На дахах рымскага Калегіума Беларміна (Collegio Bellarmino) два езуіты стварылі вісячы сад, працягваючы традыцыю, якая мае асаблівае значэнне для Таварыства Езуса, асабліва ў той час, калі пасадка дрэў набыла яшчэ большае значэнне, чым раней.

У кожную эпоху езуіты стваралі сады. Хіба гэта дзіва? Кожны, хто паглыбляе сваё духоўнае жыццё або дапамагае іншым пазнаць Бога, хутка зразумее, чаму: сад – гэта месца сустрэчы. Біблія кажа пра гэта, пачынаючы з Эдэнскага саду на першых старонках і заканчваючы горадам-садам нябеснага Ерузалема на апошніх, узгадваючы па дарозе, між іншымі,  “замкнёны сад” у Песні Песняў. Уваскрасенне Хрыста адбываецца ў садзе, і Ён усё яшчэ чакае нас там. У гісторыі Таварыства любоў да садоў выяўлялася ў самых розных формах, як навуковых, так і духоўных, а таксама адчувальных на дотык – рукамі, якія працуюць з глебай у літаральным сэнсе. Энцыкліка Laudato Si’ і Апостальскі прыярытэт “Клопат аб нашым супольным доме”, устаноўлены падчас апошняй Генеральнай Кангрэгацыі, надаюць гэтай традыцыі новую актуальнасць.

Батанікі і садоўнікі-езуіты

Пра Саламона было сказана, што ён “гаварыў пра дрэвы, пачынаючы ад кедра, што ў Лібане, аж да гізопу, які расце на муры” (1 Вал 4, 33). Езуіты рабілі тое самае: гісторыя Таварыства багатая на батанікаў. Несумненна, піянерам быў Джавані Батыста Ферары (каля 1584-1655), які першым даў навуковае апісанне сямейства цытрусавых. Місіянерскі бум Таварыства спрыяў захапленню яго членаў раслінным царствам у розных кутках свету: клопат пра душы ўвасобіўся ў клопаце пра глебу і ўсе віды раслін, пачынаючы з лекавых відаў. Колькасць батанічных садоў павялічвалася. Сад, створаны партугальскім езуітам Жаао дэ Лурэйру (каля 1715-1791) у В’етнаме, змяшчае больш за 1000 розных відаў раслін, і браты езуіты адыгралі ў гэтай авантуры незвычайную ролю. Нельга не згадаць брата Джузэпэ Кастыльёне (1688-1791), высокаталенавітага мастака, які ўдзельнічаў у стварэнні саду ў імператарскіх палацах Пекіна. Іншы геній, брат Джасцін Жыле (1866-1943), стварыў месца, якое пазней стала найбуйнейшым батанічным садам у цэнтральнай Афрыцы ў Кісанту, у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга. Сёння ён занесены ў спіс Сусветнай спадчыны.

Езуіты Джавані Батыста Ферары і Генры Хокінс (1577-1646) пісалі эстэтычныя разважанні аб садах. Луі Рышэм (1544-1625), натхнёны садам у навіцыяце ў Сант-Андрэа-аль-Квірынале ў Рыме, апісанне саду спалучаў з кантэмпляцыяй Ad amorem, якая запрашае нас «убачыць, як Бог жыве ў стварэннях», асабліва «ў раслінах, выклікаючы іх рост…» (пар. ДП 235).

Сад на 360 градусаў

Сёння сад Сант-Андрэа ператвораны ў гарадскі парк, у якім захаваліся шматлікія кедры і вялікае камфарнае дрэва, пасаджанае езуітамі. Менш чым за кіламетр адтуль на велізарным балконе Калегіума Беларміна быў закладзены новы вісячы сад.

Спачатку быў распрацаваны план саду, у якім наяўная тэрыторыя была разгледжана з усіх бакоў, а таксама былі вызначаны месцы для размоў і зацішныя куткі для кантэмпляцыі. Ірыгацыйная сістэма ўсталявана так, што сад можа змясціць каля 30 дрэў, пераважна з тых відаў, якія паходзяць з міжземнаморскага басейна: дубы, хвоі, інжыр, гранатавыя дрэвы, усе віды цытрусавых і з дзясятак аліўкавых дрэў. Побач з імі расце вялікая колькасць раслін, у тым ліку дзве велізарныя камеліі, назва якіх паходзіць ад прозвішча чэшскага езуіцкага батаніка і місіянера на Філіпінах Георга Ёзафа Камела (1661-1706).

Цэнтр Рыма амаль суцэльна заняты каменем і цэментам, дрэў зусім няшмат. Упрыгожыўшы зелянінай дах Калегіума Беларміна, мы імкнуліся адказаць на актуальную патрэбу нашага часу.  Бо, па словах батаніка Стэфана Манкуза, “нашыя гарады, у якіх жыве 50 працэнтаў насельніцтва свету, адказныя і за выкіды найбольшай колькасці CO2. Гарады павінны быць цалкам пакрытыя раслінамі. Не толькі ў адведзеных месцах: парках, садах, клумбах і гэтак далей, але і на дахах дамоў, балконах, тэрасах, тратуарах, комінах, святлафорах і інш. Павінна існаваць толькі адно простае правіла: усюды, дзе ёсць магчымасць жыць расліне, яна мае быць”.

Сад над Белармінам – цалкам адкрытая прастора, з якой адкрываецца агляд на 360 градусаў. У ім ёсць надпіс, які цытуе аднаго з першых езуітаў, Гераніма Надаля, які сказаў: “Свет – наш дом”. Праз гэтыя дрэвы на балконе велізарнае пачуццё салідарнасці яднае нас з езуітамі і іх сябрамі па ўсім свеце, якія ўзяліся за справу рэабілітацыі і аднаўлення лясоў, каб запэўніць, што свет застаецца “агульным домам” для ўсёй чалавечай сям’і.

Гансалу Мачада SJ, Жан-П’ер Санэ SJ
Калегіум Белармін, Рым

Крыніца: jesuits.global/2023/12/27/and-they-planted-trees/