З якой прычыны хтосьці становіцца братам-езуітам ці святаром-езуітам?

Я належу да Таварыства Езуса ўжо 14 гадоў і хачу падзяліцца сваімі шасцю асноўнымі прычынамі, чаму варта быць езуітам.

Прычына першая – ты хочаш развівацца на працягу ўсяго жыцця

Быць езуітам – значыць быць чалавекам місіі. Адной з галоўных рысаў нашай харызмы з’яўляецца даступнасць, г.зн. гатоўнасць ісці туды, дзе ёсць найбольшая патрэба, – дзеля большай хвалы Божай.

Гэта, натуральна, азначае, што ты апынешся ў сітуацыях, у якіх ніколі раней не быў. Цягам усёй маёй фармацыі у мяне былі місіі, якія патрабавалі напружання ўсіх маіх сіл і адначасова далі мне новыя навыкі: ад выкладання Святога Пісання студэнтам другога курса ў Сан-Францыска да суправаджэння мігрантаў у Лацінскай Амерыцы.

Безумоўна, я стаў лепшым чалавекам у выніку гэтага досведу, а таксама лепшым святаром.

Прычына другая – табе падабаецца знаёміцца з новымі людзьмі

Да ўступлення ў ордэн мой свет быў адносна невялікі. Я вырас у прыгарадзе на поўдні Каліфорніі, і ўсе, каго я ведаў і любіў, знаходзіліся на адлегласці адной гадзіны дарогі.

Калі я стаў езуітам, мае гарызонты пашырыліся. Дзякуючы кожнаму новаму прызначэнню на вучобу ці на апостальскую працу, я знаёміўся з новымі езуітамі, калегамі, студэнтамі, парафіянамі і сябрамі. І цяпер я магу сказаць, што шчаслівы мець вялікую сетку добрых узаемаадносін, якая ахоплівае некалькі штатаў і краін.

Прычына трэцяя – ты хочаш даведацца пра новыя культуры і месцы

Езуіцкі ордэн міжнародны, а гэта значыць, што нас можна знайсці ў большасці краін свету. Нярэдка нашая фармацыя адбываецца за мяжой, і нягледзячы на тое, што жыццё здалёк ад роднай краіны бывае няпростым, я таксама зразумеў, што такі выклік вельмі ўзбагачае.

Гэта ні з чым не параўнальны досвед – мець магчымасць маліцца і адчуваць сябе як дома з сабратамі езуітамі, якіх ніколі раней не сустракаў, у краіне, дзе ніколі не быў.

Прычына чацвёртая – ты хочаш жыць у братэрскай супольнасці, якая прыносіць табе радасць і адначасова кідае выклік

У мяне ніколі не было біялагічных братоў (хоць у мяне цудоўныя сёстры), і я заўсёды тужыў па досведзе братэрства. Зараз у мяне 14 000 братоў-езуітаў па ўсім свеце, і таму Бог пэўным чынам даў мне тое, чаго я прагнуў.

Святы Ігнацый ад пачатку хацеў, каб мы жылі як таварышы, як сябры ў Пану. Без сумневу, жыццё ў супольнасці часам прыносіць крыж, але з’яўляецца таксама месцам, дзе я адчуваю вялікую любоў і радасць.

Прычына пятая – ты хочаш суправаджаць людзей на духоўным шляху

Згодна з нашымі раннімі дакументамі і лістамі, галоўнай мэтай Таварыства Езуса з’яўляецца “дапамога душам”, г.зн., набліжэнне іншых да Бога.

Як езуіт я магу суправаджаць людзей, абапіраючыся на вельмі жыццядайную спадчыну св. Ігнацыя. Для мяне няма большага суцяшэння, чым дапамагаць іншым набліжацца да Езуса. Калі і табе гэта прыносіць радасць, то, магчыма, ты маеш пакліканне езуіта.

Прычына шостая – ты любіш Езуса і хочаш быць Яго спадарожнікам

Гэта асноўная прычына стаць езуітам.

Хрыстус кліча кожнага з нас па імені, і праз духоўныя практыкаванні кожны езуіт фармуе глыбокае асабістае сяброўства з Панам.

З усіх дароў, якія дало мне гэтае жыццё, я найбольш удзячны за адносіны з Езусам, якія кожны дзень падтрымліваюць і ажыўляюць маё пакліканне.

Гэта мае шэсць галоўных прычын. Іншы езуіт, верагодна, прапанаваў бы іншыя. Аднак, калі Дух узрушыў тваё сэрца падчас чытання маіх разваг, то, магчыма, ты маеш пакліканне стаць братам або святаром у Таварыстве Езуса.

Эндру Лагуна SJ

Калі ёсць пытанні, напішы нам – [email protected]