Барбара А. Лі з Нью-Ёрку, якая да выхаду на пенсію займала пасаду суддзі, дзеліцца сваім досведам пошукаў новага сэнсу і напаўнення жыцця для людзей сталага веку, карыстаючыся парадамі св. Ігнацыя Лаёлы.

***

Калі я выйшла на пенсію, пакінуўшы кар’еру юрыста і суддзі, перада мной паўсталі пытанні ідэнтычнасці і выбару. За адну ноч я перайшла ад самапавагі да адчування сябе практычна нябачнай. Хто я? Што я павінна рабіць? Гэтыя пытанні вярнулі мяне да прынцыпаў ігнацыянскай духоўнасці, з якімі ўпершыню я сутыкалася ў “Духоўных практыкаваннях” святога Ігнацыя шмат гадоў таму. А разважанні над імі, у сваю чаргу, пераканалі мяне, што ў святога Ігнацыя ёсць шмат каштоўнага для пажылых людзей, якія пачынаюць новы этап свайго духоўнага падарожжа. 

Практыкаванні прадугледжваюць нашую адмову ад эгацэнтрызму на карысць жыцця, арыентаванага на Бога. Таму парады, якія св. Ігнацый дае падчас практыкаванняў, не губляюць вартасці па заканчэнні чатырох тыдняў. Раздзелы практыкаванняў, якія мне падаліся найбольш карыснымі людзям на пенсіі, датычацца прыняцця рашэнняў, стаўлення да маёмасці і статусу, правілаў распазнавання духаў і рэкамендацый адносна некаторых асаблівых ласкаў, аб якіх моляцца на трэцім і чацвёртым тыднях.

Галоўная сутнасць Практыкаванняў – бачыць Хрыста, любіць і ісці за Ім. У любым узросце нам важна працягваць разважаць пра жыццё Езуса: у малітве, заснаванай на Святым Пісанні, у штодзённым рахунку сумлення і рэгулярным занатоўванні свайго духоўнага досведу. Адданая вернасць гэтаму шляху стварае новыя праблемы для пажылых людзей. Новыя сферы патрабуюць прыняцця рашэнняў, у тым ліку іншыя жыццёвыя абставіны, якія становяцца міжвольнымі, непазбежнымі стратамі і расчараваннямі, калі немагчыма ўжо займацца любімымі справамі, бо не стае сіл або адчувальна знізіўся даход. Вельмі важна захаваць свабоду ў распазнаванні, каб вызначыць, што ляжыць у аснове гэтых пачуццяў. Якія з іх вядуць нас да Бога, а якія – адводзяць?

Паваротныя пункты

Да многіх людзей усведамленне новага этапу жыцця прыходзіць тады, калі яны сыходзяць на пенсію з поўнай занятасці (добраахвотна ці не) або застаюцца ў апусцелым “гняздзе” пасля ад’езду дзяцей. Св. Ігнацый раіць імкнуцца да непрывязанасці. У ідэальным выглядзе так, каб мы не схіляліся ў большай меры ні да пенсіі, ні да таго, каб працягваць працаваць; ні да таго, каб жыць з дзецьмі, ні асобна ад іх. Як увогуле магчыма паставіцца з дыстанцыяй да таго, што перажываецца як балючая страта? Кім я стану, калі выйду на пенсію? Хто я цяпер, калі больш не патрэбны сваім дзецям?

Адно з першых рашэнняў пенсіянера – як праводзіць новы “вольны” час. Гуляць у гольф і хадзіць па крамах? Вяртацца ў школу? Узяць падпрацоўку? Шукаць новыя спосабы вярнуцца ў касцёл і ў супольнасць праз валанцёрскае служэнне?

