Гамілія на ХIІ звычайную нядзелю, Год A

Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея

Езус сказаў сваім Апосталам: Не бойцеся людзей, бо няма нічога схаванага, што б не адкрылася, і нічога патаемнага, што б не стала вядомым. Што кажу вам у цемры, гаварыце на святле, і што на вуха чуеце, прапаведуйце на дахах. Не бойцеся тых, хто забівае цела, душы ж не могуць забіць; а бойцеся больш таго, хто можа і душу, і цела загубіць у геене. Ці ж не два вераб’і прадаюцца за ас? I ніводзін з іх не ўпадзе на зямлю без волі Айца вашага.

У вас жа і валасы на галаве палічаны. Таму не бойцеся: вартыя вы больш за многіх вераб’ёў. Так кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, і Я прызнаю перад Айцом Маім, які ў нябёсах. А хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, ад таго і Я адракуся перад Айцом Маім, які ў нябёсах.

Мц 10, 26–33

Сёння мы чуем працяг прамовы Пана Езуса да вучняў, якіх Ён пасылае абвяшчаць Евангелле. «Не бойцеся!» — ажно тройчы паўтарае Хрыстус.

Місія апосталаў нялёгкая: Езус не хавае ад іх тых цяжкасцяў і супраціву, якія іх могуць напаткаць. Менавіта таму пасланнікі Езуса маюць патрэбу ў запэўненні, што іхняе заданне вартае высілку. Пан добра ведае сэрца чалавека, нашую слабасць і крохкасць перад абліччам выпрабаванняў. Тым не менш, Ён не перастае клікаць і давяраць сваім вучням быць сведкамі Яго Евангелля. Заклік не баяцца — не халодная забарона адчуваць негатыўныя рэакцыі перад магчымымі нягодамі ў жыцці, а слова Пана, «жывое і дзейснае» (пар. Гбр 4, 12), якое нясе ў сабе моц дзейнічаць. Гэта тая зброя, якую Пан дае нам, запэўніваючы, што будзе побач з намі сваёй нябачнай, але магутнай прысутнасцю.

Чалавек адважны — не той, хто перастае адчуваць страх, а той, хто, нягледзячы на страх, выбірае зрабіць крок — без гарантыі, але з даверам, што Пан будзе суправаджаць яго сваёй моцай.

Святое Пісанне вучыць нас, што страх з’яўляецца першым наступствам першароднага граху. «Спалохаўся я», — адказвае Адам на пытанне Пана: «Дзе ты?» (пар. Быц 3, 9–10). Страх — адна з галоўных прылад д’ябла, які імкнецца аддзяліць нас ад Бога і перашкодзіць жыць у паўнаце. Гэта супрацьлегласць адносінам даверу, да якіх запрашае нас Бог у нашым жыцці. Страх прымушае нас хавацца ад Бога, робячы з нашай галізны, безабароннасці перад Стварыцелем прычыну для сораму там, дзе мы, наадварот, маем патрэбу ў прыняцці і міласэрнасці. Усе мы нейкім таямнічым чынам удзельнічаем у граху Адама і Евы, але, як нагадвае нам апостал Павел у другім чытанні, ласка Божая, якая вылілася на зраненае чалавецтва праз уцелаўлёнага Божага Сына, нашмат мацней за грэх дзейнічае ў кожным, хто прымае і вызнае Езуса Хрыста як Збаўцу.

Сведчыць з перапоўненага сэрца

«Кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, і Я прызнаю перад Айцом Маім, які ў нябёсах. А хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, ад таго і Я адракуся перад Айцом Маім, які ў нябёсах,» — кажа Хрыстус. Таксама гэтыя словы могуць гучаць для нас як строгая перасцярога ці халоднае патрабаванне, якое з’яўляецца часткай «кантракту» збаўлення. Аднак нам варта хутчэй пачуць тут запрашэнне дзяліцца тым дарам, які мы атрымалі ў нашым жыцці і які не можа застацца толькі і выключна для нас.

Так, сведчанне нашай веры перад іншымі можа стаць прычынай для пагарды, кпін, а ў некаторых выпадках і пераследу — часам нават з боку сям’і.

Сітуацыя прарока Ераміі, пра якую даведваемся з першага чытання, яскрава ілюструе гэтую праўду. Супраціў Богу і негатыўны ўплыў «гэтага свету» ў любую эпоху немагчыма ігнараваць. У кожным з нас закладзена жаданне быць у бяспецы, мець пашану, «быць на добрым рахунку» сярод людзей. Аднак калі мы імкнемся да такога стану рэчаў любым коштам, рызыкуем здрадзіць Богу і нашаму сумленню, нашай найглыбейшай тоеснасці.

Благаслаўлёны ксёндз Ежы Папялушка ў нядаўні драматычны момант гісторыі Польшчы, калі было ўведзена ваеннае становішча і ў грамадстве панавала вельмі напружаная атмасфера, казаў: «Трэба адкінуць страх, які пазбаўляе волі і паралізуе думкі і сэрца чалавека. Баяцца трэба толькі аднаго — здрадзіць Хрысту за пару срэбранікаў бясплоднага спакою».

Для ўсіх паслядоўнікаў Хрыста заўсёды застаецца актуальным тое, што кажуць апосталы ў адказ на спробу сінэдрыёну забараніць ім навучаць у імя Езуса: «Трэба слухацца больш Бога, чым людзей» (пар. Дз 4, 19).

У сённяшнім евангельскім урыўку Хрыстус вучыць баяцца Бога, а не людзей.

Боязь Божая — адзін з дароў Духа Святога, аб якім нам варта прасіць як аб той ласцы, якая дапамагае нам правільна расстаўляць прыярытэты. Баяцца Бога не значыць у першую чаргу мець страх перад Ім як суддзёй і перад пакараннем, ці лепш сказаць перад наступствамі нашай непаслухмянасці Стварыцелю. Страх Божы — гэта глыбокая павага і пашана да той Таямніцы, якая ў бясконцай дабрыні і любові адорвае нас жыццём і ласкай; гэта страх абразіць Тату, здрадзіць Любові.

У такім ключы абяцанне Езуса, што Ён прызнае нас перад Нябесным Айцом, калі мы вызнаем Яго перад людзьмі, становіцца запрашэннем да ўсё бліжэйшага знаёмства і сяброўства з Ім. Бо «вусны гавораць тое, чым перапоўнена сэрца» (Мц 12, 34): мы здольныя сведчыць настолькі, наколькі Уваскрослы Пан завалодаў нашымі сэрцамі, наколькі Ён адкрыў нам «шырыню і даўжыню, і вышыню, і глыбіню» сваёй любові, якая «перавышае ўсялякае разуменне» (пар. Эф 3, 18).

Тады, у святле Ягонага Духа, мы пачынаем спасцігаць каштоўнасць нашай несмяротнай душы, якая носіць у сабе вобраз Божы, і правільна цаніць сваё цела: яно з’яўляецца зернем, якое павінна памерці ў гэтым свеце, каб уваскрэснуць у шчаслівай вечнасці перад Богам.

Няхай Умілаваны Сын сваёй любоўю прагоніць з нашых сэрцаў усялякі страх (пар. 1 Ян 4, 18), каб мы з мужнасцю і ў радасці неслі сведчанне аб Ім. Амэн.

Віктар Жук SJ