукаць менавіта той, які найбольш адпавядае патрэбам актуалізацыі. Не трымацца за аднойчы абраны метад, але быць адкрытым на новыя спосабы інтэрпрэтацыі.

ПБК адзначае, што актуалізацыя мае на ўвазе належную экзегезу тэксту, якая павінна вызначыць яго літаральны сэнс. Пры адсутнасці экзегетычнай адукацыі, чалавек, які прагне актуалізаваць тэкст, павінен звярнуцца да адпаведных дапаможнікаў, каб правільна арыентавацца ў пэўным фрагменце.

“Самым верным і плённым метадам паспяховай актуалізацыі з’яўляецца інтэрпрэтацыя Святога Пісання ў самім Святым Пісанні”[18]. Далей у гэтым жа падраздзеле дакумента чытаем, што “актуалізацыя канкрэтнага біблійнага тэксту ў хрысціянскім жыцці не можа ажыццяўляцца належным чынам, калі няма сувязі з таямніцай Хрыста і Касцёла”. Гэтая сувязь з Хрыстом ставіць у цэнтр інтэрпрэтацыі жыццё, навучанне, смерць і змёртвыхпаўстанне Езуса Хрыста. Сапраўдная інтэрпрэтацыя Святога Пісання – гэта, перш за ўсё, прыняцце сэнсу, які знаходзіцца ў падзеях, і асабліва ў асобе Езуса Хрыста. Кажучы пра сувязь з таямніцай Касцёла, аўтары хацелі нагадаць, што актуалізацыя павінна ўлічваць эклезіяльны кантэкст. Актуалізацыя з’яўляецца не толькі чалавечай працай і высілкам, але і дарам Духа Святога, які дазваляе ўбачыць таямніцу Хрыста і Касцёла. Плады актуалізацыі абумоўлены адкрытасцю і вернасцю Духу Святому.

У апошняй частцы падраздзела пададзены тры этапы належнай актуалізацыі:

1) слуханне Слова з улікам сучаснай канкрэтнай сітуацыі;
2) выяўленне аспектаў гэтай сітуацыі, на якія біблійны тэкст пралівае святло, альбо праблем, якія выносіць на абмеркаванне;
3) вылучэнне з паўнаты сэнсу біблійнага тэксту элементаў, здольных плённа развіць сённяшнюю сітуацыю ў згодзе са збаўчай воляй Бога ў Хрысце.

Такім чынам, беручы пад увагу дасягненні сучаснай герменеўтыкі, ПБК прапануе ўлічваць перадразуменне канкрэтнага чытача і мясцовай супольнасці, а таксама пастарацца паглядзець на сённяшнюю сітуацыю праз прызму Слова, прысвоіць сэнс, каб дзейнічаць далей у згодзе з Божай воляй.

Межы актуалізацыі

Апошні падраздзел гэтай часткі дакумента абумоўлівае дапушчальныя межы актуалізацыі.

Па-першае, трэба пазбягаць селектыўнасці пры выбары тэкстаў. Маецца на ўвазе пастава, якая ўжывае выбарачныя тэксты для падмацоўвання пэўных поглядаў, а не дзеля ўчытвання ў тое, што тэкст хоча данесці.

Па-другое, актуалізацыя не можа абапірацца на дапушчэнні, спрэчныя з біблійным навучаннем. “Актуалізацыя губляе сваю сілу, калі грунтуецца на тэарэтычных прынцыпах, якія супярэчаць асноўным пунктам Бібліі, напрыклад, рацыяналізму, які выступае супраць веры, альбо атэістычнага матэрыялізму”[19]. Любая спроба актуалізацыі “супраць евангельскай справядлівасці і любові”, уключна з апраўданнем расізму, дыскрымінацыі, варожага стаўлення да габрэяў і таму падобнага павінна быць адхілена.

Тым не менш, апошні абзац падраздзела заахвочвае да актуалізацыі, нягледзячы на рызыку памыліцца. Актуалізацыя – неабходны і каштоўны метад інтэрпрэтацыі Святога Пісання, таму пагрозы і цяжкасці, якія спадарожнічаюць ёй, не павінны спрычыняцца да пазбягання гэтага метада.