Што датычыцца прыняцця рашэнняў, св. Ігнацый мае шмат практычных парадаў. Яго прынцыпы, якія дазваляюць зрабіць так званы “зменны выбар” – гэта значыць той, які не з’яўляецца незваротным, – можна прадставіць наступным чынам. Па-першае, задайце пытанне перад Богам у малітве. Па-другое, імкніцеся быць як мага больш бясстраснымі, не схіляючыся да выніку, які вам больш падабаецца. Па-трэцяе, разважліва прадумайце перавагі і недахопы кожнага варыянту. І нарэшце, папрасіце Бога накіраваць вашу волю да таго, што будзе даспадобы Яму і зробіць вас лепшым хрысціянінам. Бог сапраўды можа далікатна падштурхнуць чалавечую волю да выбару, які мы ніколі не маглі б сабе нават уявіць: да новага паклікання, прымеркаванага Духам Святым акурат на гэты этап жыцця. Калі я малілася над тым, што рабіць на пенсіі, атрымала цалкам ясны заклік.

Неўзабаве пасля таго, як я выйшла на пенсію, Святы Дух падштурхнуў мяне да Ігнацыянскага валанцёрскага корпуса, арганізацыі, якая служыць бедным у кантэксце ігнацыянскай духоўнасці. І я сапраўды маю на ўвазе штуршок. Я двойчы адкладала на пазнейшы час падачу сваёй заяўкі, і мясцовы каардынатар двойчы звяртаўся да мяне – другі раз праз тэлефонны званок. Я са здзіўленнем спытала сябе, колькі людзей вырашыцца на такі званок пры відавочнай рызыцы адмовы, калі толькі не будзе натхнёны Духам Святым. Я прыняла пасланне. На працягу апошніх 16 гадоў я выкладала англійскую мову ў цэнтры дапамогі імігрантам на Манхэтэне ў Ніжнім Іст-Сайдзе і адначасова дзялілася духоўным шляхам з іншымі валанцёрамі на штомесячных сустрэчах і перыядычных рэкалекцыях.

Жыццё меншага маштабу

У многіх пенсіянераў ёсць значная маёмасць, а ў некаторых ледзь хапае на жыццё. Дастаткова – гэта колькі? Адназначнага адказу няма.

Большасці з нас трэба прымаць разважлівыя рашэнні, каб не выдаткоўваць больш грошай, чым ёсць. Не ўсе мы пакліканы да жыцця ў евангельскай беднасці нават у старасці. Тым не менш, тыя з нас, хто цяжка працаваў усё жыццё, адчуваюць, што маюць права на плёны сваёй працы. “Я гэта заслужыў” – не хрысціянскае стаўленне, а культурнае дапушчэнне, якое патрабуе сумленнай малітвы і разважлівага распазнавання. Парады св. Ігнацыя адносна маёмасці з’яўляюцца карыснай адпраўной кропкай. Мы павінны, на яго думку, жадаць захоўваць маёмасць або распараджацца ёю выключна ў адпаведнасці з тым, як Бог будзе накіроўваць нашую волю падчас выбару, і, разам з тым, мы не павінны жадаць і мець большую схільнасць да багацця, чым да беднасці, да гонару, чым да пагарды, або да таго, каб жыць доўга, а не коратка.

Цалкам магчыма, што не ўсе мы маем ласку адчуваць праўдзівую перавагу беднасці, але ўсё ж можам з большай яснасцю вызначыць, што нам сапраўды трэба для збалансаванага жыцця. Для мяне гэта азначала балючае рашэнне адмовіцца ад аўтамабіля. Калі я працавала, ён быў неабходны, а для чалавека на пенсіі ў Нью-Ёрку ён становіцца раскошай. Для кагосьці скарачэнне расходаў азначае пераезд з дома ў кватэру, а для другога – нешта такое простае, як змяншэнне колькасці страў у рэстаране.

Якімі б сціплымі ні былі нашы абставіны, св. Ігнацый нагадвае нам пра неабходнасць клапаціцца пра “бедных і іншыя добрыя справы”. Пенсіянеры з абмежаванымі даходамі могуць рабіць невялікія дабрачынныя ахвяраванні, але для многіх з нас менавіта магчымасць аддаваць час і таленты служэнню іншым можа стаць асаблівай ласкай. Такім чынам, скарачэнне маштабнасці жыцця можа дапамагчы засяродзіцца на сацыяльнай справядлівасці як у тым, што мы даем бедным, так і ў тым, да чаго нас могуць паклікаць.

