Пасля урачыстасці Спаслання Духа Святога мы вярнуліся ў звычайны літургічны перыяд. Запрашаю аднак чытачоў у нашых разважаннях затрымацца над таямніцай дзеяння Святога Духа, які няспынна сыходзіць і ажыўляе Касцёл Божы: таямніцай, якую мы ўзгадваем у кожную нядзелю.

Нядзеля – дзень, калі не толькі праслаўляем Бога за перамогу над смерцю ва ўваскрасенні Пана Езуса з памерлых, але і ўспамінаем таксама “дзень нараджэння” Касцёла ў свята Пяцідзесятніцы, праз сем тыдняў пасля Пасхі, калі абяцаны Суцяшыцель сышоў на вучняў. “У першы дзень тыдня, калі Езус Хрыстус уваскрос і спаслаў на апосталаў Духа Святога…” –  кажа святар у Эўхарыстычнай малітве перад тым, як прасіць Бога Айца, каб Ён моцаю таго ж Духа асвяціў дары хлеба і віна, перамяняючы іх у Цела і Кроў Хрыста. Менавіта праз дзеянне Духа Святога пасхальная таямніца ў яе жыватворчай моцы дасягае вернікаў Хрыстовых у кожную эпоху і ў кожным месцы.

У Сімвале веры мы вызнаем Духа Святога як таго, хто “прамаўляў праз прарокаў”. Гэтая фраза нагадвае нам пра тое, што Святы Дух натхніў кнігі, якія мы знаходзім у Бібліі: не толькі “прароцкія” тэксты ў вузкім значэнні слова (г.зн. напісаныя пятнаццацю аўтарамі, названымі “прарокамі” ў тытулах адпаведных кніг), але і ўсе іншыя, якія ўвайшлі ў канон Святога Пісання. Дух Святы сваім боскім натхненнем даў зямным аўтарам аб’явіць праўду пра Бога і пра шлях збаўлення, якім Пан вядзе чалавечую сям’ю. Той жа Дух праўды “ажыўляе” сваім нябесным подыхам словы, якія знаходзім на старонках Старога і Новага Запаветаў, робячы іх “жывым і дзейсным” Божым словам (пар. Габр 4, 12). Гэта адбываецца такім чынам, што Дух Святы сваім святлом дазваляе нам бачыць уласнае жыццё і падзеі вакол нас праз прызму Пісанняў як частку дзівоснай гісторыі збаўлення. Слова Божае тады закранае глыбіню нашых сэрцаў, нясе суцяшэнне, узмацненне, надзею, мужнасць.

Што кажа Святое Пісанне пра дзеянне Духа Святога ў нашым жыцці?

“Суцяшыцель, Дух Святы, … навучыць вас усяму і нагадае вам пра ўсё, што Я сказаў вам”, кажа Пан Езус вучням падчас апошняй вячэры (Ян 14, 26). У самых розных жыццёвых сітуацыях Святы Дух нясе нам напамін Добрай Навіны Езуса, каб мы не згубілі арыенціры на нашым шляху ў гэтым свеце. “Напамін” значыць не “дыктоўку з чыстага ліста”: нам трэба слухаць, чытаць, старанна засвойваць Божае слова, каб Дух мог на гэтай падставе ў адпаведны момант нагадаць нам евангельскую праўду. Ніколі не будзем губляць паставу вучняў, якія гатовыя ўслухоўвацца ў навучанне Нябеснага Настаўніка – Суцяшыцеля, дзеянне якога неаддзельнае ад Уваскрослага Пана. Робім гэта перш за ўсё ў малітоўным разважанні, адкрываючы сэрца на дзеянне Духа ў нас, але таксама карыстаючыся пасрэдніцтвам мудрых і святых зямных настаўнікаў, якіх Пан дае свайму Касцёлу.