Л. Каменьскі, падсумоўваючы ў сваім артыкуле сабраную інфармацыю аб актуалізацыі, падае ўласную дэфініцыю актуалізацыі, якая вынікае з аналіза дакумента:

“Актуалізацыю можна вызначыць як магчымы і неабходны працэс суаднясення паслання Бібліі з сучаснасцю, у якім прадстаўлены як літаральны сэнс біблійнага тэксту, так і яго хрысталагічнае, кананічнае і эклезіяльнае вымярэнні, без маніпуляцыі тэкстам, але ў пошуку святла, якое Святое Пісанне пралівае на сучаснасць, каб у выніку змяніць наша жыццё ў адпаведнасці з воляй Хрыста”[20].

Час не стаіць на месцы, і кожнае новае пакаленне хрысціянаў “крок па кроку” аддаляецца ад біблійных падзей. Гэтую дыстанцыю трэба ўлічваць і пераадольваць у асабістым чытанні Бібліі і ў абвяшчэнні Божага паслання іншым людзям. Недастаткова нагадваць, што “Божае слова жывое і дзейснае” (Гбр 4, 12), калі чытачы або слухачы гэтага слова не адчуваюць, што яно звяртаецца да іх асабіста і асвятляе іх уласную жыццёвую дарогу. Актуалізацыя біблійнага зместу з’яўляецца тым спосабам інтэрпрэтацыі, які суадносіць Божае слова і сучаснасць. Гэты спосаб мае даўнюю і глыбокую традыцыю ў гісторыі інтэрпрэтацыі тэкстаў Святога Пісання ў супольнасці веруючых і, тым не менш, захоўвае навізну і багаты творчы патэнцыял.

Тэрэса Клімовіч

_______________________

[1] Пар. Peter Williamson. Catholic Principles for Interpreting Scripture a Study of the Pontifical Biblical Commission’s the Interpretation of the Bible in the Church. Pontifical Biblical Institute 2001, с. 234.
[2] Пар. Поль Рикёр, Конфликт интерпретаций. Очерки о герменевтике, Москва 2008, с. 90.
[3] Тлумачальны слоўнік беларускай мовы у 5 т. Акадэмія навук БССР, Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа; [пад агульнай рэд. акадэміка АН БССР К. К. Атраховіча ; рэдкалегія: А. Я. Баханькоў, П. М. Гапановіч, М. П. Лобан (рэд. тома), М. Р. Суднік]. Мінск, 1977. Т. 1. А – В.
[4] Пар. Папська біблійна комісія. Документ. Тлумачення Біблії в Церкві, 1993, раздзел IV.А.2. http://www.vatican.va/roman_curia/congregations/cfaith/pcb_documents/rc_con_cfaith_doc_19930415_interpretazione_uk.html
[5] Там жа, раздзел II.Б.1.
[6] Там жа, раздзел II. A. 1.
[7] Там жа.
[8] Пар. Поль Рикёр. Конфликт интерпретаций…, с. 56.
[9] Там жа, с.116.
[10] Там жа, с. 517.
[11] Пар. Łukasz Kamieński. Aktualizacja Pisma Świętego według dokumentu Papieskiej Komisji Biblijnej „Interpretacja Biblii w Kościele” jako nowy sposób odniesienia słowa Bożego do życia. – “Ruch Biblijny i Liturgiczny”, 69 (2016) №3, с. 197.
[12] Там жа, с.200.
[13] Пар. Папська біблійна комісія. Документ. Тлумачення Біблії в Церкві…, раздзел IV.А.1.
[14] Там жа.
[15] Dei Verbum, 10.
[16] Пар. Łukasz Kamieński. Aktualizacja Pisma Świętego według dokumentu…, с.204.
[17] Пар. Папська біблійна комісія. Документ. Тлумачення Біблії в Церкві…, раздзел IV.A.2.
[18] Там жа.
[19] Там жа, раздзел IV.А.3.
[20] Łukasz Kamieński. Aktualizacja Pisma Świętego według dokumentu…, с. 211.