Падчас мінулых дзвюх катэхез Папы Францішка аб духоўным распазнаванні мы разважалі пра важнасць малітвы і лепшага ведання сябе. Сёння мы разглядаем трэці неабходны элемент распазнавання, якім з’яўляецца жаданне, глыбокая прага шчасця і спаўнення, якая жыве ў чалавечым сэрцы. У нашай духоўнай традыцыі жаданне – гэта выраз нашай прыроджанай тугі па Богу і супакою, які толькі Ён можа даць. Інакш кажучы, жаданне – свайго роду компас, які накіроўвае жыццё да канчатковай мэты. У Евангеллі Езус часта пытаецца ў тых, хто шукае цуду, аб чым яны ў Яго просяць. Наш уласны дыялог з Панам у малітве дапамагае нам сфармуляваць нашыя глыбокія жаданні і дазволіць Яму здзяйсняць цуды ласкі і аздараўлення. Бо самае вялікае жаданне Езуса – зрабіць нас удзельнікамі свайго боскага жыцця і даць магчымасць знайсці ў Ім нашае вечнае шчасце.
Дарагія браты і сёстры, добрай раніцы!
Цягам апошніх катэхез мы разглядаем элементы распазнавання. Пасля тэмаў пра малітву і самапазнанне я хацеў бы пагаварыць сёння пра яшчэ адзін неабходны, так бы мовіць, “інгрэдыент”: пра жаданне. Па сутнасці, распазнаванне – гэта форма пошуку, а пошук заўсёды пачынаецца там, дзе нам чагосьці не хапае, але аб чым мы так ці інакш ведаем, інтуітыўна адчуваем.
Што гэта за веданне? Духоўныя настаўнікі акрэсліваюць яго словам “жаданне”, якое, па сутнасці, з’яўляецца тугой па паўнаце, што ніколі не знаходзіць поўнага спаўнення, і з’яўляецца знакам прысутнасці Бога ў нас. Жаданне – гэта не хвілінны запал, не. Італьянскае слова desiderio паходзіць ад вельмі прыгожага лацінскага тэрміна, што цікава само па сабе: de-sidus, літаральна “адсутнасць зоркі”. Жаданне – адсутнасць зоркі, адсутнасць пункту адліку, які арыентуе жыццёвы шлях; узнікае пакутлівае пачуццё недахопу і поруч з тым – напружанне, каб дасягнуць дабра, якога нам не хапае. Такім чынам, жаданне ўяўляе сабой компас, з якім лягчэй разабрацца, дзе я і куды іду; або, хутчэй, компас, які дае зразумець, застыг я на адным месцы ці рухаюся: чалавек, які не мае жаданняў, – нерухомы, верагодна хворы, лічы што мёртвы. Компас дапамагае даведацца, рухаюся я ці стаю на месцы. І як гэта можна распазнаць?
Падумаем, шчырае жаданне здольнае глыбока закрануць струны нашай душы, таму яно не згасае перад абліччам цяжкасцяў і няўдач. Вось жа, адчуваючы моцную смагу і не знаходзячы, чым яе наталіць, мы не здаёмся – наадварот, прага ўсё больш займае нашыя думкі і паводзіны, аж мы гатовыя пайсці на любыя ахвяры, каб яе здаволіць, становімся амаль апантанымі. Перашкоды і няўдачы не душаць жадання, не, яны якраз распальваюць яго яшчэ больш.
У адрозненне ад хвіліннага памкнення ці эмоцыі, жаданне трывае досыць доўгі час, і мае тэндэнцыю да матэрыялізацыі. Калі, напрыклад, малады чалавек хоча стаць урачом, яму давядзецца распачаць курс навучання і шмат працаваць, што зойме некалькі гадоў жыцця, і, адпаведна, запатрабуе выразных абмежаванняў, умення казаць “не” – перадусім іншым накірункам навучання, але таксама розным забавам і заняткам, асабліва ў найбольш інтэнсіўныя перыяды вучобы. Аднак жаданне даць свайму жыццю накірунак і дасягнуць гэтай мэты – атрымаць прафесію ўрача, як у нашым прыкладзе – дазваляе чалавеку пераадолець гэтыя цяжкасці. Жаданне робіць цябе моцным, робіць мужным, прымушае ісці наперад, бо ты хочаш апынуцца там, дзе асягнеш жаданае.
Па сутнасці, каштоўнасць становіцца больш прыгожай і дасягаецца лягчэй, калі яна прыцягвае нас. Як нехта сказаў, “жаданне стаць добрым важней, чым быць добрым”. Быць добрым – прывабная якасць, мы ўсе хочам быць добрымі, але ці ёсць у нас жаданне такімі стаць?
