Па шчырасці, у любы момант мы можам выявіць у сабе адну-дзве раны. Кажучы пра раны, я маю на ўвазе эмацыйную траўму, якую адчуваеем у сэрцы, псіхіцы, душы пасля нейкай падзеі. Магчыма, вас хтосьці абразіў. Ад вас адвярнуліся. Вас звольнілі з працы. Не ацанілі, прынізілі. Прапанаваны тут прагляд запрашае памаліцца за гэтыя раны.
Хачу звярнуць увагу, што гэта досыць складанае практыкаванне. Калі вы знаходзіцеся не ў лепшым настроі (напрыклад, пасля цяжкага дня) або калі вам не ўдаецца знайсці адпаведнае зацішнае месца, то можна пачакаць, пакуль не будзеце да гэтага прагляду гатовыя.
Унутраная рана
Суцішваюся ў пачатку малітвы такім спосабам, які адпавядае майму цяперашняму стану. Называю і аддаю Пану тое, што дакучае і перашкаджае засяродзіцца… Тройчы раблю глыбокі ўдых-выдых, і потым дыхаю звычайна і спакойна.
У імя Айца і Сына і Духа Святога. Амэн.
1. Падзякую Богу за адну-дзве ласкі, атрыманыя сёння…
2. Малітва. Пане, асвятлі мяне і ўмацуй Сваёй ласкай, якую прашу: пакажы маю рану ў сэрцы, якая мяне прымушае адчуваць сябе чалавекам пакрыўджаным, напалоханым, раз’юшаным або вартым жалю. Прывядзі мяне ў тое цяжкае месца і не выпускай маёй рукі ні на момант, калі цяпер, з малітвай, буду зноў перажываць балючыя моманты жыцця.
Успамінаю падзеі, якія сёння зранілі мяне… Мужна вытрымліваю гэты цяжкі момант. Памятаю, што Бог поруч…
3. Якая самая моцная эмоцыя ўзнікае ўва мне, калі я ўспамінаю балючы досвед?… Кажу ўслых Богу тое, што адчуваю. Напрыклад, «Божа, я адчуваю злосць (або сум, або роспач, або збянтэжанасць)». Некаторы час прабываю з Богам і з гэтымі пачуццямі.
4. Звяртаюся зноў да Пана і прашу: пакажы мне, як стан гэтай раны можа пагоршыцца — павялічыцца або нагнаіцца… Калі я дазволю гэтай ране адвесці мяне ад веры, надзеі і любові, то які будзе вынік? Якім чынам гэтая рана можа спакусіць мяне да зла?.. Міласэрны Божа, не дазволь, каб са мной гэта сталася…
Калі адчуваю, што мне патрэбна пэўная ласка, каб пазбягаць дрэнных учынкаў, то прашу Бога наўпрост, сваімі словамі…
5. Пабуду цяпер у цішыні, даючы Богу магчымасць зрабіць са мной усё, што Ён жадае, вось цяпер. Магчыма, у гэтыя бязмоўныя хвіліны Бог проста пакладзе сваю цёплую бацькоўскую руку на маю галаву. Можа, Ён нешта мне скажа. А можа, мы проста пасядзім разам у цішыні… Гэта нармальна, калі здаецца, што Бог маўчыць і ўвогуле нічога не робіць… З даверам аддаю ўсё ў Яго рукі, каб Ён загаіў гэтую рану ў свой час і сваім спосабам.
6. У малітве, з дапамогай уяўлення, я мару пра той дзень, калі больш не буду адчуваць сябе параненым. Што гэта было б за адчуванне?.. Якімі маглі б быць мае адносіны, погляды, думкі, пачуцці, словы і ўчынкі, калі б сапраўды мая душа ачуняла з болю?.. Якая ласка мне патрэбная для аздараўлення? Прашу Бога адарыць мяне ёю…
7.Пане, калі на тое Твая воля, цяпер пакажы мне, якім Ты хацеў бы бачыць вынік гэтай крыўднай рэчы? Ты можаш усё прывесці да добрага выніку… Якім чынам гэтая рана можа зрабіць мяне мацней? Ці яна можа навучыць большай любові? …большай пакоры? …Ці можа дапамагчы мне духоўна пасталець? Ці я магу стаць вучнем Божай любові праз тое, што перажываю зараз?.. О, Пане, выкарыстай напоўніцу гэтую рану — выкарыстай гэты мой досвед дзеля Сваёй большай хвалы.
8. Няхай жа я стану чалавекам веры, надзеі і любові сярод балючай рэчаіснасці жыцця. Веру, што Бог будзе са мной ва ўсім гэтым няспынна.
Ойча наш…
У імя Айца і Сына і Духа Святога. Амэн.
Паводле кнігі а. Марка Цібадо SJ «Reimagining the Ignatian Examen» («Пераасэнсаванне ігнацыянскага рахунку сумлення»)