31 жніўня 2022 года Папа Францішак распачаў цыкл катэхез аб распазнаванні. Кожную сераду, калі ён знаходзіцца ў Рыме, падчас агульных аўдыенцый Папа разглядае асобныя аспекты працэсу распазнавання, у значнай меры абапіраючыся на духоўную спадчыну св. Ігнацыя Лаёлы. На нашым сайце мы паступова будзем публікаваць змест гэтых катэхез. Як адзначае Папа, распазнаванне дапамагае прымаць добрыя рашэнні, якія адпавядаюць сэнсу і напрамку нашага жыцця. У Евангеллі Езус у прыпавесцях вучыць нас важнасці мудрага жыццёвага выбару, сугучнага з воляй Божай. Аўтэнтычнае распазнаванне патрабуе ведаў, разумення і вопыту, але таксама мудрасці сэрца, цвёрдай адданасці і нястомных намаганняў. Паколькі распазнаванне з’яўляецца практыкаваннем дадзенай Богам свабоды, яно імкнецца спасцігнуць нашае месца ў плане Стварыцеля для нас і ўсяго свету. Бо нашыя рашэнні, добрыя або злыя, могуць зрабіць зямлю, паводле задумы Бога, цудоўным садам або мёртвай пустыняй. Сапраўднае распазнаванне, якое нараджаецца з любові да Бога і з нашай чалавечай свабоды, нясе з сабой глыбокую духоўную радасць і спаўненне.

Распазнаванне – важны акт, які датычыць кожнай асобы, таму што рашэнні з’яўляюцца неад’емнай часткай жыцця. Распазнаваць рашэнні. Чалавек выбірае ежу, вопратку, курс навучання, працу, адносіны. Ва ўсім гэтым рэалізуецца жыццёвы праект, а таксама канкрэтызуюцца адносіны з Богам.

У Евангеллі Езус гаворыць аб распазнаванні праз вобразы са звычайнага жыцця; напрыклад, Ён апісвае рыбакоў, якія адбіраюць добрую рыбу і выкідваюць дрэнную, або купца, які ўмее вызначыць сярод мноства пярлінаў найбольш каштоўную. Ці таго, хто, працуючы на полі, натрапляе на нейкую рэч, якая аказваецца скарбам (пар. Мц 13, 44–48).

У святле гэтых прыкладаў распазнаванне выяўляе сябе як практыкаванне розуму, а таксама практыкаванне ўмення і волі, каб здолець скарыстаць зручны момант. Вось умовы для добрага выбару: розум, уменне і воля. І ёсць таксама кошт, патрэбны для таго, каб распазнаванне было эфектыўным. Імкнучыся стаць прафесіяналам, рыбак прадбачыць цяжкую працу, доўгія ночы, праведзеныя ў моры, а потым яшчэ і факт выкідання часткі ўлову, страту прыбытку дзеля тых, каму ён прызначаны. Купец пярліны не вагаецца выдаткаваць усё, каб купіць яе, як і чалавек, які наткнуўся на скарб. [Гэта] нечаканыя, незапланаваныя сітуацыі, калі вельмі істотна распазнаць важнасць і тэрміновасць рашэння, якое трэба прыняць.

Кожны вымушаны прымаць рашэнні; няма каму рабіць гэтага за нас. На пэўным этапе дарослыя могуць спакойна звяртацца за парадай, разважаць, але прымаць рашэнне трэба самім. Мы не можам сказаць: “Я згубіла/згубіў штосьці, бо мой муж вырашыў, мая жонка вырашыла, мой брат вырашыў”. Не. Ты павінен вырашыць, кожны з нас павінен вырашыць, і па гэтай прычыне важна ведаць, як распазнаваць. Каб добра выбіраць, трэба ўмець распазнаваць.

Евангелле прапануе яшчэ адзін важны аспект распазнавання: эмоцыі. Таму, хто знайшоў скарб, няцяжка ўсё прадаць – настолькі вялікая яго радасць (пар. Мц 13, 44). Слова, ужытае евангелістам Мацвеем, звяртае нашую ўвагу на вельмі асаблівую радасць, якой не можа даць ніякая чалавечая рэчаіснасць, і яно сапраўды мала дзе сустракаецца ў Евангеллі, але кожны раз – у дачыненні да спаткання з Богам. Гэта радасць мудрацоў, калі пасля доўгага і цяжкага шляху яны зноў бачаць зорку (пар. Мц 2, 10); гэта радасць жанчын, якія вяртаюцца ад пустой магілы, пачуўшы абвяшчэнне анёла аб уваскрасенні (пар. Мц 28, 8). Гэта радасць тых, хто знайшоў Пана. Прыняцце добрага, правільнага рашэння, заўсёды вядзе да гэтай канчатковай радасці; магчыма, на гэтым шляху табе давядзецца крыху пацярпець ад нявызначанасці, думак, пошукаў, але ў рэшце рэшт правільнае рашэнне благаслаўляе цябе радасцю.

