“Юзэфе, сыне Давіда, не бойся прыняць Марыю, жонку тваю…” Звяртаючыся да Юзафа ўва сне, анёл называе яго “сынам Давіда” – таго, з чыім іменем былі звязаныя месіянскія чаканні Божага народу. Давіду было абвешчана, што яго “трон будзе трываць навекі” (2Сам 7, 16), і пасля многіх стагоддзяў, калі здавалася, што гэта абяцанне засталося пустымі словамі, яно пачало рэалізавацца цалкам нечаканым чынам. Юзаф, чыя прыналежнасць да дому Давіда была хіба што нагодай для настальгічных успамінаў пра слаўнае мінулае роду, раптам быў пакліканы да супрацоўніцтва ў Божым плане, але зусім не так, як магло б падказаць чалавечае ўяўленне.

Юзаф, да якога Бог звяртаецца праз сны, нагадвае іншага падобнага персанажа з тым жа іменем: Юзафа, сына Якуба, якога браты прадалі ў няволю ў Егіпет, але які Божым Провідам стаў збаўцам роду Ізраэля. Такім чынам Юзаф, будучы муж Марыі і апякун Дзіцяці, народжанага з Яе, стане апошнім патрыярхам: “злучальным звяном” паміж гісторыяй выбранага народу і новай эпохай паўсюднага збаўлення, якая пачалася з прыйсцем у свет Адзінароднага Божага Сына.

У перыяд Адвэнту разам са св. Юзафам мы ўслухоўваемся ў Божае абяцанне, якое заўсёды пераўзыходзіць наша чалавечае ўяўленне. “Не бойся”, – кажа анёл Юзафу, ведаючы ягоную збянтэжанасць пасля навіны пра цяжарнасць Марыі. Мы ў сваіх жыццёвых сітуацыях, калі часта не разумеем, дзе выйсце, што нам рабіць, можам прасіць дапамогі ў св. Юзафа, які таксама перажыў нямала дзён трывогі і няўпэўненасці. У лісце “Patris Corde”, прысвечаным году св. Юзафа, Папа Францішак піша: “Гісторыя збаўлення спаўняецца «ў надзеі насуперак надзеі» (гл. Рым 4, 18) праз нашыя слабасці. Занадта часта мы думаем, што Бог дзейнічае толькі праз тое, што ў нас добрае і выйгрышнае, хоць насамрэч большасць Яго планаў рэалізуецца праз нашыя слабасці і нягледзячы на іх.” Папа звяртае ўвагу на такую рысу постаці св. Юзафа, як прыняцце ім рэчаіснасці, у тым ліку таго, “што мы не выбралі, а што аднак існуе. Такое прыняцце жыцця дазваляе ўбачыць схаваны сэнс.” Прысутнасць цярпення, болю, зла і нянавісці ў нашым свеце і ў нашым асабістым жыцці можа правакаваць у нас жаданне хавацца ад рэчаіснасці, не глядзець на тое, што раніць. У такіх сітуацыях як жа мы патрабуем той надзеі, якая абапіраецца не на людскія запэўніванні, а на фундамент Божага абяцання, звернутага да нас праз слова Божае. Св. Юзаф у ключавыя моманты свайго жыцця атрымаў напрамую дакладныя ўказанні, што яму рабіць. Да большасці з нас не звяртаецца анёл Божы ў сне, але мы маем магчымасць шукаць свой жыццёвы шлях праз тое, што ўслухоўваемся ў словы Пісання і імкнемся распазнаць голас Пана, які гучыць у Ягоным слове і ў нашым сумленні. Разам са св. Юзафам мы хочам вучыцца “быць рэалістамі”, а ў святле веры гэта значыць, як тлумачыць Папа Бэнэдыкт XVI, “у Божым слове распазнаваць фундамент усяго” (Verbum Domini, 10).

Св. Юзаф, адказваючы на заклік Пана, “стаў слугою паўсюднага плану збаўлення”, як кажа Папа Францішак, цытуючы св. Яна Хрызастома, і выконваў гэту сваю місію ў надзвычайнай прастаце і сціпласці. Словы Езуса пра тое, што “апошнія будуць першымі” (Мц 19, 30), напэўна датычаць і зямнога бацькі нашага Пана. Тое, што абвяшчае Марыя на парозе дому Альжбеты – “скінуў магутных з трону і узвысіў пакорных” (Лк 1, 52) – таксама адносіцца і да Яе прачыстага абранніка. “Святы Юзаф нагадвае нам, што ўсе, хто знешне непрыкметны або «другарадны», прымаюць выключны актыўны ўдзел у гісторыі збаўлення”, – піша Францішак. На працягу доўгіх гадоў Юзаф з прастатой і цярплівасцю спаўняў звычайныя абавязкі мужа і бацькі Святой Сям’і, даючы прыклад Езусу і навучаючы Яго ў тым ліку рамяству. Такім чынам святы рамеснік з Назарэта паказвае нам вартасць звычайнага, “схаванага” жыцця, якое становіцца надзвычайным, бо яно адгэтуль асвячанае прысутнасцю побач Божага Сына. Нам не трэба быць кімсьці важным паводле катэгорый гэтага свету, каб прыняць тое непаўторнае заданне, якое жадае даверыць кожнаму з нас Пан у гісторыі збаўлення. Адмаўляцца ад гэтай місіі будзе супрацьлегласцю сапраўднай пакоры, якая ўцелаўляецца праз паслухмянасць Божаму закліку, заўсёды прысутнаму ў жыцці кожнага.

Урэшце, узгадаем яшчэ адзін тытул св. Юзафа: да яго мы звяртаемся як да “апекуна добрай смерці”, бо ён памёр на руках Марыі і Езуса. Першая частка Адвэнту прысвечана разважанню над таямніцай Парусіі – другога прыйсця Пана, і хоць мы верым і чакаем, што гэта можа здарыцца ў любы момант, у асабістым вымярэнні “прыйсце Пана” адбываецца, калі мы паміраем – лепш сказаць, калі Пан кліча нас да сябе. Перыяд Адвэнту можа быць добрай нагодай, каб праз заступніцтва св. Юзафа, ласкай Божай расла ў нас радасная гатоўнасць сустрэцца з Богам тварам у твар у любы момант, калі толькі Ён пажадае паклікаць нас да сябе. Няхай надзея на гэтую сустрэчу з Айцом і з усімі святымі ўзмоцніць наша імкненне жыць на зямлі так, каб нас прызналі за “сваіх” у Божым Валадарстве. 

Віктар Жук SJ

Крыніца: часопіс “Аve Maria” №12 (321) 2021