Працягваючы цыкл катэхез пра духоўнае распазнаванне, Папа Францішак падкрэслівае неабходнасць паглыбляць пазнанне саміх сябе, што ёсць неад’емным дадаткам да малітвы, аб якой ішла гаворка ў мінулай катэхезе. Пазнаваць сябе не такая лёгкая справа, бо патрабуе сумленнага і цярплівага заглыблення ў сваё сэрца. Самапазнанне з’яўляецца плёнам Божай ласкі, дзякуючы якой мы пакідаем ілюзіі і пачынаем усведамляць, кім мы ёсць на самой справе, і прымаем тое, што можа прынесці сапраўднае шчасце. Па сутнасці, мы вывучаем “паролі”, якія адкрываюць доступ у самую глыбіню, і шляхі, якія вядуць да трывалай духоўнай радасці і паўнаты, у паслухмянасці міласэрнай Божай волі. Вялікай дапамогай для такога малітоўнага заглыблення ў саміх сябе, а значыць і для сапраўднага распазнавання, з’яўляецца традыцыйная практыка штодзённага рахунку сумлення. 

Добры дзень, дарагія браты і сёстры!

Працягваем разглядаць тэму распазнавання. Мінулы раз мы закранулі малітву як яго неад’емны элемент. Малітва, не як бяздумнае паўтарэнне слоў, а як блізкасць і давер да Бога; малітва дзяцей да Айца; малітва з адкрытым сэрцам. Гэта было ў апошняй катэхезе. Сёння я хацеў бы, у якасці дадатку, асаблівым чынам падкрэсліць, што добрае распазнаванне патрабуе таксама пазнання самога сябе. Ведання сябе. Няпростая гэта справа. У распазнаванні задзейнічаны чалавечыя здольнасці: памяць, розум, воля, пачуцці. Часта мы не ўмеем распазнаваць, бо недастаткова добра ведаем сябе і, адпаведна, не ведаем, чаго папраўдзе хочам. Часта даводзілася чуць: “Чаму той чалавек не наладжвае сваё жыццё? Ён ніколі не ведае, чаго хоча…”. Не даходзячы да гэтай крайнасці, мы, бывае, таксама слаба ўяўляем, чаго хочам, паколькі дрэнна ведаем сябе.

У аснове духоўных сумненняў і крызісаў паклікання нярэдка ляжыць недастатковы дыялог паміж рэлігійным жыццём і нашым чалавечым, кагнітыўным і эмацыйным вымярэннем. Адзін аўтар кніг на тэму духоўнасці адзначыў, што шматлікія цяжкасці з распазнаваннем сведчаць аб праблемах іншага роду, якія трэба прызнаць і даследаваць. Ён піша: “Я прыйшоў да высновы, што самай вялікай перашкодай для сапраўднага распазнавання (і для сапраўднага ўзрастання ў малітве) з’яўляецца не няўлоўная натура Бога, але тое, што мы недастаткова ведаем саміх сябе і нават не жадаем пазнаць, якія мы ёсць на самой справе. Амаль усе мы хаваемся за маскай не толькі перад іншымі, але і тады, калі глядзім у люстэрка” (пар. Thomas H. Green “Weeds Among the Wheat”, 1984). Мы ўсе зведалі спакусу насіць маску – нават перад сабой.

Безуважнасць да Божай прысутнасці ў жыцці ідзе поплеч з нашым няведаннем сябе, рысаў сваёй асабовасці і самых глыбокіх жаданняў.

Самапазнанне – працэс не цяжкі, але працаёмісты, які патрабуе цярплівага ўнутранага пошуку, здольнасці спыніцца, “выключыць аўтапілот”, усвядоміць уласцівы нам спосаб дзеяння, пачуцці, якія жывуць у нас, думкі, што паўтараюцца і абумоўліваюць нас, часта несвядома. Веданне сябе таксама прымушае адрозніваць эмоцыі ад духоўных здольнасцяў. “Я адчуваю” –  не тое самае, што “Я перакананы”; “мне здаецца” – не тое самае, што “я хачу”. Такім чынам, мы пачынаем разумець, што часам маем крыху скажонае ўяўленне пра сябе і рэчаіснасць. І заўважыць гэта за сабой – сапраўдная ласка! Фактычна, досыць часта здараецца, што памылковыя перакананні аб рэчаіснасці, сфарманыя ў мінулым, моцна ўплываюць на нас, абмяжоўваючы свабоду імкнуцца да сапраўды важных рэчаў у жыцці.

