У сённяшняй катэхезе аб распазнаванні мы разглядаем досвед духоўнага суцяшэння – адчуванне глыбокай унутранай радасці, дар Духа Святога, які дазваляе нам перажываць суцяшальную прысутнасць Бога і Яго клапатлівы Провід ва ўсім, нават у моманты выпрабаванняў і цяжкасцяў. Святы Ігнацый параўноўвае гэты поўны ласкі ўнутраны рух з кропляй вады на губцы: са спакоем і павагай да нашай свабоды Пан умацоўвае нас у веры, надзеі і даверы да Сваёй нязменнай любові. У жыцці такіх вялікіх святых, як Ігнацый, Эдыт Штайн і Тэрэза з Лізьё, мы бачым, як досвед духоўнага суцяшэння не толькі прыносіць глыбокі ўнутраны супакой і пэўнасць, але таксама дае сілу здзяйсняць незвычайныя рэчы ў служэнні Богу. Знакам сапраўднага суцяшэння з’яўляецца ціхі, плённы і трывалы супакой, які яно прыносіць. Распазнаванне ў гэтым стане патрэбна, каб адрозніць сапраўдныя суцяшэнні ад фальшывых, павярхоўных і карыслівых. 

Дарагія браты і сёстры, добрай раніцы!

Працягваюцца нашыя катэхезы аб распазнаванні духаў: аб тым, як распазнаць, што адбываецца ў  душы і сэрцы. Пасля разгляду некалькіх аспектаў пакінутасці, цемры душы, сёння мы пагаворым пра суцяшэнне – святло душы і наступны важны элемент распазнавання, які нельга прымаць як належнае, каб не сказіць яго сэнс. Мы павінны зразумець, што такое суцяшэнне, як мы спрабавалі разабрацца ў пакінутасці.

Што такое духоўнае суцяшэнне? Гэта досвед унутранай радасці, які дазваляе бачыць прысутнасць Бога ва ўсім, умацоўвае веру і надзею і нават здольнасць рабіць дабро. Чалавек, які перажывае суцяшэнне, ніколі не апускае рук перад абліччам цяжкасцяў, бо заўсёды адчувае супакой, мацнейшы за выпрабаванне. Так што гэта велізарны дар для духоўнага жыцця і жыцця ўвогуле… каб жыць гэтай унутранай радасцю.

Суцяшэнне – унутраны рух, які закранае нашыя глыбіні. Ён не кідкі, а мяккі, далікатны, як кропля вады на губцы (пар. св. Ігнацый Лаёла, Духоўныя практыкаванні, 335). Чалавек адчувае сябе ахінутым Божай прысутнасцю такім асаблівым спосабам, які заўсёды паважае яго ці яе свабоду. Гэты стан ніколі не правакуе разладжанасць, не ўздзейнічае з прымусам на нашу волю і не з’яўляецца мімалётнай эйфарыяй. Наадварот, як мы бачылі, нават пакуты, выкліканыя, напрыклад, уласнымі грахамі, могуць стаць прычынай суцяшэння.

Давайце падумаем пра досвед святога Аўгустына, калі ён размаўляў са сваёй маці Монікай пра прыгажосць вечнага жыцця, або пра дасканалую радасць святога Францішка, якая адначасова была звязана з вельмі цяжкімі сітуацыямі, якія яму давялося перажыць; падумаем пра шматлікіх святых, якія былі здольныя рабіць вялікія справы не таму, што лічылі сябе добрымі або здатнымі, а таму, што іх заваявала ціхамірная слодыч Божай любові. Гэта той самы супакой, які святы Ігнацый са здзіўленнем адкрыў у сабе, чытаючы пра святых. Быць суцешаным – значыць жыць у міры з Богам, адчуваць цалкавіты ўнутраны спакой, гармонію. Такі спакой адчула Эдыт Штайн пасля свайго навяртання. Праз год пасля свайго хросту яна пісала: “Калі я аддаюся гэтаму пачуццю, мяне пакрысе пачынае напаўняць новае жыццё і – без аніякага ціску на маю волю – весці да новых спасціжэнняў. Гэтая жывая плынь, здаецца, бярэ пачатак з дзейнасці і моцы, якія мне не належаць і не чыняць ніякага гвалту, але актывізуюцца ўва мне” (пар. “Philosophy of psychology and the humanities”, ics Publications: 2000). Такім чынам, сапраўдным супакоем ёсць той, які дае магчымасць добрым пачуццям заквітнець у нашым сэрцы.

