“Слова сталася целам і пасялілася між намі”, – урачыста і радасна абвяшчаем мы ў перыяд Божага Нараджэння (Ян 1, 14).  Кожны раз, прамаўляючы падчас нядзельнай Эўхарыстыі “… і ўцелавіўся ад Духа Святога з Дзевы Марыі”, схіляем галовы – а 25 снежня і 25 сакавіка нават становімся на калені, калі вызнаём гэту праўду ў Сімвале веры: спрадвечны Бог прымае чалавечае цела, становіцца адным з нас, падобным да нас ва ўсім, апрача граху. З іншага боку, тое самае слова “цела” выкарыстоўваецца біблійнымі аўтарамі ў іншым, негатыўным значэнні. Гэты факт можа выклікаць замяшанне ў нашым успрыманні, таму пастараемся заглыбіцца ў тое, што адкрывае нам Божае слова пра нашу (і Божую) цялеснаць.

Грэцкае слова sarx, перакладзенае як “цела”, адно з тых словаў, што ў залежнасці ад кантэксту маюць розныя сэнсы. Першае значэнне sarx – “плоць”, г.зн. “мяккая” частка таго, што з’яўляецца матэрыяльным складнікам чалавека (ці таксама жывёлы). Па аналогіі гэтае паняцце можа ўказваць таксама на чалавека наогул як жывую істоту. Такое значэнне слова “цела, плоць” – цалкам нейтральнае. Яно адпавядае габрэйскаму бачанню чалавека, які мае жыццё дзякуючы подыху, што Пан Бог удыхнуў у яго ноздры (пар. Быц 2, 7). Усё, што выходзіць з рук Божых, – “прыгожае і добрае”, нават “вельмі” (пар. Быц 1, 31). Чалавек як вяршыня Божага стварэння асаблівым чынам адлюстроўвае славу Божую ў сваёй цэласнасці, як істота духоўная і цялесная. Дарэчы, у старазапаветным уяўленні, калі гаворка ідзе пра “душу” чалавека, найчасцей маецца на ўвазе чалавечая істота ў яе цэласнасці – з целам і душой.

З іншага боку, біблійная антрапалогія не ігнаруе той факт, што цела/плоць раней ці пазней перастаюць жыць, паддаюцца тленню. Іх існаванне ў часе абмежаванае. Таму ў Святым Пісанні мы знаходзім таксама сцвярджэнні пра тое, наколькі прамінальнае жыццё чалавека ў целе, наколькі наша існаванне крохкае, пазначанае слабасцю, нясталасцю і смерцю (пар. Іс 40, 6 і 1 П 1, 24: “Усякае цела – быццам трава…”). У біблійным уяўленні хвароба, цярпенне і смерць звязаныя з грахом, які ўвайшоў у гісторыю людзей і сапсаваў чалавечую прыроду. Таму, паводле аналогіі, натхнёныя тэксты кажуць пра цела/плоць таксама як пра тое вымярэнне чалавечай істоты, якое закранутае наступствамі граху і дзе грэх “знаходзіць сабе жыллё”. Так апостал Павел з горыччу усклікае: “Не жыве … у маім целе добрае… Зло, якога не хачу, раблю” (Рым 7, 18-19). Езус жа сцвярджае: “Дух ажыўляе, цела ж ні на што не прыдатнае” (Ян 6, 63). У такім негатыўным сэнсе мы часта можам пачуць у тэкстах св. Паўла пра “цялеснае”, якое супрацьпастаўляецца таму, што Божае, што паходзіць ад Духа Святога. Чытаючы пасланні апостала Паўла (і іншых аўтараў, якія карыстаюцца падобным лексіконам), важна добра разумець, што такім чынам яны не прыніжаюць цялеснае, матэрыяльнае вымярэнне нашага існавання ў адрозненне ад таго, што “духоўнае”: такі дуалістычны погляд з’яўляецца ерассю, якая зноў і зноў у розных формах узнікала на працягу гісторыі хрысціянства. Матэрыяльны складнік нашай істоты сам па сабе добры, бо паходзіць ад Бога-Стваральніка. Не трэба забывацца, што ён паводле Божай задумы будзе пераменены праз уваскрасенне з памерлых дзеля нашага існавання ў Божай славе. Як мы карыстаемся нашым целам, якія рашэнні прымаем адносна яго, як дзейнічаем праз яго – гэта сфера выбару, каторая датычыць нашай духоўнай сутнасці. Тое, хто і што мы ёсць у гэтым свеце, з’яўляецца непадзельнай еднасцю духа, душы і цела (патройная візія таго, хто мы ёсць, – тэма для іншай размовы, яе абмяркуем у наступны раз). Грахоўныя імпульсы, здаецца, “нараджаюцца” ў нашым целе і звязаныя з яго рознымі патрэбамі, аднак нам трэба ўмець “услухоўвацца” у глыбіню нашай істоты і адрозніваць знешнія праяўленні ад іх каранёў. (Памятаем, што галоўны грэх – гэта пыха: грэх зрынутых анёлаў, бесцялесных істотаў!) Гэта праўда, як кажуць таксама сённяшнія навукоўцы, што дрэнныя схільнасці “запісваюцца” цялесна ў нашым мозгу і нервовай сістэме ў выглядзе нейронных сувязяў, і ў выніку наша свабода можа аказацца ў значнай меры абмежаванай (асабліва калі дрэнныя звычкі становяцца паўнавартаснымі залежнасцямі). Але спакуса – гэта духоўная з’ява, якая датычыць маральнага выбару чалавека: рашэння слухацца ці не слухацца Божай волі. Здаецца, што, як здараецца з нашымі добрымі пастановамі ў чымсьці сябе абмежаваць ці адмовіцца ад чагосьці шкоднага, гэта менавіта наша цела нам “здраджвае”, цягне ў “свой” бок насуперак “добрай” волі. Праўда, аднак, заключаецца ў тым, што наша ўзаемадзеянне з уласным целам праз розум і волю – гэта складаны працэс, дзе сваё цела трэба не проста “ўтаймоўваць”, але ў першую чаргу вучыцца правільна любіць яго. Здаровая аскеза менавіта там бярэ свой пачатак – ва ўменні цаніць і добра клапаціцца пра той Божы дар, які дазваляе нам быць Божымі партнёрамі ў гэтым свеце і праяўляць сваю любоў праз канкрэтныя ўчынкі служэння, увагі і пяшчоты.

Падсумоўваючы вышэй сказанае, заўважым, што цела – гэта матэрыяльная частка чалавечай натуры, створаная Богам як штосьці добрае і прыгожае. Дзякуючы ёй мы існуём у часе і прасторы. Адначасова ў ёй праяўляецца наша фізічная крохкасць і праз яе – таксама маральная слабасць чалавека. Не трэба абясцэньваць і прыніжаць сваё ўласнае ці чужое цела. Дзякуючы правільнаму ўзаемадзеянню (якое пачынаецца з любові і здаровага клопату пра наша цела) яно становіцца інструментам, каторы дазваляе нам быць Божымі партнёрамі ў гэтым свеце. Няхай Езус, Сын Божы, Які стаў нашым братам, прыняўшы такое ж цела, як нашае, будзе для нас узорам і крыніцай любові, што ўцелаўляецца ў служэнні.

А ў наступны раз мы разглядзім, што Святое Пісанне мае на ўвазе, калі кажа пра тры часткі чалавечай істоты – дух, душу і цела.

Віктар Жук SJ

Крыніца: https://catholicnews.by/biblijny-leksikon-cela/

Выява: фрэска Мікеланджэла “Стварэнне Адама”.