Гамілія на І Нядзелю Адвэнту, Год С

Чытанне святога Евангелля паводле Лукі

Езус сказаў сваім вучням: Будуць знакі на сонцы і месяцы, і зорках, а на зямлі — спалох народаў і замяшанне ад гулу марскога хвалявання. Людзі будуць млець ад страху і ад чакання таго, што прыйдзе на свет, бо захістаюцца моцы нябесныя. І тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці ў воблаку з моцаю і славаю вялікай. Калі ж гэта пачне адбывацца, тады выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца адкупленне вашае.

Зважайце ж на сябе, каб сэрцы вашыя не былі абцяжараныя пахмеллем і п’янствам, і жыццёвымі клопатамі, і каб дзень той не застаў вас неспадзявана, як пастка. Бо ён прыйдзе на ўсіх, хто жыве на паверхні ўсёй зямлі. Дык чувайце ўвесь час і маліцеся, каб вы маглі пазбегнуць усяго таго, што павінна адбыцца, і стаць перад Сынам Чалавечым.

Лк 21, 25–28. 34–36

Адвэнт — падрыхтоўка да сустрэчы з Панам, які прыходзіць

У гэту першую нядзелю Адвэнту ў Літургіі Слова мы зноў (як два тыдні таму) чуем апісанне «апошніх часоў» з вуснаў Езуса. Сярод прыродных катаклізмаў і трагічных падзей гісторыі Пан зноў абвяшчае пасланне надзеі: «убачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці ў воблаку з моцаю і славаю вялікай <…> тады выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца адкупленне вашае».

Апакаліптычныя вобразы кантрастуюць з тым, з чым Адвэнт звычайна асацыюецца ў нашай рэлігійнай свядомасці: з падрыхтоўкай да святкавання прыйсця Сына Божага ў наш свет у постаці чалавека. Такая падрыхтоўка сапраўды з’яўляецца адной з мэтаў распачатага сёння літургічнага перыяду, і яна становіцца ўсё больш відавочнай па меры набліжэння 25 снежня. Але ў першай частцы Адвэнту Касцёл звяртае нашу ўвагу менавіта на другое прыйсце Пана — на той момант, калі Пан «зноў прыйдзе ў хвале судзіць жывых і памерлых», як мы вызнаем у малітве «Веру».

Хрыстус — Сын Божы і Сын Чалавечы ў адной асобе — вернецца не дзеля таго, каб знішчыць гэты свет, а каб перамяніць яго і канчаткова зрабіць Божым Валадарствам.

У сённяшнім другім чытанні чуем ад святога Паўла ўдакладненне наконт таго, як адбудзецца прыйсце Пана: «з усімі Ягонымі святымі» — усімі тымі, хто ў зямным жыцці захаваў вернасць Богу і сваёй тоеснасці як Божага сына ці дачкі.

Асабліва падчас Адвэнту варта часцей усведамляць, што асабісты жыццёвы шлях кожнага з нас — гэта частка вялікай гісторыі збаўлення, а падтрымкай на нашым шляху з’яўляюцца шматлікія прыклады і заступніцтва Божых святых — у тым ліку «святых па суседству», як акрэслівае Папа Францішак тых, хто ў звычайных штодзённых абставінах жыве Хрыстовым Евангеллем.

Чуваць — быць засяроджанымі на галоўным

Такім чынам, Адвэнт — перыяд асаблівай ласкі, калі мы не толькі рыхтуемся да святкавання прыйсця Божага Сына ў наш свет у чалавечай постаці, але і нагадваем сабе, што ўсё нашае жыццё імкнецца да сустрэчы з Ім, калі ўбачым Яго ў хвале.

Адначасова Адвэнт — гэта запрашэнне ўсвядоміць, як Пан прыходзіць, наведвае нас штодзённа сваёй прысутнасцю, нябачнай звычайным зрокам.

Бог ужо ўвайшоў у гісторыю гэтага свету і ў нашу асабістую гісторыю, але перад намі кожны дзень адкрываецца магчымасць, каб Ён яшчэ глыбей увайшоў у нашае існаванне.

