Гамілія на І Нядзелю Вялікага посту, Год С

Чытанне святога Евангелля паводле Лукі

Езус, напoўнены Духaм Святым, вярнуўся з-над Ярдaну, i Дух вывеў Яго ў пустыню, дзе на працягу сарака дзён д’ябал выпрабоўваў Яго. I нiчoгa не еў у тыя днi, a кaлі яны скoнчыліся, згаладаўся. I скaзaў Яму д’ябaл: Кaлі Ты Сын Бoжы, скaжы гэтaму кaменю, кaб ён стaў хлебaм. I aдкaзaў яму Езус: Нaпiсaнa: не хлебaм aдным будзе жыць чaлaвек.

Тады д’ябал павёў Яго і пaкaзaў у імгненне ўсе валадарствы свету. І скaзaў Яму: Я дaм Тaбе ўсю гэтую ўлaду i славу iх, бo яна мне перададзена, i кaму хaчу, даю яе. Кaлі Ты пaклoнiшся мне, усё будзе Твaё. У адказ Езус скaзaў яму: Нaпiсaнa: Пaну Бoгу твaйму будзеш пакланяцца i Яму aднaму будзеш служыць.

Тады зaвёў Ягo ў Ерузaлем i пaстaвiў нa версе святынi, i скaзaў Яму: Кaлі Ты Сын Бoжы, кiнься aдгэтуль унiз. Бo нaпiсaнa: Анёлaм свaiм зaгaдaе наконт Цябе, кaб ахоўвалі Цябе, — i: яны нa рукaх пaнясуць Цябе, кaб Ты часам не спатыкнуўся aб кaмень сваёй нaгою.

Езус скaзaў яму ў адказ: Скaзaнa: не будзеш выпрабоўваць Пaнa Бoгa твайго.

I скoнчыўшы ўсе выпрабаванні, д’ябaл aдступіў aд Ягo дa пары.

Лк 4, 1–13

Пустыня

У першую нядзелю Вялікага посту мы кожны раз сузіраем Езуса, які праходзіць праз свой саракадзённы «Вялікі пост» адразу пасля хросту, перад тым, як распачаць сваю публічную дзейнасць у Ізраэлі. Езуса, «напоўненага Духам Святым», вядзе ў пустыню менавіта Дух, як падкрэслівае евангеліст Лука.

Гэты перыяд неабходны для Сына Чалавечага, каб Ён быў цалкам гатовы да той місіі, якую прыйшоў споўніць. «Сыне, калі збіраешся служыць Пану, падрыхтуй сваю душу да выпрабавання», — кажа Пісанне (пар. Сір 2, 1), і гэтыя словы датычаць і Езуса, і кожнага з нас. Варта затрымацца над гэтай праўдай, прасякнуцца ёю: нашага Настаўніка можа спакушаць д’ябал: падобна, як і нас. Такім чынам уцелаўлёны Сын Божы становіцца вельмі блізкі да нашай уразлівасці, да нашых змаганняў з хлуснёй, якую падсоўвае нам спакусіцель. Езус, намашчаны Духам Святым, дае прыклад, як дзякуючы выпрабаванню стаць мацнейшымі.

Падчас Вялікага посту Касцёл дапамагае нам стварыць своеасаблівую «пустыню» ў нашым жыцці, каб перажыць досвед Духа, падобны да сутыкнення Езуса са спакусамі д’ябла, а таксама досвед народа Ізраэля, які быў выпрабаваны ў пустыні на шляху з няволі да жыцця ў свабодзе на Зямлі Абяцанай.

У гэтым годзе, паводле закліку Папы Францішка, мы распачалі саракадзённую падрыхтоўку да святкавання Мукі і Уваскрасення Хрыста ў духу салідарнасці з нашымі дарагімі братамі ўкраінцамі, якія пакутуюць ад жаху вайны. Сённяшнія абставіны прымушаюць нас у вельмі асаблівай атмасферы ўвайсці ў гэты перыяд узмоцненай малітвы, посту і міласціны, заклікаючы менавіта да духоўнай і матэрыяльнай салідарнасці. Дыялог з Богам, асабісты і ў супольнасці Касцёла, — прастора для захавання веры і надзеі, а таксама для ўзрастання ў любові праз гарачыя просьбы да Нябеснага Айца за тых, хто стаў ахвярай ці закладнікам трагічных падзей, згодна з той праўдай, што «калі церпіць адзін член [Цела Хрыстовага], церпяць з ім усе члены» (1 Кар 12, 26). Праз адмову ад таго, што звычайна прыносіць задавальненне і радасць, мы духоўна яднаемся з тымі, хто сёння пазбаўлены неабходнага, адначасова прымаючы рашэнне перад Богам, якімі канкрэтнымі жэстамі міласэрнасці праявім нашу дзейсную любоў да патрабуючых.

Напады злога

Мэта д’ябла — аддзяліць чалавека ад Бога і таксама давесці да канфлікту з бліжнім (διάβολος па-грэцку значыць «той, хто раздзяляе»).

Яго стратэгія — хлусня, замаскаваная пад праўду нібыта ў найлепшых інтарэсах таго, да каго ён звяртаецца, у той час, як разбуральныя наступствы яго «прапановы» старанна схаваныя.

