У час крызісу неабходныя моцныя гісторыі і вобразы, створаныя пісьменнікамі, паэтамі, мастакамі, здольнымі крычаць на ўвесь свет пра евангельскае пасланне, – напісаў Папа.

Пантыфік напісаў прадмову да кнігі “Боскі сюжэт” (Una trama divina), якая пабачыла свет 14 студзеня 2023 года. Аўтар кнігі – а. Антоніа Спадара, езуіт, галоўны рэдактар часопіса La Civiltà Cattolica.

“Не бывае гісторый без сюжэту. Бог увайшоў у сюжэт чалавечых падзей з гісторыяй, якую можна расказваць: Езус расчульваецца, набліжаецца, дакранаецца да болю і смерці і ператварае іх у жыццё”, – гаворыцца ў прадмове да кнігі.

“Як казаць пра Езуса? Якую мову выкарыстоўваць? Як адлюстроўваць гэтага “персанажа”, які змяніў сусветную гісторыю? – пытаецца Святы Айцец. – Гэта адзін з выклікаў, які стаіць перад кнігай. Вядома, не звычайнай мовай. Мова сапраўднай традыцыі жывая, жыццёвая, здольная зазірнуць у будучыню, паэтычная. Мова ж звычкі, наадварот, чэрствая, сумная, цырыманіяльная, відавочная. Касцёлу неабходна засцерагацца, каб не трапіць у пастку банальнай мовы, фраз, якія паўтараюцца механічна і стомлена,” – перасцярог Францішак.

“Евангелле павінна быць крыніцай здзіўлення, здольнай узрушыць чалавека да глыбіні душы. Горшае, што можа здарыцца, – гэта ператварыць сілу евангельскай мовы ў цукровую вату: змякчыць уплыў слоў, згладзіць вострыя вуглы фраз”, – лічыць Папа. – “Наколькі важныя словы! Мастакі, пісьменнікі, менавіта дзякуючы свайму натхненню, здольныя захоўваць сілу евангельскай мовы”.

“У гэты час крызісу сусветнага парадку, вайны і вялікай палярызацыі, жорсткіх парадыгмаў, сур’ёзных праблем з кліматам і эканомікай нам патрэбен геній новай мовы, моцныя гісторыі і вобразы, створаныя пісьменнікамі, паэтамі, мастакамі, здольнымі крычаць на ўвесь свет пра евангельскае пасланне, рабіць так, каб мы бачылі Езуса,” – заклікаў Пантыфік.

Крыніца: Vatican News
Фота: AFP or licensors