31 кастрычніка Каталіцкі Касцёл узгадвае св. Альфонса Радрыгеса (1531 1617), члена Таварыства Езуса. Жыццё і творы Альфонса Радрыгеса зрабілі яго вялікім духоўным настаўнікам, але да гэтага яму давялося перажыць балючую страту сямейнай справы, а таксама жонкі і дзяцей.

Альфонс нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і ткачоў. Яго бацька меў уласную краму тканін на маленькай плошчы ў Сеговіі. Калі Альфонс пасталеў, сямейны бізнэс пайшоў на спад, і Донна Марыя, яго маці, звярнулася да распаўсюджанага тады сродку рашэння праблем: жаніла яго на багатай дзяўчыне Марыі Суарэс. Вельмі хутка ў маладых з’явіліся дзеці: дзяўчынка і два хлопчыкі.

Фінансавае становішча сям’і Радрыгес усё пагаршалася. Неўзабаве на Альфонса пасыпаліся іншыя няшчасці: адзін па адным памері сын, дачка і жонка. Альфонс шукаў суцяшэнне ў веры. Ён вырашыў пакінуць гандаль і вярнуўся да маці і братоў. Крыху пазней маленькі сын і маці пакінулі гэты свет. У той цяжкі час яму прысніўся сон-бачанне, які ўказаў яму на тое, што ён павінен уступіць у Таварыства Езуса. Альфонс быў знаёмы з езуітамі. Яго бацькі гасцінна сустрэлі першых езуітаў, якія прыбылі ў Сеговію.

Радрыгес папрасіў аб уступленні ў Таварыства, але езуіты прыйшлі да высновы, што яго ўзрост (трыццаць восем гадоў) і слабое здароўе не дазволяць яму атрымаць адукацыю, каб стаць святаром. 31 студзеня 1571 года Альфонс паступіў у навіцыят Таварыства Езуса. У навіцыяце яму даручылі гаспадарчую працу.

Бог правёў гэтага святога праз многія выпрабаванні. Варта было Альфонсу ўкленчыць для ранішняга разважання, як яго адольваў такі непакой, што ён у бяссіллі падаў на падлогу. Аднак ён не пакідаў малітвы, а затым, сабраўшыся з сіламі ішоў на сваё штодзённае служэнне. Так працягвалася восем ці дзесяць гадоў.

У 1580 годзе яго прызначылі на клапатлівую пасаду брамніка. Ён праслужыць на гэтай пасадзе трыццаць сем гадоў, і ні разу не дазволіць сабе ніводнага раздражнёнага жэсту ці слова. Яго мяккая ўсмешка абяззбройвала любы гнеў, уціхамірвала любы, нават самы запальчывы, нораў.

Альфонс Радрыгес выпрацаваў уласныя нормы паводзін пры выкананні службовых абавязкаў. Як толькі звінеў званок, ён узносіў сэрца да Бога і казаў Яму: “Пане, я павінен адчыніць дзверы Табе дзеля любові да Цябе”. І толькі потым ішоў адчыняць. Акрамя таго, ён прытрымліваўся наступнага правіла: “Калі цябе пасылаюць з весткай, выконвай даручэнне так, нібы гэта Бог, а не чалавек, пасылае цябе”.

Чалавечнасць і дабрыня дазвалялі яму лёгка знаходзіць агульную мову з наведвальнікамі, таму адразу завязваліся  духоўныя гутаркі. Так ён пачаў праводзіць афіцыйныя духоўныя сустрэчы з членамі марыйных кангрэгацый. Галоўнымі тэмамі гутарак былі споведзь, ружанец і частая камунія. Радрыгес любіў катэхізаваць жабракоў і валацуг.

Сціпламу брамніку Бог даў вучня, які праславіць яго як вялікага настаўніка, – Пятра Клявэра. Аднойчы ўжо сямідзесяціпяцігадовы Альфонс сустрэўся з дваццаціпяцігадовым юнаком, якому ён пастараўся перадаць свае ідэалы. Напрыклад, адзін раз, св.Альфонс сказаў Клявэру: “Мноства авантурыстаў перасякаюць моры дзеля гандлю, натхнёныя толькі зямнымі інтарэсамі. Ці можаш ты дапусціць, каб людзі свету былі больш дбайныя ў набыцці тавараў і марных дабротаў, чым слугі Хрыста ў выратаванні душ, за якія Сын Божы заплаціў такі дарагі кошт?” Клавер запомніў гэтыя ўрокі назаўжды, і тры гады, праведзеныя на Мальёрцы, былі лепшымі яго ў жыцці.

У апошнія гады перад смерцю Радрыгес шмат пакутаваў, але лічыў гэта заслужаным пакараннем за свае грахі і прасіў у Бога яшчэ большага крыжа. Па начах ён цярпеў ад нязноснага болю, да якога дадаваліся і рознага роду сумневы. Але адной ноччу Альфонсу з’явіўся яго ўмілаваны Пан і ўладным голасам загадаў нячыстым духам пакінуць пакутніка ў спакоі. З таго часу Альфонс выздаравеў: і фізічна, і душэўна.

У 1617 годзе яго хваробы абвастрыліся: зноў аднавіліся (з яшчэ большай сілай) болі ў нырках і жоўцевым пузыры, гарачка і інш. Да таго ж, ён страціў памяць.

У красавіку 1617 года Алонса меў бачанне Езуса і Марыі, ахопленых ззяннем, якія пяшчотна суцяшалі яго, абяцаючы быць побач і дапамагаць яму. У наступны тыдзень ён амаль не прыходзіў у прытомнасць. Каля паўночы 30 кастрычніка ён апрытомнеў і пачаў шаптаць: “Езус, Езус, о, Езус, мой Езус!” Затым акінуў любячым позіркам усю супольнасць, якая сабралася каля яго ложка, пацалаваў крыж, які трымаў у руках, і з імем Езуса на вуснах адышоў да Пана.

Кананізаваны ў 1888 годзе Папам Львом XIII.