Жывучы ў камп’ютарную эпоху, мы ведаем, наколькі важна ведаць паролі для доступу ў праграмы, дзе захоўваецца самая асабістая і каштоўная інфармацыя. Але і духоўнае жыццё мае свае “паролі”: словы, якія дасягаюць сэрца, бо звязаныя з нечым такім, да чаго мы найбольш адчувальныя. Спакушальнік, інакш кажучы, д’ябал, добра ведае гэтыя ключавыя словы; важна і нам іх ведаць, каб не апынуцца там, дзе не хочам. Спакуса не абавязкова прапануе дрэнныя рэчы, хутчэй, выпадковыя, пададзеныя з празмернай важнасцю. Такім чынам, яна гіпнатызуе нас прывабнасцю гэтых рэчаў, прыгожых, але ілюзорных, якія не могуць выканаць тое, што абяцаюць, і таму прыносяць рана ці позна пачуццё пусткі і суму. Падобнае адчуванне – спустошанасці, журбы – знак таго, што мы збочылі на нядобры шлях, які дэзарыентуе нас. Так, здараецца, што навуковыя ступені, кар’ера, адносіны, – усё, вартае адабрэння само па сабе, – у тым выпадку, калі мы не свабодныя, нараджае ў нас нерэальныя чаканні, напрыклад, жаданне знайсці пацверджанне ўласнай каштоўнасці. Скажам, займаючыся даследаваннем, ты думаеш толькі аб прасоўванні сябе, сваіх інтарэсаў ці таксама аб служэнні грамадству? Падобным чынам можна разгледзець намеры кожнага з нас. Часта найбольшыя пакуты паходзяць з гэтага непаразумення, бо нішто з тых рэчаў не можа быць гарантыяй нашай годнасці.

Таму, дарагія браты і сёстры, важна ведаць саміх сябе, ведаць паролі свайго сэрца, тое, да чаго мы найбольш адчувальныя, каб абараніць сябе ад тых, хто выступае з пераканаўчымі словамі, а насамрэч хоча маніпуляваць намі, але таксама – каб распазнаваць сапраўды важныя рэчы, адрозніваючы іх ад сучаснай моды ці кідкіх, павярхоўных слоганаў. Неаднойчы ў тэлевізійнай праграме ці ў нейкай рэкламе штосьці кранае нашыя сэрцы і прымушае нас ісці тым ці іншым шляхам без свабоды. Будзь уважлівы: у гэты момант ты свабодны ці дазваляеш сябе звесці імклівым пачуццям, нейчай правакацыі?

Нам дапамагае ў гэтым рахунак сумлення, але я не кажу пра рахунак сумлення, які мы ўсе робім, калі ідзем на споведзь, не. Дзе мы кажам: “Я зграшыў тым, тым…”. Не. Я маю на ўвазе агульны прагляд дня: што адбылося ў сэрцы за гэты дзень? “Шмат чаго здарылася…” – а што менавіта? Чаму? Якія сляды пакінула ў маім сэрцы? Такі рахунак сумлення становіцца добрай звычкай спакойна праглядаць падзеі дня, вучыцца заўважаць у сваіх ацэнках і выбарах тое, што мы лічым самым важным, што мы шукаем і чаму, і што мы ў выніку знаходзім. Галоўнае, трэба вучыцца распазнаваць, што задавольвае сэрца. Што насычае маё сэрца? Бо толькі Пан можа даць нам пацверджанне таго, што мы каштоўныя.

Кожны дзень Ён кажа нам гэта з крыжа: Ён памёр за нас, каб паказаць, наколькі мы каштоўныя ў Яго вачах. Няма такіх бар’ераў ці няўдач, якія маглі б перашкодзіць Яго пяшчотным абдымкам.

Рахунак сумлення дужа карысны, бо дапамагае нам убачыць, што сэрца – не гасцінец, па якому ўсё імчыць без нашага ведама. Не. Ты прыгледзься: што адбылося сёння? Што прымусіла мяне адрэагаваць? Што мяне засмуціла? Што ўзрадавала? Што было дрэннага? Ці не пакрыўдзіў я іншых? Гаворка ідзе пра тое, каб убачыць, у якім кірунку рухаюцца пачуцці, што вабіць нас на працягу дня. Не забудзься! 

Тыдзень таму мы гаварылі пра малітву. Сёння мы гаворым пра свядомасць. 

Малітва і самапазнанне даюць магчымасць узрастаць у свабодзе. Праз гэта мы сталеем у свабодзе! Гэта асноўныя элементы хрысціянскага існавання, каштоўныя для адшукання свайго месца ў жыцці. Дзякуй.

Папа Францішак. Генеральная аўдыенцыя, 5 кастрычніка 2022г.

Крыніца: https://www.vatican.va/content/francesco/en/audiences/2022/documents/20221005-udienza-generale.html

Фота: Папа Францішак на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане 5 кастрычніка 2022 г. (Крыніца: Daniel Ibáñez/CNА).