Кантэмпляцыя нараджэння Езуса можа стаць добрым лекам у працэсе адшукання здаровага і сапраўднага вобраза Бога. Паглядзім, што гэтае незвычайнае духоўнае практыкаванне можа даць нам, людзям ХХІ стагоддзя, якім даводзіцца жыць у час крызісу Касцёла і веры.

Вобраз Бога

Кожны з нас носіць у сабе нейкі асаблівы, уласны вобраз Бога. Ён ствараецца перадусім на базе нашага досведу адносінаў з бацькамі. Калі мы былі дзецьмі, мама і тата з՚яўляліся для нас адзіным аўтарытэтам. У нейкім сэнсе, яны былі для нас богам. Сёння мы ведаем, што яны не былі ідэальнымі, мелі свае недахопы – часам дробныя, а часам даволі  сур՚ёзныя, якія спрычыніліся да дысфункцыйнасці ў сям’і, што магло пагражаць нашаму пачуццю бяспекі, інтэгральнасці. Нярэдка такія траўмы мы носім у сабе гадамі. Толькі з цягам часу пачынаем разумець, што, напрыклад, жорсткасць нашых бацькоў, іх абыякавасць або фізічная ці эмацыйная адсутнасць не значаць, што і Бог таксама такі. Але нават калі мы ўжо ўсвядомім сабе гэта, аказваецца, што спатрэбіцца яшчэ шмат часу і ласкі, каб здзейснілася ўнутранае аздараўленне вобразу Бога. Сіла эмацыйных ранаў вельмі вялікая. Сфармаваны ў нас вобраз Бога, напрыклад, як справядлівага суддзі, які за дабро ўзнагароджвае, а за зло карае, мы можам увесь час насіць у сабе, не ведаючы пра ягоны дэструктыўны ўплыў на нашае духоўнае жыццё, улічваючы адносіны з іншымі і з самімі сабой. У выніку, мы можам адчуваць страх перад Богам, якога перш-наперш трэба баяцца. Адзін чалавек прызнаўся мне, што калі ён быў малы, страх быў пераважаючым пачуццём у трох сферах жыцця: у школе, дома і ў касцёле. У школе трэба было баяцца настаўнікаў, у хаце – бацькоў, а ў касцёле… Бога, які мае моц пакараць пеклам за грахі. Тым не менш, акрамя прыхаваных страхаў, трэба ўсвядоміць сабе таксама ўсё дабро, атрыманае ад бацькоў або апекуноў, дзякуючы якому мы сталі на шлях веры і адносінаў з Богам.

Кантэмпляцыя нараджэння Езуса, якую мы знаходзім у Духоўных практыкаваннях (ДП 110-117), можа карысна паўплываць на адшуканне здаровага і сапраўднага вобраза Бога. Прапаную паглядзець, у чым заключаецца прапанова св. Ігнацыя.

Нячаста можна сустрэцца з вобразам Бога, заснаваным на сцэне нараджэння Езуса ў стайні. Існуе шмат твораў мастацтва, пераважна, карцін, якія апісваюць гэтую падзею. Мы захапляемся каляднымі спевамі, тэксты якіх скіроўваюць увагу на парадокс бясконцага Бога, які прымае чалавечую прыроду з усімі яе абмежаваннямі:

Бог нараджаецца – моц дрыжыць,
Пан нябёсаў – голы!
Агонь застывае – святло цямнее,
Мае межы – Бясконцы!
Пагарджаны – хвалою поўны,
Смяротны – Валадар адвечны,
А Слова сталася Целам
І жыло між намі [1].

 Кс. Ян Твардоўскі у сваёй геніяльнай прастаце пісаў:

Асёл ганарыцца,
Вол хваліцца,
Толькі Бог не саромеецца
быць такім маленькім [2].

