Глыбіня – шматзначнае слова, шматвымернае. З той пары, як Сымон Пётр так паспяхова сплаваў “на глыбіню”, паслухаўшыся слова Езуса (Лк 5, 1-11), не бракуе тых, каго прыцягвае гэты вобраз даверу, адважнага руху ўдалеч і ўглыб – дзеля сустрэчы ў праўдзе з самім сабой і з Богам. Аднак там, дзе адзін выцягвае сетку, поўную багатага ўлову, іншы не знаходзіць нічога. Адплыў, здаецца, але нібы схібіў, не трапіў або забыўся закінуць тую сетку, загледзіўшыся ў сваё адлюстраванне ў вадзе.

Мы чуем сваё імя з вуснаў Настаўніка, але на якую глыбіню Ён кажа выплыць цяпер? На глыбіню чаго? Што, калі для кагосьці з нас – гэта глыбіня пяшчоты? Пяшчоты Бога да чалавека. Хіба гэта не адно з самых нязведанных падарожжаў “на глыбіню”? Вось, нейкае маленькае, усяго няпэўнае, недаверлівае “я” – перад морам Божай пяшчоты. І Езус кліча пакінуць бераг, каб даверыць сваё жыццё гэтым глыбіням. Няма гарантый, што заўсёды будзе спакой, спадарожны вецер, спраўны човен, светлы дзень ці зорная ноч. Глыбей – азначае быць унутры таго, што ахінае і пранізвае, азначае быць падхопленым хваляй пяшчоты, калі човен бяспекі развальваецца на часткі і не хапае сіл ні на што.

Сапраўды, гаворка пра пяшчоту Бога суправаджае нас у Касцёле цягам апошніх гадоў падчас пантыфікату Папы Францішка. Можна прывесці шмат цудоўных цытат, але словы застануцца словамі, калі ўнутры няма жадання паверыць ім, калі няма настойлівай прагі навучыцца даверліва ляжаць на далонях Ягонай пяшчоты, дыхаць пад вадой, паўтараючы Ягонае імя, спускацца ў цёмныя глыбіні, дзе губляюцца словы і нарэшце пануе ціша і Прысутнасць.

Вядома, метафары не заменяць рэальнасці і патрэбы ва ўважлівасці. Штодня нам ёсць у чым паскардзіцца, і ў журбоце хаваюцца свае глыбіні, якія таксама не трэба пакідаць без малітоўнай увагі. Аднак, абіраючы ўвагу да Божай пяшчоты, я буду адсочваць моманты, калі яна выявілася ўчора, і спрабаваць не прамінуць тое, што Ён падрыхтаваў на сёння. Буду прасіць, каб мне хапіла ўважлівасці да колераў неба на світанні, да водару свежаспечанага хлеба, да чагосьці новага, да Ягонай лагоднай прапановы прабачыць сабе, да магчымасці дапамагчы камусьці, да цеплыні абдымкаў, хоць бы праз мэсэнджары, да праўды, праз якую Ён не руйнуе, але далікатна (пакуль ёсць час) паказвае мне рэальнасць такой, якая яна ёсць.

Ці пакрысе, усведамляючы гэтую невыказную глыбіню Бога, я пачну распавядаць Яму сваю ўласную глыбіню: самоты, цемры, горычы? Ці навучуся ўрэшце слухаць Яго без асцярогі пачуць “штосьці непрыемнае”, бо перастану блытаць Ягоны голас са сваімі ілюзіямі? Немагчыма адказаць на гэтыя пытанні, не адплыўшы ад берага. Варта яшчэ раз прыгледзецца да Сымона Пятра ў тым ягоным руху паслухмянасці. Па сутнасці, што ён тады мог і ўмеў, акрамя як кіраваць сваім чаўном ды закідваць сеткі? Гэта з ім засталося аж да апошніх дзён, і гэта выкарыстаў Езус, каб яго самога злавіць, як рыбку, і ўтрымаць пры Сабе. Дык на якія ж глыбіні кліча сёння Езус цябе і мяне?

Тэрэса Клімовіч