Славенскі мастак езуіт Марко Рупнік і  каманда каля дваццаці чалавек з розных краін свету ўсталявалі ў санктуарыі La Cova de Sant Ignasi (Пячоры святога Ігнацыя) ансамбль мазаік, створаных для бочных наваў святыні. 

Вынік іх напружанай працы прыцягвае людзей сілай свайго паслання, прыгажосцю і захапляльным працэсам стварэння. Мазаікі, якія займаюць больш за 550 квадратных метраў, паказваюць хрысціянскае пілігрымаванне праз Духоўныя практыкаванні. “Малітоўны маршрут, — як патлумачыў сам мастак, — цягам якога чалавек пераходзіць ад вызнаванага каталіцызму да жывой веры”.

У 2015 годзе Марко Іван Рупнік прыехаў у санктуарый La Cova de Sant Ignasi і атрымаў магчымасць прадставіць гісторыю збаўлення праз сваё мастацтва і досвед Духоўных практыкаванняў. З гэтага часу ён працаваў са сваёй камандай у Centro Aletti ў Рыме над праектам кожнай бочнай навы святыні. У сакавіку 2021 года Рупнік і члены каманды прыбылі ў Манрэзу і распакавалі некалькі кантэйнераў, у якіх быў мармур з пяці кантынентаў, крышталі з розных куткоў свету, глазураваныя пігментамі, залатыя і сярэбраныя керамічныя частачкі і многае іншае. Але сапраўды вялікую ролю адыграла каманда з 22 майстроў больш чым дзесяці розных нацыянальнасцяў, якія працавалі дзень і ноч, каб стварыць мазаіку за два тыдні. З Рупнікам яны вывучалі ўсходнія і заходнія хрысціянскія традыцыі, розныя віды мастацтва, старажытныя абразы, класічныя мазаікі, Біблію, гісторыю. Сваю працу яны зрабілі таксама часам малітвы. Менавіта ў досведзе жывой веры крыецца энергія перадачы святой гісторыі ў сучасным мастацкім творы, які мы можам сузіраць сёння ў Манрэзе.

У гэтых мазаіках святло ідзе нібы наўпрост з камянёў. Асаблівая ўвага нададзена тварам і рукам герояў. У 25 сцэнах нашага жыцця з Богам выяўлены 93 чалавечыя фігуры. Раздроблены матэрыял становіцца адным цэлым па меры набліжэння да чалавека і па меры таго, як чалавек набліжаецца да боскага. Ёсць і колеравы код, які суправаджае мазаікі: напрыклад, залаты, чырвоны і белы кажуць аб прысутнасці Бога, а вось шэры і чорны — аб адсутнасці дабра і святла, аб аддаленасці Бога

Калі мы спыталі ў Марко Рупніка, як можна назваць мазаічны ансамбль гэтага твора мастацтва ў санктуарыі La Cova de Sant Ignasi, ён адказаў: ПРАСТОРА СУСТРЭЧЫ. Езуіт патлумачыў, што мазаіка — гэта незвычайны від мастацтва, які падразумявае супольнасны досвед.

“Досвед Касцёла як супольнасці людзей выражае сутнасць таго, кім мы ёсць”.

Мастак запэўнівае, што ў гэтай тэхніцы наладжваецца дыялог з каменем. “Першы і галоўны ўрок у распілоўванні каменя — абыходзіцца з ім з любоўю і пяшчотай”. 

Магчымасць выканаць гэтую працу якраз там, дзе святы Ігнацый Лаёла пачаў пісаць кнігу Духоўных практыкаванняў, для мастака-езуіта — сапраўдны дар, які ён прымае з “вялікай удзячнасцю” і лічыць “кульмінацыяй таго, аб чым думаў і што вывучаў на працягу усяго жыцця”.

Пасля некалькіх месяцаў мантажу праца завяршылася ўстаноўкай цёплага асвятлення, спрыяльнага для рэкалекцыйнага засяроджання і малітвы. Святыня была зноў адкрыта для наведвання ў красавіку, а ўрачысты акт інаўгурацыі адбыўся ў дзень літургічнага ўспаміну святога Ігнацыя, 31 ліпеня, у прысутнасці Генеральнага настаяцеля Таварыства Езуса а. Артура Соса SJ, які паблагаславіў гэты твор мастацтва.

Рэканструкцыя інтэр’еру санктуарыя з’яўляецца часткай святкавання Ignatius 500 – юбілейнага года, які з мая 2021 г. па ліпень 2022 г. ушаноўвае навяртанне заснавальніка езуітаў. Манрэза асабліва інтэнсіўна святкуе гэтую падзею, бо яна супадае з 500-годдзем прыбыцця святога Ігнацыя ў гэты горад.

Крыніца: A Space of Encounter in 550 square metres of mosaics in Manresa 

Фотаальбом аб стварэнні мазаік: https://www.flickr.com/photos/jesuitasesp/sets/72157718743208268/