Езус у Евангеллі перасцярагае ад таго, што адцягвае нас, робіць няздольнымі сустрэцца з Богам: свавольнае жыццё, п’янства і жыццёвыя клопаты. Кожнаму з нас варта зрабіць высілак і канкрэтным чынам прымяніць словы Езуса да сябе: шчыра паглядзець на тое, што перашкаджае мне асабіста быць засяроджаным на галоўным, памятаць пра Божую прысутнасць. (Шмат каму з нас, напрыклад, напэўна трэба ацаніць спосаб карыстання гаджэтамі, смартфонамі…).

Перыяд чакання прыйсця Пана — адпаведны час, каб імкнуцца вызваліцца, з дапамогай Божай ласкі, ад гэтых перашкодаў.

Таму традыцыйна Адвэнт — гэта таксама час, калі мы бяром на сябе пастановы адмовіцца ад тых другасных рэчаў, якія паглынаюць занадта шмат часу, увагі і энергіі, адцягваючы ад галоўнага — ад засяроджанасці на Пану.

«Чувайце і маліцеся», кажа Езус, і няхай у нас будзе жаданне сур’ёзна аднесціся да гэтага запрашэння нашага Настаўніка і Пана. Адвэнт — гэта не перыяд посту, але аскезы — так («аскеза» з грэчаскай мовы перакладаецца як «практыкаванне»). Мы маем патрэбу ў духоўных практыкаваннях — падобна таму, як наша цела павінна мець фізічную нагрузку, а інтэлектуальныя здольнасці таксама патрабуюць практыкі.

Малітва — практыкаванне жадання Бога

«Чувайце і маліцеся»: малітва — вось сфера, у якой, напэўна, для кожнага з нас ёсць прастора для росту. Пачаць трэба заўсёды з пытання пра тое, ці ў нашай штодзённасці мы вылучаем дастаткова часу на камунікацыю з Богам, і ці гэта «якасны» час, то бок ці знаходзімся ў добрай форме, каб быць засяроджанымі.

Варта добра ўсведамляць і рашуча супрацьстаяць спакусе ўспрымаць час малітвы як «бескарысны», лішні, малазначны: у нашым свеце, у якім «час — грошы» і дзе столькі ўсяго нам нібыта трэба паспець, малітва лёгка «прайграе» ў параўнанні са шматлікімі альтэрнатывамі правесці час.

Але, магчыма, нас стрымлівае ўстаноўка «не ведаю як». «Пане, навучы нас маліцца» (Лк 11, 1): гэтая просьба вучняў да Езуса павінна быць і нашым пакорным зваротам да Пана. Калі ў нас ёсць шчырае жаданне, знойдзем падказкі і кіраўніцтва, каб праводзіць час з Богам адпаведна нашаму стану.

Варта вучыцца не толькі «адгаворваць пацеры» або чытаць традыцыйныя тэксты з малітоўнікаў (ці вывучаныя напамяць), але і маліцца са словам Божым: для гэтага знойдзем мноства дапаможнікаў у тым ліку і на прасторы інтэрнэту.

Яшчэ адзін канкрэтны спосаб праводзіць час з Богам — прагляд дня ўвечары. Гэта практыкаванне ва ўсведамленні Божай прысутнасці ў жыцці: не звычайны «рахунак сумлення», дзе мы толькі вышукваем свае правіны, каб прасіць за іх прабачэння, але перш за ўсё імкненне распазнаць, як Бог звяртаўся да мяне, дзе я дасведчыў відавочныя знакі Ягонай дабрыні, любові, міласэрнасці ў падзеях майго жыцця і паводзінах маіх бліжніх, у дзеянні Божай ласкі ў маёй душы…

Гэта сапраўднае духоўнае чуванне, поўнае ўвагі, у цішыні і ўдзячнасці перад Панам.

Можна рабіць такое практыкаванне і пісьмова, у форме дзённіка, усведамляючы ў Божай прысутнасці Яго дзеянне падчас мінулага дня, звяртаючыся да Яго «на Ты» з усім, што ёсць у сэрцы, узносячы хвалу і падзяку. Пад канец заўсёды варта проста пабыць у цішыні з Тым, хто ёсць Крыніцай майго жыцця, хто мяне любіць безумоўна.

Адвэнт — не пасіўнае чаканне, але актыўнае практыкаванне нашага жадання сустрэцца з Тым, хто наблізіўся да нас так, што бліжэй ужо немагчыма, калі стаўся адным з нас.

Выкарыстаем гэты час ласкі, каб наша імкненне да Яго станавілася ўсё мацнейшым. Амэн.

Віктар Жук SJ

Фота: Віктар Ведзень