Мы, урэшце, можам вярнуцца да таго, каб засяродзіцца на Езусе, які прыняў на сябе нашу чалавечую натуру, каб кожны з нас навучыўся быць  чалавекам у паўнаце. Св. Ігнацый заклікае, каб падчас пасілкаў мы разважалі пра тое, як Езус спажываў ежу, і спрабавалі браць з Яго прыклад. Не варта гэта зводзіць да пытання “Што б зрабіў Езус?” (якое часта гучыць як уступ да загадзя прадугледжанага адказу), але лічыць добрым напамінам паразважаць пра Хрыста – наш узор ва ўсім.

Перад абліччам смерці

Поруч з тым, што св. Ігнацый рэкамендуе разважанне пра пекла на першым тыдні духоўных практыкаванняў, а сярод іншых крытэрыяў прыняцця рашэнняў раіць уявіць сябе “ў момант смерці” альбо “ў дзень Суда”, у яго таксама ёсць не вельмі вядомая парада, як мы павінны глядзець на смерць. Нічога дзіўнага: ён разлічваў, што практыкаванні часцей за ўсё робяць людзі, якія прымаюць нязменныя рашэнні аб сваім жыццёвым стане. Да таго ж, усе просьбы аб ласках трэцяга і чацвёртага тыдняў практыкаванняў рыхтуюць нас да смерці і абяцання вечнага жыцця.

Разважаючы ў малітве аб тым, якая частка майго духоўнага падарожжа яшчэ ляжыць перада мной, я вельмі яскрава прыгадала досвед, які атрымала шмат гадоў таму падчас так званых “Духоўных практыкаванняў у штодзённым жыцці”.

Я распачала трэці перыяд практыкаванняў незадоўга да Вялікадня. Я малілася аб ласцы перажываць Муку Хрыста разам з Ім. У пачатку Вялікага тыдня мой бацька лёг у бальніцу дзеля нязначнай працэдуры, дзе выявілася, што ў яго рак лёгкіх і што яму спатрэбіцца неадкладная аперацыя. У цягніку з Нью-Ёрка ў Хартфард на світанні Вялікай пятніцы, поўная смутку і трывогі, я чытала апісанне Мукі і спрабавала апынуцца сярод журботных жанчын ля падножжа крыжа. Раптам я зразумела, што яны не ведаюць, чым скончылася гэта гісторыя. Наколькі ўсеабдымным было іх спусташэнне, калі яны нават не чакалі Уваскрасення! Надзвычай жыва я адчула, што адбывалася ў розумах і сэрцах спадарожнікаў Езуса, падзяліла іх перажыванні. У той жа час гэта быў вопыт надзеі, бо мы ведаем цяпер, чым заканчваецца гісторыя.

Але Святы Дух не скончыў са мной. Пасля доўгага перыяду распазнавання я паступіла ў праграму хрысціянскай духоўнасці ў Крэйтанскім універсітэце і спадзяюся атрымаць сертыфікат у галіне духоўнага кіраўніцтва. Маё падарожжа працягваецца. Спадзяюся, што ласка, якой Бог адарыў мяне, дапаможа мне суправаджаць іншых у маёй узроставай групе.

Духоўныя практыкаванні невычэрпныя. Хоць любы чалавек на любым этапе жыцця можа спазнаць багацце ласкі, разважаючы пра пакуты і ўваскрасенне нашага Пана, але ў сталым веку гэтыя таямніцы могуць стаць асаблівым суцяшэннем. Замест таго, каб азірацца на тое, што было страчана ці змарнавана, мы можам прасіць Бога аб ласцы – з надзеяй чакаць жыцця вечнага, памятаючы пра абяцанне Езуса, змешчанае ў Евангеллі паводле Яна: “Я зноў убачу вас, і ўзрадуецца сэрца вашае, і радасці вашай ніхто не адбярэ ў вас” (Ян 16, 22).

Барбара А. Лі

Крыніца: https://www.americamagazine.org/issue/aging-ignatius