Суцяшэнне, перш за ўсё, уплывае на надзею, імкнецца ў будучыню, выпраўляе нас у шлях, дазваляе нам брацца за справы, якія доўга адкладаліся ці нават не прыходзілі ў галаву, як, напрыклад, сталася з хростам для Эдыт Штайн.

Суцяшэнне ўяўляе сабой менавіта такі тып супакою, аднак не той, у якім мы сядзім і атрымліваем асалоду, не… Суцяшэнне напаўняе цябе спакоем і вядзе да Пана, накіроўвае ў падарожжа, каб рабіць штосьці, рабіць добрыя рэчы. У хвіліны спасланага нам суцяшэння хочацца здзейсніць вельмі шмат дабра, так заўсёды бывае. І наадварот, калі надыходзіць момант пакінутасці, нам хочацца зачыніцца ў сабе і нічога не рабіць. Суцяшэнне падштурхоўвае нас наперад у служэнні іншым, грамадству, асобным людзям.

Духоўнае суцяшэнне не можа быць “кіраваным” – нельга сказаць “няхай цяпер прыйдзе суцяшэнне” – не, ім немагчыма пакіраваць. Яго нельга запраграмаваць па жаданні. Гэта дар Святога Духа. На прыйсце суцяшэння дазваляе блізкасць паміж чалавекам і Богам, якая нібы адмяняе дыстанцыі. Калі святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус наведала базыліку Святога Крыжа Ерузалемскага ў Рыме ва ўзросце 14 гадоў, яна паспрабавала дакрануцца да шанаванага там цвіка, аднаго з цвікоў, якімі быў укрыжаваны Езус. Тэрэза разумела сваю смеласць як парыў любові і даверу. Пазней яна напісала: “Я сапраўды была занадта дзёрзкай. Але Пан бачыць глыбіню нашых сэрцаў. Ён ведае, што мой намер быў чысты […] Я паводзіла сябе з Ім як дзіця, якое верыць, што ўсё дазволена і якое лічыць скарбы Айца сваімі ўласнымі” (Аўтабіяграфічны рукапіс, 183). Суцяшэнне спантаннае, яно падштурхоўвае дзейнічаць спантанна, нібы па-дзіцячы. Дзеці ж спантанныя, гэтак і суцяшэнне – з уласцівай яму пяшчотай і глыбокім спакоем – правакуе быць спантаннымі. 14-гадовая дзяўчынка цудоўна апісвае духоўнае суцяшэнне. Адчуванне пяшчоты да Бога дадае адвагі нашаму жаданню прыняць удзел у Ягоным жыцці, рабіць тое, што Яму падабаецца, бо мы адчуваем, што Ён нам блізкі, што Ягоны дом – наш дом, мы адчуваем сябе гасцінна запрошанымі, любімымі, адноўленымі. З такім суцяшэннем мы не паддаёмся цяжкасцям: менавіта з такой жа адвагай Тэрэза прасіла ў Папы дазволу ўступіць ў Кармэль, нават будучы тады занадта юнай, і яе жаданне было споўнена. Што гэта значыць? Гэта значыць, што суцяшэнне робіць нас смелымі. Калі мы апынаемся ў цемры, у стане пакінутасці, то прыходзіць думка: “Я не здольны гэтага зрабіць”. Пакінутасць прыгнятае, прымушае бачыць усё ў змрочных фарбах… “О, не, я не здолею, я не буду гэтага рабіць”. А ў моманты суцяшэння ты бачыш тое ж самае па-іншаму і кажаш: “Не, я іду наперад. Я зраблю гэта”. “Але ты ўпэўнены?” “Я адчуваю Божую моц і іду наперад”. Такім чынам, суцяшэнне натхняе ісці наперад і рабіць тое, што мы не былі б здольныя зрабіць у хвіліну пакінутасці. Падштурхоўвае зрабіць першы крок. Вось у чым прыгажосць суцяшэння.

