Святы Ігнацый Лаёла задумаў штодзённы рахунак сумлення (Examen) як вельмі даступную малітву, якой можна маліцца ў любы час, праглядаючы сваё нядаўняе мінулае, каб знайсці Бога і Ягоныя ласкі ва ўсім, што адбываецца. Святы Ігнацый сказаў бы, што такі «іспыт» мае стаць самым важным момантам дня, паколькі можа змяніць любы іншы, наступны, момант жыцця і накіраваць нас да Бога, нашай адзінай і канчатковай мэты. 

Святы Ігнацый быў не толькі заснавальнікам ордэна езуітаў, але таксама духоўным настаўнікам і вялікім містыкам. Ён быў моцна перакананы, што малітоўнае практыкаванне, якое ён назваў «экзаменам» (а мы цяпер называем рахункам, іспытам, праглядам)  — мае стаць найбольш важнай чвэрцю гадзіны за ўвесь дзень  — і штодня. Чаму? Айцец-езуіт Марк Цібадо, які напісаў кнігу пра ігнацыянскі рахунак сумлення і разнастайнасць тэматыкі, якую можа закранаць гэтае духоўнае практыкаванне, тлумачыць ягоную важнасць так. «Святы Павел заклікае нас «маліцца няспынна» (1 Тэс 5, 17). Я спазнаў, што чым больш я набліжаюся да Хрыста, тым мацней хачу быць з Ім пастаянна, заўсёды. Гэта не азначае, што я хачу ўвесь час стаяць на каленях у святыні ці сядзець у сваім крэсле, якім карыстаюся падчас малітвы. Мне даспадобы вір майго жыцця, звычайная чалавечая актыўнасць. Я прагну, каб Хрыстус прымаў удзел ва ўсіх маіх прыгодах, кожную хвіліну кожнага дня. Вера кажа мне, што Бог  — паўсюль і заўжды, незалежна ад таго, усведамляю я гэта ці не. Але я хачу заўважаць! Адчуваць Яго прысутнасць, дзяліць з Ім найменшыя дробязі жыцця, радасці і глупствы, прыгажосць моманту і свае правалы…» Вось чаму гэтая малітва такая важная і дзейсная.

Ігнацыянскі рахунак сумлення часта блытаюць з рахункам сумлення перад споведдзю. Яны падобныя ў тым, што абодва вядуць чалавека праз угляданне ў сваё жыццё. Аднак гэтыя малітоўныя практыкаванні маюць розныя мэты. Рахунак сумлення перад споведдзю рыхтуе чалавека да вызнання грахоў і жалю, просьбы да Бога аб прабачэнні. Іншымі словамі, мы ў ім прысвячаем час прагляду сваіх грахоўных паводзінаў у мінулым. А ігнацыянскі рахунак сумлення або прагляд свядомасці  — хоць і мае ў сабе разважанні пра грахі і просьбу аб прабачэнні, але ўсё ж ахоплівае нашмат больш аспектаў: ён яднае нас з Богам, дае новы ракурс падзеям, натхняе праслаўляць Бога, адкрывае праўду і пра грэх, і пра Божую міласэрнасць і любоў, вучыць адрозніваць добрыя натхненні ад злых, вучыць знаходзіць сапраўдныя матывы сваіх паводзінаў, бачыць лепшыя варыянты будучыні. Спіс можна працягваць вельмі доўга. Аднак намнога карысней практыкаваць, чым слухаць пра гэтую малітву. Дазвольце сёння, у якасці ўводзінаў, даць некалькі добрых парадаў. 

