Працягваючы нашыя катэхезы аб духоўным распазнаванні, мы разважаем пра важнасць інтэрпрэтацыі нашага ўласнага жыцця ў святле Божага Провіду. Праз малітву і духоўнае разуменне мы можам навучыцца распазнаваць нітку Божай ласкі, якая праходзіць праз усё жыццё. Прагляд асабістай гісторыі можа паказаць негатыўныя рэчы і падыходы, якія шкодзяць духоўнаму росту, але таксама можа адкрыць вочы на прыхаваныя падзеі і сустрэчы, якія ціха разгортваюць перад намі поўны любові Божы план нашага вечнага шчасця. Біяграфіі святых таксама праліваюць святло на шлях да святасці кожнага чалавека. У “Споведзі” святы Аўгустын піша, як паступова Бог таямнічым чынам прывёў яго да адкрыцця і прыняцця адзінай праўды, якая задавольвае самыя глыбокія жаданні сэрца. Святы Ігнацый Лаёла, яшчэ адзін вялікі духоўны настаўнік, абапіраючыся на свой шлях навяртання, вучыць нас распазнаваць голас Бога, які прамаўляе ў глыбіні сэрца, накіроўвае нашыя крокі і заклікае да ўсё больш глыбокага адзінства з Ім.

Сардэчна вітаю вас, дарагія браты і сёстры!

Цягам апошніх тыдняў на катэхезах мы засяроджваемся на перадумовах добрага распазнавання. Нам заўсёды даводзіцца прымаць тыя ці іншыя рашэнні, а значыць, вырушаць у падарожжа, ісці шляхам распазнавання. Кожная важная дзейнасць выпрацоўвае свае “інструкцыі”, якія належыць добра засвоіць, каб яны давалі неабходны эфект. Сёння мы разгледзім яшчэ адзін незаменны інгрэдыент распазнавання: гісторыю ўласнага жыцця. Веданне жыццёвых падзей з’яўляецца, скажам так, важным кампанентам распазнавання.

Нашае жыццё – самая каштоўная “кніга”, якую мы атрымалі, кніга, якую, на жаль, многія не чытаюць, ці пачынаюць чытаць занадта позна, перад смерцю. Аднак менавіта ў гэтай кнізе можна знайсці тое, што ў іншым месцы шукаць не мае сэнсу. Святы Аўгустын, вялікі шукальнік праўды, зразумеў гэта, калі проста перачытаў сваё жыццё, заўважаючы ў ім ціхія і схаваныя, але выразныя знакі прысутнасці Пана. У канцы гэтага падарожжа ён са здзіўленнем адзначыў: “Ты быў ува мне, а я быў звонку і там шукаў Цябе; знявечаны, я ўрываўся ў створаную Табой прыгажосць. Ты быў са мною, але я не быў з Табою” (пар. “Споведзь” X, 27.38). Таму святы запрашае культываваць унутранае жыццё, каб знайсці тое, што чалавек шукае: “Вярніся ў сябе. Ва ўнутраным чалавеку жыве праўда” (пар. Аб сапраўднай рэлігіі, XXXIX, 72). Гэтае запрашэнне я хацеў бы накіраваць усім вам і нават сабе:

“Вярніся ў сябе. Чытай сваё жыццё. Чытай сябе знутры: якім было тваё падарожжа… Са спакоем. Вярніся ў сябе”.

Фота: book.polotsk.museum.by

Часта мы адчувалі тое, што і Аўгустын, апынуўшыся ў вязніцы думак, якія адводзілі нас ад саміх сябе, у палоне стэрэатыпных пасланняў, якія шкодзілі нам: напрыклад, “я нічога не варты” – і ты адчуваеш сябе прыгнечаным; “у мяне ўсё ідзе не так” – і ты ўжо збіты з панталыку; “я ніколі не дасягну нічога вартага” – і цябе ахоплівае смутак.  Так бывае ў жыцці. Гэтыя песімістычныя сцвярджэнні прыбіваюць да зямлі! Чытаць уласную гісторыю азначае таксама, што мы прызнаём наяўнасць падобных “таксічных” элементаў, але дзеля таго, каб потым пашырыць сюжэт нашага аповеду, навучыцца заўважаць іншыя рэчы, зрабіць яго багацейшым, больш паважаць яго складанасць, адначасна спасцігаючы далікатныя спосабы, якімі Бог дзейнічае ў нашым жыцці. Калісьці я ведаў чалавека, пра якога людзі казалі, што ён заслугоўвае Нобелеўскай прэміі за негатыў: усё было дрэнна, усё, да таго ж ён увесь час стараўся прынізіць сябе. Ён быў поўны горычы, хоць меў шмат добрых якасцяў. А потым напаткаў аднаго чалавека, які яму дапамог – кожны раз, калі ён на нешта скардзіўся, той казаў: “А цяпер, дзеля кампенсацыі, скажы пра сябе нешта добрае”. І ён згаджаўся: “Што ж, так… У мяне таксама ёсць такая і такая якасць”, і пакрысе гэта дапамагло яму рухацца наперад, “разборліва” чытаць сваё жыццё, у якім ёсць і дрэннае, і добрае. Нам трэба чытаць уласнае жыццё, і мы непазбежна заўважым праявы зла, але таксама добрыя рэчы, якія сее ў нас Бог.

