Сёння, 14 снежня, езуіты запускаюць бясплатнае прыкладанне для мабільных тэлефонаў “Jesuit Pilgrimage” (“Пілігрымка з езуітамі”). З яго дапамогай кожны можа бліжэй пазнаёміцца са значнымі для Ігнацыя Лаёлы месцамі, якія былі на ягонай дарозе да святасці і спрыялі напісанню знакамітых “Духоўных практыкаванняў”.
З дапамогай карт, панарамных фатаграфій, аўдыё-і тэкставых медытацый карыстальнікі змогуць наведаць кожны з ключавых пунктаў у падарожжы Ігнацыя, каб у нейкім сэнсе “адчуць” гэтыя месцы, як святы Ігнацый 500 год таму. Віртуальныя пілігрымы змогуць пазнаёміцца са славутасцямі і гукамі кожнай лакацыі, медытаваць з езуітамі з усяго свету, слухаючы малітвы з суправаджэннем з ігнацыянскіх месцаў, такіх як Парыж, Антвэрпэн, Лондан, Руан, Мансэрат, Іерусалім і Рым, і гэта толькі некаторыя з іх. “Jesuit Pilgrimage” будзе даступна на англійскай, іспанскай, італьянскай і французскай мовах як для Android, так і для iOS.
Пры дапамозе аплікацыі вы можаце здзейсніць гэтую пілігрымку з любой кропкі свету. Калі ж вам пашчасціць падарожнічаць, вы таксама атрымаеце дапаможнік для кожнага з 44 апісаных месцаў. У будучых абнаўленнях распрацоўшчыкі плануюць дадаць яшчэ больш кропак у Еўропе і на іншых кантынентах.
Шлях св. Ігнацыя Лаёлы ад грэшніка да святога быў доўгай прыгодай духоўнага пошуку. Ігнацый змагаўся і марыў і, у рэшце рэшт, дасягнуў сапраўднай глыбіні і атрымаў здольнасць дапамагаць іншым. Цяпер тыя, у каго ёсць “Jesuit Pilgrimage”, могуць перажыць тое ж самае падарожжа.
Дапамога для тых, хто шукае Бога сёння
“Я спадзяюся, што прыкладанне дапаможа людзям знайсці натхненне і па-новаму перажываць свае адносіны з іншымі”, – сказаў а. Артура Соса SJ, генерал Таварыства Езуса. “З дапамогай гэтага прыкладання мы хочам паказаць шлях да Бога ўсім тым, хто шукае Яго сёння, прагне сэнсу, вызвалення і новага ладу жыцця”.
“Гісторыя навяртання Ігнацыя можа паўплываць на ўсіх нас”, – упэўнены генеральны настаяцель.
А. Джон Дардыс SJ, дырэктар аддзела камунікацый Генеральнай курыі езуітаў, запрашае ўсіх спампаваць мабільны дадатак, з увагі на той асабісты вопыт, які можна атрымаць, дзякуючы наведванню месцаў, што паўплывалі на святога Ігнацыя Лаёлу.
“Я вельмі рады, што мы можам прапанаваць гэты досвед мільёнам католікаў, якія ніколі не змаглі б выправіцца ў сапраўдную пілігрымку з-за праблем са здароўем або фінансавых абмежаванняў”, – кажа а. Вівіан Рычард SJ, з аддзела камунікацый Генеральнай курыі езуітаў. “Пандэмія Covid-19 абмежавала нашыя магчымасці для падарожжаў. Але менавіта падчас пандэміі нарадзілася ідэя мабільнага дадатку. Мы хочам, каб людзі адкрывалі жывога Бога ў асабістай сустрэчы. І мы – як езуіты – гатовы садзейнічаць гэтаму. Прыкладанне стане выдатным духоўным інструментам для хворых, пажылых людзей, а таксама для такіх, як мая сям’я ў Індыі, якія не могуць дазволіць сабе падобнае падарожжа”.
А. Вівіан верыць, што дадатак таксама можа ператварыць звычайную паездку на адпачынак у нешта большае.
Ці будзе Папа Францішак карыстацца “Jesuit Pilgrimage”? “Мы не ўпэўненыя, што ён з’яўляецца вялікім карыстальнікам прыкладанняў… Але мы, вядома, спадзяемся, што ён хаця б паспрабуе. Няхай гэта будзе нашым калядным падарункам Папе”, – завяршае размову а. Вівіян.
Паводле матэрыялаў Vatican News
Сайт прыкладання: JESUIT PILGRIMAGE — At home. On a journey