Гэты спосаб дзеяння відавочны ўжо ў першай спакусе, калі змей звяртаецца да Евы, запэўніваючы, што плод з дрэва пазнання дабра і зла не заб’е людзей, а зробіць іх роўнымі Богу. Такую ж стратэгію выкарыстоўвае д’ябал, спакушаючы Езуса: прапануе Яму «дабро» пад выглядам хлеба (для сябе, але ў перспектыве для ўсіх галодных! — пры гэтым робячы іх марыянеткамі), пад выглядам улады — то бок магчымасці кіравання ўсімі зямнымі валадарствамі (з «дробнай» клаўзулай, што пры гэтым Езус будзе кланяцца айцу ўсялякага разладу) і пад выглядам «даверу» да Бога, які напэўна не дазволіць свайму Сыну разбіцца аб камяні (насамрэч прапануючы «выпрабаваць» Бога на вернасць). Пры гэтым спакусіцель спасылаецца на праўду («Ты — Сын Божы!») і вельмі «пабожна» цытуе Святое Пісанне — словы самога Бога!

Але за такой «тэалогіяй» хаваецца вобраз адносінаў з Богам як капрызнай гульні з боку чалавека: у першую чаргу мае патрэбы — матэрыяльныя, эмацыйныя — і мае амбіцыі павінны быць задаволеныя, «а далей паглядзім» (і найчасцей знойдуцца новыя патрабаванні і амбіцыі, як у казцы пра залатую рыбку). Ёсць тонкая, але істотная розніца паміж тым, каб прызнаваць, што ад усемагутнага Бога паходзіць усялякае дабро і ўлада (і што такім чынам чалавек абсалютна ва ўсім залежыць ад Стварыцеля), і жаданнем, каб Бог быў сродкам задавальнення маіх патрэбаў — так, як мне ўяўляецца і хочацца.

Чалавечая ўразлівасць і залежнасць — тое слабое месца, у якое «б’е» злы дух, маніпулюючы асобай праз страх аказацца без неабходнага для жыцця і вымушаючы сканцэнтраваць усю ўвагу на сваім інтарэсе.

А эгаістычная засяроджанасць на прыватных інтарэсах, як неаднакротна казаў у апошнія дні Папа Францішак, каментуючы трагічныя падзеі ва Украіне, прыводзіць да пакутаў іншых: «Той, хто вядзе вайну, <…> не думае пра людзей <…>, але ставіць на першае месца прыватныя інтарэсы і ўладу, давяраецца д’ябальскай і скажонай логіцы зброі, якая з’яўляецца найбольш далёкай ад Божай волі».

Уразлівасць і крохкасць

Аднак уразлівасць і крохкасць чалавечага існавання не абавязкова павінны станавіцца месцам аддалення ад Бога і канфлікту з бліжнім: наадварот, менавіта ў сваёй слабасці і беднасці чалавек адкрывае прастору для даверу Богу.

На прыкладзе Ізраэля ў пустыні мы бачым, як зноў і зноў ва ўсіх іхніх патрэбах Пан хацеў, каб народ навучыўся давяраць Яму, навучыўся не ставіць свае жаданні і чаканні вышэй за веру ў тое, што Бог не пакіне сваіх выбраных. Ізраэль ужо бачыў дастаткова доказаў вернасці Пана: як мы сёння чуем у першым чытанні, каб не забываць пра ўсе Божыя ласкі на працягу гісторыі адносінаў з выбраным народам, кожны ізраэльцянін павінен быў прыносіць першыя плады зямлі, успамінаючы перад Богам усе Ягоныя цуды дзеля вызвалення сваіх дзяцей і ўсе іншыя дары.

Езус у адказ на ўсе д’ябальскія спакусы звяртаецца да словаў Запавету паміж Ягвэ і Ізраэлем: слова Божае, у якім заключана абяцанне Пана і «рэцэпт» для захавання свабоды і годнасці, — вось сродак, які дазваляе пераадолець любую спакусу.

Канечне, гаворка не пра нейкія магічныя формулы, а пра акт веры-даверу Пану, які мы здзяйсняем, прымаючы і вызнаючы як праўду тое, што паабяцаў Бог.

Пра гэта кажа святы Павел, нагадваючы, што «блізка да цябе слова, на вуснах тваіх і ў сэрцы тваім» — слова збаўлення, якое вызнае Езуса Панам. Абвяшчаючы Езуса нашым Збаўцам, мы прызнаемся ў нашай радыкальнай несамадастатковасці, у нашай патрэбе ў Божай дапамозе, каб быць уратаванымі ад д’ябальскіх сетак — і менавіта такім чынам знаходзім свабоду, становімся пераможцамі над злом і смерцю разам з Тым, хто палюбіў нас да канца.

Евангеліст Лука кажа, што пасля спакусаў у пустыні «д’ябал адступіў ад Яго да пары́». Сатана вернецца, каб выпрабоўваць Езуса зноў перад абліччам пакутаў і ганебнай смерці — у Аліўным садзе і на Галгоце.

Цярпенне — яшчэ адно месца, дзе радыкальна ставіцца пад пытанне наша вера ў дабрыню Бога, але менавіта праз тое, што наш Збаўца зыходзіць у адхлань болю, прыніжэння і пакінутасці, напаўняючы яе сваёй ахвярнай любоўю, Ён здольны прынесці святло надзеі ў найгоршыя абставіны чалавечай рэчаіснасці, бо Ён перамог і гэтую спакусу — спакусу зняверыцца перад абліччам насілля — і так дасягнуў хвалы ўваскрасення.

Няхай наш Пан і Збаўца сваім Духам узмоцніць у нас веру ў Яго, забітага і Уваскрослага, і зробіць нас саўдзельнікамі перамогі над любой спакусай і злом. Амэн.

Віктар Жук SJ