Можа, менавіта таму свята Божага Нараджэння надзвычай важнае для нас, бо нясе ў сабе фундаментальны сэнс, якога прагна шукае душа: Бог просты, Бог звычайны, Бог ёсць адным з нас у асобе маленькага, безабароннага немаўляці. Гэта не Бог, хуткі на суровае асуджэнне, гэта не Бог, які карае, гэта не Бог без літасці. Давайце паставім кропку над «і» ды ўспомнім словы самога Езуса: «Хто бачыў Мяне, бачыў Айца» (Ян 14, 9). Мне падабаецца адносіць іх да Езуса на крыжы, бо яны прыгадваюць мне праўду пра тое, што ў скатаваным, церпячым Езусе на крыжы таксама замучаны і знявечаны Бог-Айцец. Гэта не Айцец, які стаіць, склаўшы рукі, абыякавы да пакутаў Сына. Гэта не Айцец, які нібыта меў давесці Сына да жудаснай, нялюдскай смерці. Не Айцец асудзіў Езуса на смерць, але канкрэтныя людзі. На шляху духоўнага развіцця мы з часам знойдзем у сабе тыя самыя механізмы зла, якімі кіраваліся тыя, што крыжавалі Хрыста, мінакі і іншыя… Аднак часам недзе ў нас гучыць рэха жудаснага, бязлітаснага Айца, які ўкрыжаваў свайго Сына. Цікава, што гэта нам дае?

У кантэмпляцыі нараджэння Езуса св. Ігнацый запрашае нас аздаравіць вобраз Бога, які мы носім у сабе. Зрабіць гэта ён прапануе праз кантэмпляцыю (сузіранне) сцэны Божага нараджэння, уважліва ўглядаючыся ў яе вачыма душы, вачыма ўяўлення, не абмінаючы нават дробязі. Ідзецца не пра інтэлектуальны аналіз, але пра дотык да свету нашых эмоцый, да найбольш інтымнага, далікатнага і крохкага ў нас, што магло быць паранена. Паранена і схавана ці надзейна ізалявана, каб больш не выклікала боль. Св. Ігнацый прапануе нам “бачыць асобы, а менавіта нашую Пані і святога Юзафа, прыслужніцу і Дзіцятка Езуса пасля ягонага нараджэння. Самому ж стацца бедным нявартым слугою і, быццам знаходзячыся там, глядзець на іх, сузіраць і служыць ім у патрэбах з усёй магчымай павагай і пашанай. А затым паразважаць, каб атрымаць нейкую [духоўную] карысць (пар. ДП 114). Аўтар Духоўных практыкаванняў запрашае нас, каб мы прысутнічалі ў стайні нараджэння, у месцы, прызначаным для жывёл, якое з՚яўлялася таксама прытулкам для пастухоў. У ім не было нічога ўтульнага, аднак менавіта яно сталася месцам нараджэння маленькага Валадара Сусвету! Мы павінны ўяўляць сябе там, дазволіць сабе спантанныя жэсты любові, якія ведае кожнае чалавечае сэрца, хоць мы і маглі пра іх забыцца. Кантэмпляцыя сцэны Божага нараджэння мае вярнуць нас да першай любові. У пэўным сэнсе, яна нагадвае, што кожны з нас быў некалі безабаронным немаўляткам ва ўсёй прыгажосці і нявіннасці малога дзіцяці. Такі вобраз немаўляці ў абдымках матулі быў вядомы ў Ізраэлі. Гэта быў вобраз Бога, які з матчынай пяшчотай ставіцца да выбранага народа, аб чым кажа Псальм 131 (130):

Пане, маё сэрца не ганарыцца
i не ўзнімаюцца мае вочы,
я не ганяўся за вялiкiм
і тым, што недасяжна для мяне.
Але суцяшаў і супакойваў маю душу;
як немаўля, аднятае ад грудзей сваёй мацi,
душа мая ўва мне, як аднятае немаўля.
Няхай Iзраэль спадзяецца на Пана
адгэтуль i навекi.

Немаўля ў гэтым псальме – дзіця суцішанае, накормленае і фізічна, і эмацыйна блізкасцю галоўнай для яго асобы: маці. Цікава, што Бог паказвае сябе Ізраэлю ў вобразе маці, якая клапоціцца аб сваім малым дзіцяці.

