У мінулы раз мы прыгадвалі, што Святое Пісанне кажа пра цела – матэрыяльны складнік чалавечай асобы. Мы прыйшлі да высновы, што хоць у Бібліі часам знаходзім негатыўныя сцвярджэнні пра цела ў сувязі з нашай грахоўнай слабасцю, аднак яны не сведчаць, што цела дрэннае само па сабе, але што яго трэба заўсёды ўспрымаць у еднасці з нематэрыяльнай часткай чалавека. Нематэрыяльны ж складнік чалавечай прыроды ў Божым слове называецца па-рознаму – найчасцей “душой”. Але часам знаходзім у Бібліі апісанні патройнай структуры чалавечай асобы – як цела, душы і духа. Як нам разумець такія сцвярджэнні?

Напрыклад, апостал Павел піша да тэсаланікійцаў: “Няхай увесь дух [pneuma] ваш, і душа [psyche], і цела [soma] захаваюцца беззаганнымі на прыйсце Пана нашага Езуса Хрыста” (1Тэс 5, 23). Звяртаючыся да карынцянаў, ён супрацьпастаўляе “духоўнае” і “душэўнае” (гл. 1Кар 2, 14-15; там, дзе ў перакладзе “цялесны чалавек”, у арыгінале “душэўны”, ад “душа” [psyche] – таксама ў Сінадальным рускім перакладзе). У Евангеллях жа словы “душа” і “дух” адносна чалавека выкарыстоўваюцца як сінонімы, хоць і тут ёсць некаторыя асаблівасці. Напрыклад, там, дзе Езус кажа: “Той, хто хоча ўратаваць жыццё [psyche] сваё, загубіць яго, а хто загубіць жыццё [psyche] сваё дзеля Мяне, той знойдзе яго” (Мц 16, 25), – слова psyche слушна перакладзена як “жыццё”, у адпаведнасці з габрэйскім разуменнем nephesh, якое азначае цэласнасць чалавечага існавання ў гэтым свеце. У наступным жа вершы Езус працягвае: “Бо якая будзе карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а душы [psyche] сваёй пашкодзіць? Або што дасць чалавек узамен за душу [psyche] сваю?” (Мц 16, 26), і тут psyche ўжо мае іншае значэнне – несмяротнага складніка чалавечай асобы. Гэты ўрывак дазваляе нам узгадаць важны элемент біблійнай антрапалогіі: жыццё чалавека з’яўляецца еднасцю фізічнага і нематэрыяльнага існавання (найчасцей гэта адлюстравана словам nephesh). Надзея на несмяротнасць для юдэяў датычыла не толькі нябачнай душы, але і ўваскрасення цела: таксама фізічны складнік нашай чалавечай прыроды мае ўдзел у той славе, якую Бог падрыхтаваў свайму стварэнню.

Такім чынам мы бачым, што тыя самыя словы ў біблійнай арыгінальнай мове маюць розныя значэнні ці адценні, прычым трэба ўлічваць, што Новы Запавет напісаны на грэцкай мове, у той час як Езус і Яго суразмоўцы гаварылі на арамейскай мове (а сакральныя кнігі юдэяў у сінагогах чыталіся на габрэйскай). Як і ў сучасных мовах, так і ў старажытных часам цяжка знайсці адпаведнае дакладнае слова, якое азначае тое самае, асабліва тады, калі носьбіты моваў належаць да розных светапоглядаў.

Нават у межах грэцкай філасофіі “душа” разумелася па-рознаму: для Платона і яго паслядоўнікаў душы былі несмяротнымі істотамі, якія ў якасці пакарання былі пасланыя ў смяротныя целы і перасяляліся пасля смерці цела. Для Арыстоцеля і яго школы душа лічылася “рухальным прынцыпам” фізічнага цела і памірала разам з ім (у той час як іншы складнік – інтэлект [nous] – быў несмяротным, але, наколькі можна зразумець, з’яўляўся не асабовай, а нейкай калектыўнай існасцю). Паводле гэтага бачання, жывёлы, а нават расліны таксама мелі “душу”, то бок адпаведны “рухальны прынцып” істоты, у адрозненне ад нежывых стварэнняў.

Здаецца, што для св. Паўла, калі ён кажа пра “душу” ў вышэйзгаданых урыўках, гэтае слова мае значэнне, падобнае да Арыстоцелевага, то бок належыць толькі да рэчаіснасці гэтага свету, а не да надпрыроднай. Павел супрацьпастаўляе “душэўнае” “духоўнаму” – таму, што адносіцца да Божай рэчаіснасці: хоць усё стварэнне – усё цялеснае разам з той энергіяй, што яму дазваляе рухацца, – паходзіць ад Бога і мае існаванне дзякуючы Яму, аднак для чалавека ёсць і іншае вымярэнне існавання. Тут мы ўзгадваем яшчэ адну фундаментальную біблійную праўду адносна чалавечай прыроды. Мы створаныя “паводле Божага вобразу і падабенства” (Быц 1, 27), і менавіта гэты вобраз Божы можам назваць духоўным складнікам у чалавеку (“дух” – гэта сутнасць самога Бога, як нас вучыць Божае аб’яўленне, напр. Ян 4, 24). Падабенства да Бога мае розныя аспекты: самасвядомасць, розум, карыстанне мовай, але ў першую чаргу гэта свабода і сумленне; здольнасць казаць Богу і іншай асобе “Ты”, здольнасць любіць. Гэтыя рысы, якія ніколі не перастаюць быць Божым дарам у чалавеку, могуць у большай ці меншай ступені праяўляцца ў кожным з нас у залежнасці ад таго, наколькі мы паслухмяныя Ягонаму голасу: адпаведна можна казаць разам з апосталам Паўлам, ці чалавек больш або менш “духоўны”. Некаторыя айцы Касцёла вучылі, што вобраз Божы прысутнічае як “пячатка” ў чалавеку, а вось узрастаць у падабенстве да Бога – гэта тое заданне, што нам дадзена на ўсё жыццё.

Падсумоўваючы вышэйсказанае, адзначым: існаванне чалавека ў Святым Пісанні ўспрымаецца як адзінства матэрыяльнага (цела) і нематэрыяльнага (душы, духа) складнікаў, і надзея на вечнасць датычыць іх абодвух. Найчасцей у хрысціянскай літаратуры і згодна з большасцю біблійных аўтараў пад “душой” чалавека маецца на ўвазе тое самае, што “дух”: г.зн. яго выключная ў параўнанні з іншымі зямнымі тварэннямі якасць Божага вобразу, які мы носім у сабе. Дык будзем жа ўсё больш узрастаць у нашай духоўнай сутнасці – у падабенстве да Божага Сына, Уцелаўлёнай Любові.

Віктар Жук SJ