На Апошнім судзе Бог будзе практыкаваць распазнаванне – вялікае распазнаванне — адносна нас. Вобразы земляроба, рыбака і купца з’яўляюцца прыкладамі таго, што адбываецца ў Валадарстве Нябесным. Валадарства выяўляецца ў звычайных жыццёвых дзеяннях, якія патрабуюць ад нас заняць пазіцыю. Вось чаму так важна ўмець распазнаваць: вялікія выбары могуць паходзіць з абставінаў, якія на першы погляд здаюцца другараднымі, але аказваюцца вырашальнымі. Напрыклад, узгадаем першую сустрэчу Андрэя і Яна з Езусам, сустрэчу, якая вынікла з простага пытання: “Раббі, дзе жывеш?” – “Ідзіце і ўбачыце”, – кажа Езус (пар. Ян 1, 38-39). Вельмі кароткі дыялог, але ён стаўся пачаткам перамен, якімі крок за крокам будзе пазначана ўсё іх жыццё. Праз гады евангеліст будзе памятаць і тую сустрэчу, якая назаўсёды яго змяніла, і нават час: каля чатырох гадзін дня (в. 39). У гэтую гадзіну ў яго жыцці сустрэліся час і вечнасць. І ў добрым рашэнні Божая воля сустракаецца з нашай, цяперашні шлях перасякаецца з вечным. Прыняць правільнае рашэнне пасля шляху распазнавання азначае ажыццявіць гэтую сустрэчу: часу з вечнасцю.

Такім чынам: веды, досвед, эмоцыі, воля. Гэта некаторыя з незаменных элементаў распазнавання. Падчас катэхез мы ўбачым іншыя, не менш важныя.

Распазнаванне – як я ўжо казаў – прадугледжвае цяжкую працу. Паводле Пісання, мы не знаходзім загадзя спакаванага жыцця, якім мы павінны жыць. Не! Мы павінны вырашаць яго ўвесь час, у адпаведнасці з рэальнасцю, якая наступае. Бог запрашае нас да ацэнкі і выбару: Ён стварыў нас свабоднымі і хоча, каб мы выкарыстоўвалі сваю свабоду. Таму распазнаванне патрабавальнае.

Мы часта мелі падобны досвед: выбіралі тое, што здавалася нам добрым, але насамрэч такім не было. Або ведалі, што было нашым сапраўдным дабром, і не выбіралі гэтага. Чалавек, у адрозненне ад жывёл, можа памыляцца, можа не хацець зрабіць правільны выбар. Як Біблія і паказвае з першых сваіх старонак. Бог дае чалавеку дакладную інструкцыю: калі хочаш жыць, калі хочаш радавацца жыццю, памятай, што ты – стварэнне, што ты не крытэрый дабра і зла і што выбар, які ты робіш, будзе мець наступствы для цябе, для іншых і для свету (пар. Быц 2, 16-17); ты можаш зрабіць зямлю цудоўным садам або зрабіць яе пустыняй смерці. Фундаментальнае вучэнне, невыпадкова гэта першы дыялог паміж Богам і чалавекам: Пан дае місію, а ты павінен зрабіць тое і тое; і з кожным крокам людзі павінны распазнаваць, які выбар зрабіць. Распазнаванне – гэта разважанне розуму і сэрца, якое мы павінны здзейсніць перад тым, як прыняць рашэнне.

Распазнаванне патрабавальнае, але незаменнае для жыцця. Яно патрабуе, каб я ведаў сябе, ведаў, што для мяне з’яўляецца дабром тут і цяпер. Перадусім яно патрабуе сыноўніх адносін з Богам. Бог – наш Айцец, і Ён не пакідае нас адных, заўсёды гатовы даць параду, падбадзёрыць, прыняць. Але Ён ніколі не навязвае сваёй волі. Чаму? Таму што Ён хоча, каб Яго любілі, а не баяліся. Бог хоча дзяцей, а не рабоў: свабодных дзяцей. А любоўю можна жыць толькі ў свабодзе. Каб навучыцца жыць, трэба навучыцца любіць, а дзеля гэтага трэба распазнаваць: што я магу зрабіць цяпер, сутыкнуўшыся з той ці іншай альтэрнатывай? Няхай распазнаванне будзе знакам большай любові, большай сталасці ў любові. Папросім Духа Святога, каб вёў нас! Будзем заклікаць Яго кожны дзень, асабліва калі стаім перад выбарам. Дзякуй.

Папа Францішак. Генеральная аўдыенцыя, 31 жніўня 2022г.

Крыніца: https://www.vatican.va/content/francesco/en/audiences/2022/documents/20220831-udienza-generale.html

Фота з Залі Паўла VI: Vаtican Media