Ігнацыянскі рахунак сумлення паводле а. Марка Цібадо SJ

У імя Айца і Сына і Духа Святога. Амэн.

1. Прысвячаю пару хвілін, каб падзякаваць Богу за адну-дзве атрыманыя сёння ласкі, вялікія ці маленькія.

2. Прашу Бога, каб паказаў, над якім рашэннем мне варта паразважаць у гэтай малітве. Магчыма, гэта дробная справа, якую трэба вырашыць хутка: напрыклад, што рабіць у складанай сітуацыі, прыняць запрашэнне ці адмовіцца, што сказаць чалавеку, які просіць парады. Таксама гэта можа быць рашэнне вельмі важнае, якое мае доўгатэрміновыя наступствы: выбар прафесіі, пачатак значных зменаў у адносінах, прыняцце на сябе адказнага абавязку. Прашу Бога, каб паказаў адкрытыя перада мной магчымасці.

3. Прашу Бога паказаць мне, як на маё жыццё ўплывалі фактары, якія спрычыніліся да неабходнасці гэтага рашэння, а таксама, каб паказаў мне, ці схіленне вагаў у той ці іншы бок вяло мяне да большай веры, надзеі і любові. Ці наблізіў мяне да Бога які-небудзь з гэтых шляхоў? Ці даваў мне супакой, які можа даць толькі Бог?

4. Прашу Бога, каб паказаў мне, якім чынам маё рашэнне можа паўплываць на людзей, якіх яно закранае. Яно дапаможа ім ці пашкодзіць? Калі мой выбар прынясе ім боль, ці вынікне з гэтага нейкае большае дабро, вартае дасведчанага болю?

5. Я прашу Бога паказаць мае ўласныя пачуцці адносна гэтага рашэння, асабліва тыя, якія не ўсведамляў раней. Адкрываючы якое-небудзь моцнае пачуццё, я прашу Бога паказаць мне ягоную крыніцу. Ад добрага ці ад злога духа яно ўва мне? Іншымі словамі, ці паходзіць гэтае пачуццё з той часткі майго “я”, якая знаходзіцца ў гармоніі з Богам, ці з той часткі, якая ўцякае ад Яго або супрацьстаіць Яму?

6. Усю гэтую справу аддаю Богу, кажучы: “Будзь воля Твая, Пане”. Прашу Бога, каб даў мне цяпер супакой сэрца. Прашу Яго прывесці мяне ў месца, якое ў маім сэрцы знаходзіцца па-за эмоцыямі, каб я мог зірнуць на ўсю сітуацыю больш аб’ектыўна.

7. Калі адчуваю неабходнасць прыняць рашэнне менавіта цяпер, то аддаю гэтае рашэнне Богу і прашу вывесці яго на добрае, нават калі яно памылковае. У тым выпадку, калі адчуваю патрэбу ў далейшым распазнаванні, прашу Бога дапамагчы мне цярпліва чакаць Яго закліку. Калі гаворка ідзе аб прыняцці сур’ёзнага рашэння, то спрабую зразумець, у якім кірунку Бог вядзе мяне зараз і ці адпавядае гэты кірунак тым натхненням, якія Ён спасылаў мне апошнім часам.

8. Завяршаю гэты рахунак сумлення, паўтараючы шэптам: “Будзь воля Твая, Пане… Будзь воля Твая, Пане… Будзь воля Твая, Пане”.