Аднак будзем асцярожнымі. Мы павінны выразна адрозніваць суцяшэнне, якое паходзіць ад Бога, ад фальшывага суцяшэння. У духоўным жыцці адбываюцца з’явы, якія можна параўнаць з творчым працэсам у людзей: ёсць арыгіналы і ёсць імітацыі. Калі сапраўднае суцяшэнне падобнае да кроплі на губцы – яно мяккае і ўнутранае, – то яго імітацыі больш шумныя і бліскучыя. Яны ўяўляюць сабой суцэльны энтузіязм, які палае, нібы салома, нічым не напоўнены, прымушае нас замыкацца ў сабе і не клапаціцца пра іншых. У рэшце рэшт, фальшывае суцяшэнне пакідае нас пустымі, далёкімі ад цэнтра нашага існавання. Вось чаму, калі адчуваем сябе шчаслівымі, спакойнымі, мы здольныя на ўсё. Але давайце не блытаць гэты спакой з нетрывалым энтузіязмам, таму што энтузіязм сёння ёсць, а заўтра не, з часам ён слабне і знікае.

І пагэтаму мы павінны распазнаваць нават тады, калі адчуваем сябе суцешанымі, бо фальшывае суцяшэнне можа стаць небяспекай, калі мы шукаем яго апантана як самамэты, забываючыся пра Пана. Як сказаў бы святы Бернард, мы шукаем суцяшэння ад Бога, а не Бога суцяшэння. Мы павінны шукаць Пана, і гэта Ён суцяшае нас сваёй прысутнасцю. Ён рухае нас наперад. І мы не павінны шукаць Бога, маючы Ягоныя суцяшэнні за асноўны матыў. Не, гэта няправільна. Мы не павінны быць зацікаўленымі ў іх. Гэта дынаміка дзіцяці, пра якога мы згадвалі мінулы раз, якое шукае сваіх бацькоў толькі дзеля таго, каб нешта атрымаць, задаволіць патрэбы, але не дзеля саміх бацькоў. Ім рухае ўласны інтарэс. “Тата, мама” – дзеці ведаюць, што рабіць, як з гэтым гуляцца, а калі сям’я раздзялілася, звыкаюць падыходзіць то да аднаго, то да другога, а гэта нядобра і з’яўляецца не суцяшэннем, але асабістай выгадай. Нам таксама пагражае рызыка жыць адносінамі з Богам па-дзіцячаму, шукаючы ўласных інтарэсаў, спрабуючы звесці Бога да аб’екта, які мы выкарыстоўваем і спажываем, губляючы найпрыгажэйшы дар, якім з’яўляецца Сам Бог. Такім чынам, давайце рухацца наперад у жыцці, якое ідзе паміж суцяшэннямі ад Бога і пакінутасцю з-за граху свету, стараючыся адрозніваць, калі гэта суцяшэнне паходзіць ад Бога і прыносіць душы глыбокі супакой, а калі гэта прамінальны энтузіязм, у цэлым нядрэнны, але ён не суцяшэнне, якое дае Бог.

Папа Францішак. Генеральная аўдыенцыя, 23 лістапада 2022г.

Крыніца: https://www.vatican.va/content/francesco/en/audiences/2022/documents/20221123-udienza-generale.html

Галоўная выява: Папа Францішак на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане 23 лістапада 2022 г. (Крыніца: AP).

Папярэднія катэхезы аб распазнаванні