  1. Першая датычыць часу. Неабавязкова гэта мае быць вечар. Магчыма, раніца ці абедзенны перапынак  — больш зручны для вас час. Святы Ігнацый раіць прысвячаць прагляду не больш 15-ці хвілін. Можна ставіць будзільнік або таймер, каб абмежаваць сябе «прымусова». Ігнацыянскі рахунак сумлення не мае на мэце глыбокага і напружанага выпрабавання. Ён задуманы як своечасовая кароткая праверка «курсу», якім мы рухаемся, каб нагадаць сабе пра Божую прысутнасць, і магчы лепш адгукацца на Яго заклік. Інакш кажучы, гэта хуткі пагляд, каб вызначыць праблему, дзеля пазнейшага заглыблення і выпраўлення ў больш працяглай малітве ў іншых духоўных практыкаваннях. Аднак, гэта не азначае, што падчас такога рахунку сумлення не адбываецца нічога важнага.
  2. Другая парада  — спрабуйце рабіць рахунак самастойна, беручы аўдыёзапісы і тэксты толькі як прыклад, добрую параду  — а не схему, якую нельга парушыць. Часам у сэрцы пануе ўдзячнасць, радасць, часам  — сум, бязраднасць, роспач. Часам нам неабходна проста пабыць у Божай прысутнасці, давяраючы Яму свой стан або складаную справу, заўтрашнюю цяжкую размову… Адпаведна свайму стану нам варта затрымацца ў тых пунктах, якія больш закранаюць сэрца. 
  3. Запісы ў духоўным дзённіку. Неабавязкова натаваць усё. Можна абмежавацца двума-трыма словамі, якія будуць адлюстроўваць сутнасць досведу. Запісы прыносяць патройную карысць:

1) Ведаючы, што ў канцы рахунку збіраюся нешта запісаць, я буду больш засяроджана яго рабіць, не дазваляючы свайму розуму занадта аддаляцца ад «тэмы». 

2) Запісваючы некаторыя балючыя або раней неўсвядомленыя рэчы, я выношу іх на святло і ўжо не змагу працягваць далей ігнараваць іх. Ігнацыянскі рахунак сумлення дапамагае мне сустрэцца з рэальнасцю, з праўдай пра сябе і  — дзякуючы Божай любові  — прыняць яе. І пачуць тое, што Бог хоча з гэтым зрабіць.

3) У рэтраспектыве можна адсачыць, дзе апошнім часам знаходзяцца мае думкі, у якім накірунку рухаецца духоўнае жыццё, ад чаго Бог выбаўляе мяне, на што звяртае ўвагу, чым адорвае… Можна час ад часу рабіць прагляд тыдня, месяца, літургічнага перыяду (Вялікага посту, напрыклад)…

4. Надзвычай важна, каб гэтыя 15 хвілін былі часам малітвы. Паколькі Прагляд дня мае акрэсленую форму, то існуе небяспека, што ён можа ператварыцца з малітвы ў звычайнае практыкаванне для розуму. На самай справе: калі штодня некалькі хвілін проста прысвячаць ацэнцы таго, як прайшоў дзень, узважваючы добрыя і кепскія моманты, цяжкасці і магчымасці,  — гэта будзе вельмі разумным і плённым укладаннем часу. Любы дапаможнік па самаразвіцці ці кіраванні бізнэсам раскажа вам тое ж самае.

Аднак  — каб гэтая чвэрць гадзіны стала ігнацыянскім праглядам сумлення, трэба каб яна сталася сапраўднай малітвай, а гэта значыць, каб у цэнтры яе быў Бог. 

У цэлым, больш дакладна будзе сказаць, што не я праглядаю свой дзень, а настойліва прашу Бога паказаць мне гэты дзень, як Ён яго бачыць. Я імкнуся бачыць падзеі і сябе  — Ягонымі вачыма. Сябра айца Цібадо, аўтара кнігі, якой мы будзем карыстацца, распавядаў яму, што часам просіць Бога: «Пане, Ты рабі Прагляд майго дня, а я пагляджу!» і калі ён дазваляе Богу кіраваць малітвай, адкрываюцца рэчы, да якіх ён не дайшоў бы сам.

 Таксама, калі гэта час малітвы, то я размаўляю з Богам, а не з сабой. Замест таго, каб казаць: «Вось, заўтра я хачу папрацаваць над гэтым і гэтым», я звяртаюся да Бога: «Пане, прашу Цябе, дапамажы мне заўтра плённа папрацаваць над гэтым і гэтым». 

