Францішак напісаў прадмову да кнігі, у якой сабраны разважанні італьянскага езуіта, а. Паола Даль Ольё, які прапаў без вестак у Сірыі дзесяць гадоў таму.

У кнізе “Мой запавет” святар дзеліцца сваімі думкамі аб Правілах манаскай супольнасці Дэйр Мар Муса, якую ён заснаваў у Каталіцкім Касцёле ў Сірыі, адраджаючы старажытны манастыр, заснаваны ў VI стагоддзі, які прыйшоў у заняпад у канцы ХІХ стагоддзя. Ён таксама гаворыць аб сваіх глыбокіх матывах адраджэння гэтага цэнтра, аднаўлення вялікай традыцыі айцоў пустыні і надання ёй новага значэння, якое з’яўляецца “сведчаннем любові Хрыста ў араба-мусульманскім кантэксце”. Гэты манастыр у пустыні манах успрымаў як “святло, бачнае здалёк, прыпынак у шляху, прыпынак у паломніцтве”, – адзначыў Папа ў сваёй прадмове.

Францішак згадаў, як дзесяць гадоў таму а. Паола адважна шукаў на поўначы Сірыі кантактаў з выкрадальнікамі двух біскупаў, і пасля гэтага яго след знік, пра езуіта да гэтага часу нічога не вядома. Пантыфік лічыць, што не варта вінаваціць іслам як такі ў таямнічым і драматычным знікненні святара; не трэба адмаўляцца ад таго гарачага дыялогу, у які заўсёды верыў Даль Ольё.

А. Паола Даль Ольё (у цэнтры) са сваімі сабратамі

“Гаворка ішла не пра палітычную тактыку, але пра погляд місіянера, які адчувае перш за ўсё моц міласэрнасці Хрыста. Гэта не фундаменталісцкі погляд, але далікатны, поўны той надзеі, якая не расчароўвае, бо спачывае ў Богу”, – адзначыў Святы Айцец, прызнаючыся, што быў вельмі крануты, калі перачытваў некаторыя прарочыя ўрыўкі з тэксту, які “нагадвае духоўны запавет”.

“Я кажу: нашае пакліканне ў мусульманскім кантэксце павінна быць упрыгожана ўсмешкай радасці. І няхай гэта будзе дзень радасці, калі гэтага хоча Бог, той дзень, калі мы пакаштуем апошнюю ахвяру за Езуса, і просім аб гэтай ласцы, таму што гэта ласка, якую ніхто не можа прыпісаць сабе”, – такімі словамі зніклага без вестак а. Паола Даль Ольё завяршае Францішак сваю прадмову да кнігі “Мой запавет.

Крыніца: Беларуская рэдакцыя Vatican News