Французскі філосаф Дэкарт нанёс немалую шкоду, сказаўшы сваё знакамітае “Думаю значыць існую”. Спрабуючы вырашыць праблему сумневу, ён міжволі стварыў сучасную пастку празмернага мыслення і разбурыў мост паміж розумам з аднаго боку і целам і эмоцыямі з другога. Так мы атрымалі  праблему дуалізму, разводу паміж целам і розумам. Гэтая з’ява значна больш распаўсюджаная, чым можа здавацца, у ёй знаходзіцца корань сучасных хвароб, пачынаючы ад ідэалогій і заканчваючы трывожнасцю. З улікам каранціну і пандэміі асабліва важна ізаляваць сябе ад негатыву і нападаў на нашае псіхічнае здароўе.

Большая частка сучасных захворванняў, дэпрэсій і самаразбурэння звязана з празмерным абдумваннем, разважаннем негатыўных думак і зацыкленасці на тым, што “круціцца” ў галаве. Інтэлект і мысленне, хаця і відавочна важныя, павінны быць спалучаны з афектыўным, эмацыйным светам пачуццяў, каб па-сапраўднаму прыносіць карысць і быць крыніцай мудрасці. Несумненна, гаворка ідзе аб тонкай раўнавазе, бо празмерны акцэнт на эмоцыях таксама шкодны. І ўсё ж, немач сённяшніх дзён бярэцца з занурвання ў думкі, імклівыя і дакучлівыя, якія падрываюць нашае добрае самаадчуванне.

Тэрапеўтычны падыход кагнітыўна-паводзінскай тэрапіі (КПТ) аказаўся асабліва эфектыўным у барацьбе з гэтым разбуральным мысленнем, а таксама ва ўзнаўленні больш здаровых разумовых мадэляў. Ігнацыя Лаёлу часта называюць першым практыкуючым КПТ, спасылаючыся на эпізод, калі ён меў справу з асабліва падступнай думкай. “Думка” датычылася выбару новага ладу жыцця ў якасці пілігрыма, у выніку чаго ў ім паўсталі перашкоды і сумненні у здольнасці вытрымаць такое жыццё да канца сваіх дзён. Ігнацый змог спачатку распазнаць, што насамрэч гэта была падманлівая і знішчальная спакуса, а потым цалкам адкінуў яе. Ён быў вызвалены ад тыраніі бяспекі і ілжывых прагненняў мець неардынарнае жыццё.

Галоўнае адкрыццё Ігнацыя ў тым, што ў любы момант да нас звяртаюцца два галасы: адзін – ад Бога – вядзе да жыцця, а другі, названы Ігнацыем “ворагам чалавечай прыроды”, вядзе да “смерці”. Нягледзячы на тое, што гэта перадусім духоўнае разуменне, яно, бясспрэчна, мае велізарныя наступствы для псіхічнага здароўя і самаадчування. У рэшце рэшт, яно зводзіцца да паслядоўнага прыняцця рашэнняў, якія паляпшаюць жыццё, барацьбы са спакуслівымі дэманамі і іх выкрыццё. Увогуле Ігнацый распрацаваў цэлую сістэму для дыферэнцыяцыі галасоў, так званае “распазнаванне духаў”, каб дапамагчы людзям быць мудрымі ў абліччы падману і спробаў шкоднага ўздзеяння.

Мы не можам дазволіць сабе быць наіўнымі: слуханне кепскага голасу прыводзіць да дэструкцыйных наступстваў. Тым не менш, людзі, схільныя разважаць, як Дэкарт, лічаць, што калі ў нас у галаве ёсць ясная і выразная ідэя, яна павінна быць праўдай. Відавочна, што гэта рэцэпт катастрофы. Возьмем, напрыклад, шырока распаўсюджаную думку: “Я дрэнны чалавек”. Мы і так маем звычку празмерна зацыклівацца на негатыве, а гэтая думка настолькі пераканаўчая і спакуслівая, што можа аслабіць чалавека і паставіць на край прорвы адчаю і самаразбурэння. Але калі гэтую “думку” праверыць, яе змест ніяк не адпавядае рэчаіснасці; усе мы створаны добрымі, і хоць можам рабіць дрэнныя рэчы і памыляцца, гэта не адмяняе фундаментальнай праўды.

Мы хутчэй маем патрэбу ў тым, каб навучыцца фільтраваць і правяраць свае думкі, старанна ўзважваць іх, каб высветліць, праўдзівыя яны ці не. Адзін з ключавых спосабаў выкрыцця ілжывых думак – рэфлексія і ўменне слухаць свой унутраны голас. Традыцыйна яго называлі сумленнем, але больш дакладна можна было б акрэсліць як усведамленне альбо свядомасць. Існуе пэўнае ўнутранае пачуццё (або “нюх”), якое мы можам развіць для прыняцця рашэння, які голас слухаць. Ёсць адчувальнае пачуццё неспакою, “няправільнасці” і смерці, якое суправаджае “злы” голас, і, адпаведна, ёсць пачуццё правільнасці, лёгкасці і жыцця, якое спадарожнічае “добраму голасу”. Карысным будзе практыкаванне рэфлексіі: стварэнне фільтра для наступстваў досведу ці думак. Можна параўнаць гэта з праглядам перажытага вачамі мудрага і спагадлівага чалавека, каб ясна ўбачыць, дзе было добрае, а дзе –  фальшывае, марнае. Гэта навык, які можна практыкаваць.

Падсумаванне

  • Фільтруйце вашыя думкі і правярайце іх рэалістычнасць.
  • Правярайце думкі, дзелячыся імі з надзейным сябрам.
  • Не трывайце ў негатыве.
  • Займіцеся сваім целам, шпацыруйце, бегайце, плавайце, расцягвайцеся, дыхайце ці любым іншым спосабам шукайце цэльнасці.
  • Ёсць дабро і зло; рашэнні маюць значэнне, а пасіўнае або бяздумнае жыццё заканчваецца кепска.
  • Распазнавайце сапраўдны неспакой; дазваляйце сумленню прамаўляць.
  • Дзейнічайце канструктыўна, спагадна і сумленна.
  • Адкрыйце сэнс альбо мэту свайго жыцця.
  • Не дазваляйце, каб вас знеахвочвалі негатыўныя ўяўленні і праекцыі.
  • Захоўвайце раўнавагу ў рэчах і пачуццях, любая крайнасць не прыносіць карысці.


Брэндан МакМанус SJ

Крыніца: Filter your thoughts against reality