Езус называе Духа “Суцяшыцелем”: Яго прысутнасць сапраўды прыносіць душы суцяшэнне, “прахалоду стомленым, адпачынак у працы, цень у дзень гарачы”, як спяваем у секвенцыі на ўрачыстасць Пяцідзесятніцы. “Параклет”, евангельскі тытул, які перакладаецца як “Суцяшыцель”, мае больш багатае значэнне: гэта той, які падтрымлівае, не пакідае ў адзіноце, узмацняе словам надзеі… На лацінскай мове гэты тытул гучыць як “Advocatus”, то бок той, каго клічуць у абарону, хто дапамагае словам супраць абвінаваўцаў. Наш галоўны абвінаваўца – сатана, які выкарыстоўвае чалавечую слабасць і недасканаласць, каб прыніжаць нашу годнасць і пераканаць, што мы нявартыя Божай увагі і міласэрнасці, каб пазбавіць надзеі і пакінуць у роспачы. Менавіта супраць яго Дух Святы выступае як магутны Абаронца, нагадваючы нам словы любові і супакою, якія Айцец скіраваў да нас праз свайго Сына. Св. Ігнацый Лаёла ў “Духоўных практыкаваннях” дае больш шырокае акрэсленне тэрміну “суцяшэнне”, якое звязваем з дзеяннем Духа Святога. Піша Ігнацый: “называю суцяшэннем кожнае ўзрастанне надзеі, веры і любові і кожную ўнутраную радасць, што клічуць і вабяць да нябесных рэчаў і да дабра” (ДП, 316). У адрозненне ад спакусіцеля, які “ўрываецца” ў верную душу з непакоем, шумам і замяшаннем, Дух дзейнічае з далікатнасцю і лагоднасцю, забіраючы сумневы і перашкоды, дадаючы сілы і ўпэўненасць.

Немагчыма тут агарнуць усё, што слова Божае кажа нам пра дзеянне Святога Духа ў жыцці Хрыстовых вернікаў; узгадаем яшчэ толькі некалькі асноўных праўдаў, пра якія варта заўсёды памятаць. (Найбольш зматываваныя чытачы могуць у якасці “самастойнай працы” прачытаць 8-ы раздзел Паслання да Рымлянаў, каб паглыбіць вучэнне св. Паўла пра ролю Духа Святога.) Апостал з моцай сцвярджае: “Вы ж не прынялі духа няволі, каб зноў баяцца, але прынялі Духа ўсынаўлення, у якім мы клічам: «Абба, Ойча!» Гэты самы Дух сведчыць духу нашаму, што мы дзеці Божыя” (Рым 8, 15-16). Дух Святы – “Дух усынаўлення”: Ён далікатна, але няспынна нагадвае нам, што Бог – наш сапраўдны Айцец, што “другое” – духоўнае – нараджэнне ад Бога праз ваду і Духа нашмат больш важнае, чым фізічнае прыйсце ў гэты свет. Ніхто і ніколі не можа забраць гэту нашу найвышэйшую годнасць. Святы Хрост пакідае на нашай душы незгладжальную “пячаць”: мы “намашчаныя” (“памазаныя” – christoi) Духам Святым назаўсёды, на ўзор Езуса, Памазаніка – Месіі Божага.

“Ці не ведаеце, што вы святыня Божая і што Божы Дух жыве ў вас?” — піша апостал Павел у іншым лісце (1 Кар 3, 16). Мая душа і маё цела – месца прабывання Святога Духа: ці ж не дзівосная гэта праўда? Нам варта часцей затрымлівацца над гэтай праўдай, просячы, каб Божае жыццё станавілася ўсё больш відавочным, усё больш інтэнсіўным у нас, ва ўсіх нашых здольнасцях, ва ўсім, што мы робім, гаворым, думаем. У малітве можам на некалькі хвілін звярнуць увагу на сваё дыханне: гэты рытм фізічнага жыцця кажа нам пра тое, як подых Духа суправаджае нашае звышнатуральнае жыццё ў Богу. Дух Божы сапраўды напаўняе нас! Ён далікатна чакае і жадае, каб мы ўсё больш адкрываліся на супрацоўніцтва з Яго асвячальнай і дзейснай ласкай.

Езус называе апосталаў сябрамі, сам становячыся найлепшым Сябрам для іх і для кожнага з нас, за каго Ён ахвяраваў сваё жыццё. Паводле аналогіі можам сказаць, што Дух Святы – таксама наш Сябра: Ён заўсёды побач са сваёй гаючай ласкай, са сваёй дзейснай моцай, з парадай у цяжкія моманты, як абаронца супраць злога духа, як крыніца натхнення, радасці, энтузіязму, цярплівасці. Будзем звяртацца ў нашым жаданні жыць паўнатой Божага жыцця да нашага Сябра – Суцяшыцеля, які заўсёды нанова адкрывае нам асобу Езуса – Збавіцеля і адлюстроўвае любоў Нябеснага Таты.

Віктар Жук SJ

Крыніца: Газета Віцебскай дыяцэзіі “Каталіцкі веснік” №6 (147) 2023г.