Дзіця ўва мне

Аказваецца, у кожным з нас існуюць тры станы нашага «я», якія праяўляюцца ў розных камунікатыўных сітуацыях: дзіця, бацька/маці і дарослы. Аб гэтым кажа кірунак псіхалогіі, які называецца трансакцыйным аналізам, стваральнікам якога з’яўляецца Эрык Бэрн. Кожная з частак нашага «я» патрэбная і карысная ў нашым штодзённым жыцці. Езус казаў у свой час, што калі не зменімся і не будзем як дзеці, не ўвойдзем у Нябеснае Валадарства (Мц 18, 2). Гэта сцвярджае і св. Ігнацый Лаёла, калі ў разважаннях пра нараджэнне Хрыста заахвочвае ў заключнай размовепрасіць, паводле атрыманага святла, аб тым, што дапамагае лепш наследваць і пераймаць нашага Пана, які толькі што стаў для мяне чалавекам” (пар. ДП 109). Гэтае заахвочванне да пераймання Езуса (не дарослага, не адказнага выхавацеля і настаўніка, але маленькага, безабароннага і залежнага ад іншых немаўляці) можа стаць сур’ёзным выклікам для нас, людзей на адказных пасадах, з безліччу розных абавязкаў і цяжараў, якія трэба несці на сваіх плячах. Праз удзел у пабожным служэнні, за якое нас дадаткова хваляць або дзякуючы якому мы атрымліваем задавальненне і ўзнагароду, можам давесці сябе да сітуацыі, калі згубім сувязь з сабою, а менавіта з дзіцём унутры нас. Што гэта за дзіця? Часта згадка пра дзіця найперш спалучаецца ў нашым уяўленні з безадказнасцю, нясталасцю або нават з пагрозлівай некіруемай спантаннасцю. Так, мы можам лічыць дзіця ўнутры нас пагрозай. Св. Ігнацый у кантэмпляцыі пра Божае нараджэнне паказвае нам Магутнага Пана Сусвету, Стварыцеля і Збаўцу, які не баіцца быць дзіцём, і які выбраў першым пасланнем свету – а першымі яго слухачамі сталі пастухі ды пазней мудрацы – паказаць Сябе безабаронным, крохкім, уразлівым і патрабуючым любові з боку апекуноў. На зямлі нараджаецца Бог, які патрабуе чалавечай любові. Вось, галоўная думка кантэмпляцыі. Цераз адкрыццё і прыняцце сябе як дзіцяці, якім з՚яўляецца таксама сам Бог, Стварыцель спрабуе прыгадаць нам галоўную праўду, якую св. Ігнацый змясціў у Фундаменце Духоўных практыкаванняў: «Чалавек створаны (…) дзеля Бога», а гэтым Богам ёсць Бог любові. У табе і ў кожным чалавеку жыве Бог, які патрабуе ад цябе, ад мяне, ад кожнага чалавека любові!

Няма лепшага вобразу, які б мог перадаць нашую фундаментальную патрэбу любіць Бога, іншага чалавека і самога сябе, чым гэты вобраз безабароннага нованароджанага дзіцяці пасярод халоднай, вільготнай і бруднай стайні. Кантэмпляцыя пра нараджэнне павінна дакрануцца да самых глыбокіх струн эмпатыі, пяшчоты і спачування, якія мы маглі ў дарослым жыцці страціць, засяроджваючыся на тым, каб быць перадусім бацькамі ці дарослымі. Гэта таксама важныя постаці ў нас унутры, якія дапамагаюць нам даваць рады з адказнасцю і выклікамі дарослага жыцця. Аднак страта ўнутранага дзіцяці вядзе да вялікай трагедыі: мы губляем сувязь з сабою – перш за ўсё, з поўнай энергіі, жыцця і радасці часткай нашага ўнутранага «я». І, звыш таго, мы Бога лічым страшным і чэрствым. Кантэмпляцыя аб нараджэнні, паказваючы нам годнасць і каштоўнасць дзіцяці, якім стаецца сам Бог, можа дапамагчы нам вярнуць сапраўднае месца ўнутранага дзіцяці ў нашым духоўным і псіхалагічным свеце, бо, канешне ж, гэтыя дзве сферы спалучаны паміж сабой. 

