Ігнацый ніколі не лічыў сябе высокаадукаваным інтэлектуалам. Ён атрымаў вышэйшую адукацыю ў Парыжскім універсітэце, лепшым універсітэце Еўропы таго часу. Ён быў добра знаёмы з ідэямі вядучых філосафаў і тэолагаў. Ён быў выдатным аналітычным мысляром. Аднак духоўнае жыццё Ігнацыя кіравалася пераважна яго надзвычайным уяўленнем, якое адыграла цэнтральную ролю ў навяртанні. Цягам шматгадовага кіраўніцтва душамі ён выявіў, наколькі ўяўленне можа быць карысным у фарміраванні больш глыбокіх адносінаў з Богам. Малітва ўяўленнемм з’яўляецца адной з прыкмет ігнацыянскай духоўнасці.

Ігнацый упершыню зразумеў важнасць уяўлення падчас доўгага выздараўлення ад атрыманых у баі раненняў. І пасля навяртання інтэграваў малітву ўяўленнем у свой падыход да духоўнага жыцця, які ён выклаў у Духоўных практыкаваннях. У яго руках уяўленне становіцца інструментам, які дапамагае нам пазнаваць і любіць Бога.

Ігнацый прадстаўляе два шляхі выкарыстання ўяўлення ў Духоўных практыкаваннях. Першы спосаб знаходзім у медытацыі над таямніцай Уцелаўлення ў Другім тыдні практыкаванняў. Мы запрошаныя “ўвайсці ў бачанне Бога”. Бог глядзіць з вышыні на наш неспакойны свет. Мы ўяўляем Божае хваляванне і клопат. Мы глядзім, як Бог умешваецца, пасылаючы Езуса ў вір жыцця. Гэты тып уяўлення дапамагае нам бачыць рэчы з пункту гледжання Бога і рабіць сваімі Божыя якасці любові, спагады і разумення.

Другі шлях уяўлення прапануе поўнасцю змясціць сябе ўнутр евангельскай гісторыі. Мы становімся гледачамі-ўдзельнікамі і даём волю свайму ўяўленню. Езус размаўляе са сляпым на ўзбоччы дарогі. Мы адчуваем, як прыпякае гарачае міжземнаморскае сонца. Мы адчуваем пах пылу, паднятага мінакамі, дотык вопраткі, якую носім, пот, які сцякае па ілбе, буркатанне ў пустым страўніку. Мы бачым адчай на твары сляпога і чуем у яго словах стогн надзеі. Мы адзначаем раздражненне вучняў. І ўсё ж, галоўным чынам, мы назіраем за Езусам: за тым, як Ён ходзіць, за Яго жэстамі, позіркам вачэй, выразам твару. Чуем, як Ён вымаўляе словы, запісаныя ў Евангеллі, і працягваем уяўляць іншыя словы, якія Ён мог бы сказаць, і іншыя справы, якія Ён мог бы зрабіць.

Самы вядомы прыклад выкарыстання ўяўлення ў Духоўных практыкаваннях – кантэмпляцыя* аб нараджэнні Езуса. Ігнацый прапануе нам уявіць цяжар падарожжа ў Бэтлеем, пошукі прытулку, беднасць, смагу, голад, холад, пагарду, што спадарожнічаюць прыйсцю на свет Бога-з-намі. У ходзе практыкаванняў Ігнацый прапануе мноства такіх сцэн з Евангелляў для кантэмпляцыі з выкарыстаннем уяўлення. Ён аддае перавагу тым сцэнам, дзе Езус дзейнічае, а не тым, дзе Ён вучыць. Ён хоча, каб мы бачылі, як Езус узаемадзейнічае з іншымі, прымае рашэнні, рухаецца, служыць. Ён не хоча, каб мы думалі пра Езуса, але каб мы дасведчылі, перажылі Яго; каб Езусам напоўніліся нашыя пачуцці. Ігнацый жадае для нас, каб мы сустрэліся з Езусам.

Наследаванне Езуса – справа нашага жыцця. Каб ісці за ім, мы павінны ведаць Яго, і мы пазнаём яго праз нашае ўяўленне. Ігнацыянская малітва уяўленнем вучыць нас тым рэчам пра Езуса, аб якіх мы не зможам даведацца, вывучаючы Святое Пісанне або праз тэалагічныя разважанні. Уяўленне ў малітве дазваляе асобе Хрыста пранікаць у месцы, якіх інтэлект не дасягае, і тады Езус прыходзіць у нашыя сэрцы. Такая малітва абуджае пачуцці, запальвае нас ідэаламі шчодрага служэння.

Малітва ўяўленнем робіць Езуса, пра якога расказвае Евангелле, нашым Езусам, што, у сваю чаргу. дапамагае нам развіваць з Ім унікальныя і асабістыя адносіны. Мы назіраем за абліччам Езуса. Мы слухаем, як Ён гаворыць, заўважаем, як людзі на Яго рэагуюць. Гэтыя ўяўленыя падрабязнасці дазваляюць нам пазнаць Езуса больш, чым імя або гістарычную асобу з кнігі. Ён жывы чалавек. Мы гаворым тое, што жыхары Сіхара ў Евангеллі паводле Яна казалі самаранцы: “Мы верым ужо не дзеля твайго апавядання, бо самі пачулі і ведаем, што Ён сапраўды Збаўца свету!” (Ян 4, 42).

Дэвід Л. Флемінг SJ

Паводле Pray with Your Imagination

* Словам “кантэмпляцыя” св. Ігнацый абазначае тып малітвы, які ён рэкамендуе ў той частцы Духоўных практыкаванняў, дзе паказвае нам, як паглыбляць блізкасць з нашым Панам праз асабістае “пражыванне” евангельскай сцэны.