Айцец Юзаф Андраш, езуіт, узгадваецца ў «Дзённіку» святой сястры Фаўстыны Кавальскай 59 разоў. Цяпер на яго радзіме ў Польшчы ідзе яго беатыфікацыйны працэс.
Найбольш вядомым спаведнікам і паплечнікам сястры Фаўстыны ў распаўсюджванні культу Божай Міласэрнасці быў наш суайчыннік ксёндз Міхал Сапоцька, беатыфікаваны ў верасні 2008 года.
Між тым першым і апошнім духоўным кіраўніком «сакратаркі Божай Міласэрнасці» быў менавіта айцец Юзаф Андраш.
Ён напісаў першую кнігу аб Божай Міласэрнасці, а акрамя таго быў спаведнікам яшчэ некалькіх асоб з выразнымі містычнымі рысамі, у тым ліку благаслаўлёнай Анэлі Салявы, тэрцыяркі францішканскага ордэна.

Айцец Юзаф Андраш SJ. Фота WAM
Святар з 1932 года быў квартальным спаведнікам навіцыяту Кангрэгацыі сясцёр Маці Божай Міласэрнасці ў Кракаве-Лагеўніках, але ў яго спавядаліся таксама сёстры пасля манаскіх абяцанняў. Сястра Фаўстына ўпершыню скарыстала з яго паслугі падчас рэкалекцый перад вечнымі манаскімі абяцаннямі ў красавіку 1933 года. У апошнія гады яе жыцця, праведзеныя ў Кракаве, езуіт стаў яе пастаянным духоўным кіраўніком.
У выніку айцец Юзаф быў спаведнікам сястры Фаўстыны больш за два з паловай гады, а пасля яе смерці заняўся рэалізацыяй яе паслання.
Пад яго кіраўніцтвам быў створаны абраз Езуса Міласэрнага пэндзля Адольфа Хылы, які сёння слыне ласкамі ў санктуарыі ў Кракаве-Лагеўніках.

Апошні спаведнік сястры Фаўстыны даў пачатак урачыстым набажэнствам у гонар Божай Міласэрнасці ў капліцы пры кляштары кангрэгацыі ў Лагеўніках (1943 г.) і адзначэнню свята Міласэрнасці (1944 г.).
Па яго ініцыятыве збіраліся ўспаміны пра сястру Фаўстыну Кавальскую, а яго кніжка «Божая Міласэрнасць… давяраем Табе», у якой папулярызуецца набажэнства да Божай Міласэрнасці ў формах, перададзеных святой сястрой Фаўстынай, была перакладзена на іншыя мовы і вялікімі накладамі разышлася па ўсім свеце.
Менавіта айцец Юзаф Андраш напісаў першую біяграфію «сакратаркі Божай Міласэрнасці»: яе кароткі жыццярыс быў змешчаны ў згаданай кніжцы, а вялікай біяграфія так і не была ім завершана.
Як адзначыў у інтэрв’ю Каталіцкаму інфармацыйнаму агенцтву КАІ віцэпастулатар працэсу беатыфікацыі айца Юзафа Андраша айцец Марыюш Бальцэрак SJ, пасля абвяшчэння благаслаўлёным ён мог бы быць апекуном спаведнікаў і духоўных кіраўнікоў, на якіх сёння, на думку святара, існуе вялікі попыт.
У сеціве ёсць шматмоўны рэсурс, на якім можна больш даведацца пра асобу айца Юзафа Андраша SJ.
Падрыхтаваў кс. Мікола Гракаў.