Наследваць …Дзіця

Да чаго ж тады запрашае нас кантэмпляцыя нараджэння Езуса? Як хтосьці мудра заўважыў, ніхто не можа ўчыніць нічога, каб Бог любіў нас больш або менш, да прыкладу, з прычыны нашых заслуг ці грахоў. Дарэчы, чытаючы ў Евангеллі прыпавесць пра марнатраўнага сына, мы заўважаем гэты парадаксальны факт, што Бог з нязменнай любоўю бяжыць нам насустрач, схіляецца да нас і абдымае, хоць мы збочылі з добрых шляхоў. Выйсці насустрач дзіцяці ў сабе – значыць зразумець фундаментальную праўду, што галоўным жэстам любові з՚яўляецца жэст працягнутай да Бога пустой рукі, гэтак жа, як свае ручкі да бацькоў – Марыі і Юзафа – цягне Маленькі Езус. Гэты жэст цалкам адрозніваецца ад жэста, якім распачалася чалавечая прыгода са злом. Тады Ева працягнула руку, каб сарваць плод з дрэва пазнання дабра і зла. А хвіліну пазней Адам працягнуў руку да Евы, беручы ад яе той жа плод. Бачым, што ў адным выпадку рука цягнецца, бярэ, заціскае далонь і гарне да сябе, а ў іншым выпадку – пустая далонь адкрываецца да Бога ў жэсце дзіцячай бездапаможнасці і адначасова даверу да бацькоў, ад якіх дзіця залежыць. Вось два кірункі, вакол якіх у нашым жыцці ідзе духоўная барацьба ў любым узросце. Верагодна, якраз гэта меў на ўвазе Езус, запрашаючы нас стаць, як дзеці. Прастата, давер малога дзіцяці, нявіннасць. Пошук у сабе гэтай часткі, якую некаторыя містыкі называюць унутраным санктуарыем, які не закранула ніякае зло, святое святых. Адкрыццё гэтага месца можа дапамагчы нам па-новаму паглядзець на сябе, асабліва ў сітуацыях, калі мы ў сабе зняверыліся, перажылі сур՚ёзнае расчараванне ў зле, якому дазволілі сябе звесці і ў якім завязлі. Плёнам гэтай кантэмпляцыі можа стаць хаця б усведамленне, што Бог заўсёды глядзіць на нас як на сваё любімае дзіця, нават калі мы яшчэ вельмі далёка ад сапраўднага навяртання. Бо менавіта так у прыпавесці пра марнатраўнага сына айцец звяртаецца да свайго старэйшага сына, які таксама яго пакінуў, аддаліўшыся духоўна і эмацыйна, нягледзячы на фізічную прысутнасць: “Дзіця, ты заўсёды са мною, і ўсё маё – тваё. А цешыцца і весяліцца трэба было таму, што гэты брат твой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся” (Лк 15, 31-32). Нам трэба нанава пачуць  словы, якія Бог кіруе да нас без аніякіх умоў, прымаючы пад увагу і магчымасць нашай адмовы. Мы не ведаем, што ў выніку зрабіў старэйшы сын, ці знайшоў сваё  ўнутранае дзіця і ці адкрыў шлях чулай міласэрнасці, якой яму не хапіла ў адносінах да свайго брата, а нават і да самога сябе, калі ён так цяжка працаваў у полі, якое атрымаў з-за несправядлівага падзелу спадчыны.

Няхай гэтая кантэмпляцыя дапаможа нам спаткацца з Богам-Немаўляткам, малым Дзіцяткам. Няхай адкрые новы вобраз Бога – Бога, які прагне любові і патрабуе нашага клопату. Няхай дапаможа нам адшукаць сваё ўнутранае дзіця, можа, пакінутае, забытае, самотнае, якое ўвесь час чакае любові. Калі мы будзем  яе даваць, калі будзем прымаць дзіця безумоўна – так, як міласэрны айцец, – тады пакрысе адновім унутраную гармонію жыцця, гармонію Божага Валадарства, якое ёсць унутры нас.

Дарыюш Міхальскі SJрэкалекцыяніст, аўтар публікацый пра хрысціянскую і ігнацыянскую духоўнасць, супрацоўнічае з JRS Poland, вядзе блог www.chwila-jezuici.pl

[1] Bóg się rodzi – moc truchleje,
Pan niebiosów – obnażony!
Ogień krzepnie – blask ciemnieje,
Ma granice – Nieskończony!
Wzgardzony – okryty chwałą,
Śmiertelny – Król nad wiekami,
A Słowo Ciałem się stało
I mieszkało między nami.

[2] Grudzień choinka
osioł zaszczycony
wół zarozumiały
tylko Bóg się nie wstydzi
że jest taki mały

Крыніца: MANREZA. Pismo poświęcone duchowości ignacjańskiej. 4/2023 (16).

Пераклад: Вікторыя Сідар / Jezuity.by