Такім чынам, распазнаванню ўласцівы наратыўны падыход, яно не спыняецца на асобным дзеянні, а змяшчае яго ў кантэкст, шукаючы адказу на пытанне: адкуль у мяне гэтая думка? Адкуль браліся мае цяперашіня пачуцці? Куды ўсё гэта мяне вядзе? Якія думкі ў выніку нараджаюцца? Ці сутыкаўся я з нечым падобным раней? Гэта прыйшло мне ў галаву ўпершыню ці такі досвед ужо мне знаёмы? Чаму адны думкі больш настойлівыя за іншыя? Што жыццё спрабуе сказаць мне?

Прагляд жыццёвых падзей таксама дазваляе нам зразумець важныя нюансы і дэталі, якія могуць стаць каштоўнымі памочнікамі, схаванымі да гэтай пары. Напрыклад, нейкі тэкст, паслуга, сустрэча, – нязначныя, на першы погляд, – з часам прыносяць унутраны спакой, даюць радасць жыцця і падказваюць наступныя добрыя ініцыятывы. Вельмі важна спыніцца і дацаніць гэта. Для распазнавання істотнае значэнне мае здольнасць затрымлівацца і заўважаць; інакш кажучы, збіраць тыя каштоўныя і схаваныя пярліны, якія Пан рассыпаў на нашай зямлі.

Дабро заўсёды схаванае, бо яно сціплае і ўтоенае: дабро – схаванае, ціхае, патрабуе павольных і няспынных пошукаў. Божы стыль увогуле тактоўны: Бог любіць заставацца незаўважаным, непрыкметным, Ён не навязвае сябе; Ён – як паветра, якім мы дыхаем: нябачнае воку, дазваляе нам жыць, а мы разумеем гэта толькі тады, калі яго не хапае.

Звычка перачытваць сваё жыццё выхоўвае позірк, абвастрае яго, дазваляе заўважаць маленькія цуды, якія штодня чыніць для нас добры Бог. Зразумеўшы гэта, мы пачынаем бачыць іншыя магчымыя напрамкі, якія развіваюць наш унутраны густ, спакой і крэатыўнасць. Перш за ўсё, мы становімся больш свабоднымі ад таксічных стэрэатыпаў. Мудра хтосьці сказаў, што чалавек, які не ведае свайго мінулага, асуджаны паўтараць яго. Як гэта дзіўна: калі не ведаем пройдзенага шляху, то ўвесь час паўтараем сваё мінулае, ходзім па крузе. Чалавек, які кружляе, ніколі не ідзе наперад, нікуды не падарожнічае; нібы сабака, які ганяецца за сваім хвастом, заўсёды мкне адным шляхам і паўтарае тое самае.

Варта задацца пытаннем: ці распавёў я хоць раз камусьці аб сваім жыцці? Гэта выдатны досвед заручаных пар: калі іх адносіны сапраўды сур’ёзныя, то яны дзеляцца між сабой сваімі жыццёвымі гісторыямі… Гэта адна з самых прыгожых і інтымных форм камунікацыі – расповед пра ўласнае жыццё. Дазваляе адкрываць дагэтуль невядомыя рэчы, малыя і простыя, але, як кажа Евангелле, менавіта з малых рэчаў нараджаюцца вялікія (пар. Лк 16, 10).

Жыцці святых таксама з’яўляюцца каштоўнай дапамогай у распазнаванні стылю, якім Бог карыстаецца ў нашым жыцці; праз святых мы даведваемся, як Ён дзейнічае. Некаторыя паводзіны святых кідаюць нам выклік, паказваюць новыя сэнсы і магчымасці. Так адбылося, напрыклад, са святым Ігнацыем Лаёлам. Апісваючы фундаментальнае адкрыццё свайго жыцця, ён дадае важнае ўдакладненне: “З досведу ён зрабіў выснову, што адны думкі пакідалі яго сумным, іншыя – радасным, і паступова навучыўся ўсведамляць разнастайнасць думак, разнастайнасць духаў, якія дзейнічалі ў ім” (пар. Аўтабіяграфія, 8). Ведаць, што адбываецца ўнутры нас, ведаць, усведамляць.

Распазнаванне – гэта наратыўнае прачытванне ясных і змрочных момантаў, перыядаў суцяшэння і пакінутасці, праз якія мы праходзім на працягу жыцця. Падчас распазнавання сэрца гаворыць з намі пра Бога, і мы павінны навучыцца разумець яго мову. Напрыклад, паразважаць напрыканцы дня, што адбылося сёння ў маім сэрцы. Некаторыя думаюць, што практыкаванне рахунку сумлення нагадвае бухгалтарскі падлік грахоў, – а мы робім іх шмат, – але гаворка ідзе пра тое, каб задаваць сабе пытанні: “Што ўва мне адбывалася? Ці адчуў я радасць? Што мне прынесла радасць? Ці было мне сумна? Што менавіта было прычынай смутку?” І праз гэта навучыцца распазнаваць, што адбываецца ўнутры нас.

Папа Францішак. Генеральная аўдыенцыя, 19 кастрычніка 2022г.

Крыніца: https://www.vatican.va/content/francesco/en/audiences/2022/documents/20221019-udienza-generale.html

Фота: Папа Францішак на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане 19 кастрычніка 2022 г. (vatican.va).