12 сакавіка 2022г. Касцёл адзначае незвычайны юбілей: 400 год таму, 12 сакавіка 1622 г., Папа Грыгорый XV кананізаваў адразу чатырох вялікіх святых XVІ стагоддзя:  Ігнацыя Лаёлу, Францішка Ксаверыя, Тэрэзу Авільскую і Філіпа Нэры, а таксама Ізыдора Мадрыдскага, які жыў у ХІ-ХІІ ст. Першыя двое ў гэтым спісе – Ігнацый і Францішак – належалі да групы заснавальнікаў Таварыства Езуса (ордэна езуітаў). Яны пазнаёміліся падчас вучобы ў Парыжы, і Ігнацыю спатрэбілася нямала цярплівасці, каб пераадолець супраціў Францішка і схіліць да святых справаў маладога клерыка, які марыў аб “цёплым месцейку” ў касцёльнай іерархіі, а не аб подзвігах святасці. Ігнацый пераканаў Ксаверыя, паўтараючы яму зноў і зноў словы Езуса: “Якая карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а душы сваёй пашкодзіць?” (Мц 16, 26) Дзякуючы намаганням Ігнацыя, Францішак, які пражыў толькі 46 гадоў, стаў адным з найбольш вялікіх місіянераў Касцёла ўсіх часоў.

Ігнацый шмат гадоў жыў як пілігрым, але большую частку свайго святарскага жыцця правёў у невялікім пакойчыку ў Рыме, кіраваў толькі што заснаваным Таварыствам. Францішак Ксаверый, адзін з самых вядомых місіянераў Таварыства, большую частку свайго езуіцкага жыцця вандраваў па Азіі, прапаведуючы і хрысцячы людзей.

У гэты дзень Папа Францішак узначаліць урачыстую Літургію ў дзень 400-годдзя кананізацыі святых Ігнацыя Лаёлы і святога Францішка Ксаверыя. Юбілейная Імша будзе цэлебравацца ў касцёле  Il Gesù ў Рыме. Анлайн трансляцыя – ignatius500.global/live/