Найважнейшы элемент ігнацыянскага рахунку сумлення  — слуханне. Я слухаю Божы голас, унутраным зрокам шукаю Бога, Ягонае аблічча, Ягоныя сляды. Што Ён хоча мне сказаць? Як Ён глядзіць на мяне? Хоча выслухаць, абняць? Магчыма, папярэдзіць? Або Ён  — маўчыць і нібы трымаецца здалёк? Гэта важнае пытанне, бо маўчанне Бога можа выглядаць, адчувацца як Яго аддаленасць. Але нашая вера кажа нам, што Бог заўсёды блізка да нас, Ён жыве ў кожным імгненні і ў кожнай малекуле нашага існавання. Ведаючы гэта, не трэба палохацца, што мы не маем адчування Ягонай прысутнасці. Што ад нас залежыць  — гэта проста быць скіраванымі да Яго. Важна не пачуць, а мець адкрытае сэрца, гатовае слухаць – на той выпадак, калі Ён пажадае штосьці сказаць. Менавіта ўслухоўванне ў Божы голас, скіроўвае нас на Яго, незалежна, ці прамаўляе Ён сёння ці маўчыць. 

Гэта была апошняя парада. Застаецца толькі папярэдзіць, што цягам наступных шасці тыдняў нас чакаюць 6 так званых тэматычных ігнацыянскіх рахункаў сумлення, якія прапануе а. Марк Цібадо. Усе яны базуюцца на традыцыйным «экзамене», які рэкамендаваў святы Ігнацый Лаёла. Таму зараз я коратка нагадаю 5 крокаў, з якіх ён складаецца. Сцісла можна акрэсліць іх так: смакаванне дабра, просьба да Духа Святога, прагляд дня, пакаянне за правіны, пастанова наконт лепшага заўтра. Па сутнасці, у кожным пункце гучыць просьба да Бога: «пакажы мне, Пане»  — дары, памылкі, магчымасці… Варта памятаць, што любое маё пазнанне  — вялікі дар Ягонай ласкі.

Першы крок. Гляджу на Божыя ласкі і благаслаўленні і дзякую, праслаўляю, смакую дабрыню Пана.

Другі крок. Прашу дапамогі Духа, каб убачыць дзень вачыма Бога, распазнаць праўду пра сябе і прыняць яе. Без Божай дапамогі я не здолею рэалістычна паглядзець на свае цёмныя бакі  — рэалістычна, гэта значыць, з перспектывы Божай міласэрнай любові. Таму прашу Бога напоўніць мяне Ягоным Духам. Прашу кіраваць і натхняць маю малітву, і не дазваляць мне ўпадаць у бясконцыя разважанні пра тое, што мне ў сабе не падабаецца. 

Трэці крок. Затым, праходзячы гадзіну па гадзіне, праглядаю пражыты дзень. Значныя моманты дня ажываюць ва ўяўленні, і я затрымліваюся на іх; паўз нязначных падзей праходжу мімаходзь.

Чацвёрты крок. Шкадую за правіны. Спыняюся коратка на цяжкіх момантах дня  — калі ўва мне ўзнікла дрэнная думка, калі вылецела крыўднае слова, калі быў зроблены дрэнны ўчынак, да якога адчуваю цяпер агіду і жаль. Прашу Бога таксама паказаць мне страчаныя магчымасці ў выніку майго занядбання. У кожным выпадку прашу прабачэння. І раблю паўзу, каб адчуць Ягоную гаючую міласэрнасць, якой Ён прагне ахінуць мяне, каб ачысціць і аздаравіць.

Пяты крок. З тым усім, што выявілася падчас малітвы, прашу Бога паказаць, у чым канкрэтна Ён бачыць для мяне заўтра лепшыя спосабы паводзін, рэакцый, вырашэнняў… І  — што больш важна  — якім чалавекам Ён заклікае мяне быць заўтра? Пастаналяю быць такім чалавекам, стараюся вызначыць нейкі маленькі, але канкрэтны крок у гэтым кірунку. Прашу Божай дапамогі і завяршаю малітву.

Такім чынам, далей штотыдзень будуць з’яўляцца чарговыя тэматычныя рахункі сумлення, прычым аўдыё-версія кожнага з іх дапаможа менавіта зрабіць яго асабіста, як заахвочвае а. Марк Цібадо SJ, аўтар кнігі «Reimagining the Ignatian Examen» («Пераасэнсаванне ігнацыянскага рахунку сумлення»), якая стала вельмі папулярнай. На матэрыялы гэтай кнігі мы і будзем абапірацца. Пераклала, апрацавала і агучыла тэксты Тэрэса Клімовіч. Запіс і відэа: кс. Аляксандр Улас – Catholic.by.