Уражвае той факт, што да таго, як здзейсніць цуд, Езус часта пытаецца ў чалавека пра ягонае жаданне. “Хочаш быць здаровым?” Часам гэтае пытанне здаецца недарэчным: відаць жа, што чалавек хворы! Напрыклад, калі ў купальні Бэтэзда Ён сустракае паралізаванага, які за шмат гадоў так і не здолеў у адпаведны момант сысці ў ваду, Езус пытаецца: “Хочаш стаць здаровым?” (Ян 5, 6). Чаму такое пытанне? Тым не менш, адказ хворага выяўляе шэраг праяў дзіўнага супраціўлення аздараўленню, і яны тычацца не толькі яго. Пытанне Езуса было запрашэннем унесці ў сэрца больш яснасці, прыняць у жыццё штосьці новае: перастаць думаць пра сябе як пра “паралізаванага”, якога пераносяць іншыя. Але чалавек на насілках, здаецца, не надта перакананы ў гэтым. Уступаючы ў дыялог з Панам, мы вучымся разумець, чаго насамрэч прагнем ад свайго жыцця. Паралітык з’яўляецца тыповым прыкладам тых, хто кажа: “Так, так, я хачу, хачу”, але потым “Не, не хачу, не хачу, я нічога не буду рабіць”. Жаданне нешта здзейсніць ператвараеца ў ілюзію, і чалавек не робіць ні кроку. Людзі, якія хочуць і не хочуць. Гэта кепска. І той хворы, які знаходзіцца ля купальні ўжо 38 гадоў, але ўвесь час скардзіцца: “Не, Пане, ведаеш, тут такая справа, што, калі вада ўзварушыцца – а гэта момант цуду – прыходзіць хтосьці мацнейшы за мяне, і, разумееш, іншыя сыходзяць у купальню, а я спазняюся”, – ён бурчыць і жаліцца. Асцерагайцеся скаргаў, бо гэта атрута – атрута для душы, атрута для жыцця: яны перашкаджаюць жаданню ўзрастаць. Сцеражыцеся скаргаў. Мы часта наракаем у сем’ях: сужэнцы бурчаць адно на аднаго, дзеці скардзяцца на бацьку, або святары на біскупа, або біскупы на самыя розныя рэчы… Кажу табе, калі ўсвядоміш, што наракаеш, спахапіся, каб не награшыць, бо скаргі стрымліваюць жаданне і не даюць яму расці.
Часта менавіта жаданне адрознівае ўдалы, паслядоўны і трывалы праект ад тысяч амбіцый і добрых намераў, якімі, як кажуць, “выбрукавана дарога ў пекла”. “Так, я хацеў бы, я хацела б, мне хацелася б…” – гаворыш, аднак нічога не робіш. Эпоха, у якую мы жывем, нібы прапагандуе максімальную свабоду выбару, але ў той жа час яна атрафіруе жаданне (ты хочаш пастаянна быць задаволеным), якое ў асноўным зводзіцца да імпульсіўнага парыву. Таму нам трэба пільнавацца, каб жаданне не згасла. Нас засыпаюць тысячамі прапаноў, праектаў, перспектыў, якія могуць рассеяць нашую ўвагу і перашкодзіць спакойна паразважаць, чаго мы сапраўды жадаем. Нярэдка мы бачым кагосьці – скажам, маладых людзей – з тэлефонам у руцэ, якія шукаюць, глядзяць… “А ты спыняешся, каб падумаць?” – “Не”. Заўсёды скіраваны вонкі, да іншага. Жаданне не можа расці ў такіх умовах; ты жывеш імгненнем, насычаешся імгненнем і не прагнеш большага.
Многія людзі пакутуюць, таму што не ведаюць, чаго хочуць ад жыцця; верагодна, яны ніколі не стыкаліся са сваім самым глыбокім жаданнем, заўсёды прабываючы ў нявызначанасці: “Чаго ты хочаш ад жыцця?” – “Не ведаю”. І тым самым рызыкуюць пражыць жыццё паміж спробамі і захадамі рознага кшталту, каб у выніку нікуды так і не дабрацца, змарнаваўшы каштоўныя магчымасці. Вось чаму пэўныя змены, хоць і жаданыя ў тэорыі, пры нагодзе ніколі не рэалізуюцца; няма моцнага жадання нечым займацца.
Калі б Пан задаў сёння каму-небудзь з нас тое самае пытанне, што і сляпому ў Ерыхоне: “Што хочаш, каб Я зрабіў табе?” (Мк 10, 51), – і насамрэч Пан сёння пытаецца ў кожнага з нас: “Што хочаш, каб Я зрабіў табе?” – што б мы адказалі? Можа, нарэшце, мы папрасілі б дапамагчы нам спазнаць глыбокае жаданне Яго самога, якое Бог уклаў у нашае сэрца: “Пане, дапамажы мне ведаць свае жаданні, няхай я буду мужчынам ці жанчынай вялікіх жаданняў”. Магчыма, Пан дасць нам сілы ажыццявіць іх. Вялізная ласка – і аснова ўсіх астатніх – дазволіць Пану, як у Евангеллі, чыніць для нас цуды: “Дай нам жаданне і распальвай яго, Пане”.
Бо Ён таксама мае вялікае жаданне для нас: зрабіць нас удзельнікамі паўнаты Яго жыцця. Дзякуй.
Папа Францішак. Генеральная аўдыенцыя, 12 кастрычніка 2022г.
Крыніца: https://www.vatican.va/content/francesco/en/audiences/2022/documents/20221012-udienza-generale.html
Галоўная выява: Папа Францішак займае сваё месца перад аўдыенцыяй на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане 12 кастрычніка 2022 г. (Крыніца: Daniel Ibáñez / CNA).