З 10 па 21 лістапада ў Бразіліі адбываецца чарговы кліматычны саміт ААН – COP30. У ім прымае ўдзел дэлегацыя езуіцкіх арганізацый і ініцыятыў, у тым ліку Jesuits for Climate Justice (“Езуіты за кліматычную справядлівасць”) i EcoJesuits.
Што такое COP?
COP расшыфроўваецца як Канферэнцыя бакоў, вялікая сустрэча высокага ўзроўню краін, якія ратыфікавалі Рамачную канвенцыю Арганізацыі Аб’яднаных Нацый аб змяненні клімату. Гэта будзе 30-я сесія COP.
Паводле ацэнак, у COP30 возьмуць удзел каля 60 000 чалавек, у тым ліку дэлегаты прыблізна са 190 краін, а таксама прадстаўнікі ўстаноў, недзяржаўных арганізацый, прыватнага сектара і іншых зацікаўленых бакоў. Праграма ўключае сустрэчы сусветных лідараў, панэльныя дыскусіі, круглыя сталы, паралельныя мерапрыемствы, прэс-канферэнцыі, пленарныя пасяджэнні і перамовы.
Што робяць езуіты і іх супрацоўнікі на COP30?
Езуіты і асобы, звязаныя з езуітамі, прыбылі з усіх кантынентаў, каб прадставіць палітыкам і ўплывовым асобам чатыры пастулаты, узгодненыя дзякуючы супрацоўніцтву розных езуіцкіх і ігнацыянскіх груп.
- Дараваць даўгі бедных краін, таму што несправядлівыя і непад’ёмныя даўгі не павінны абмяжоўваць рэсурсы, прызначаныя для дзейнасці па адаптацыі да змены клімату і змякчэння яе наступстваў.
- Умацаваць FRLD (Фонд кампенсацыі страт і шкоды) праз выдзяленне дастатковых сродкаў на барацьбу з сур’ёзнымі наступствамі змены клімату.
- Паставіць выразныя мэты для справядлівага энергетычнага пераходу, накіраванага на скарачэнне выкідаў CO2, улічваючы пры гэтым гістарычную адказнасць, паважаючы правы чалавека, асабліва карэнных народаў, шануючы і абараняючы прыроду, і аддаючы прыярытэт устойлівым сродкам існавання перад мадэлямі, арыентаванымі на прыбытак.
- Паставіць выразныя мэты для стварэння глабальнай харчовай сістэмы, заснаванай на харчовым суверэнітэце і аграэкалагічных практыках, развіваючы культурна адпаведныя метады вытворчасці, перапрацоўкі, размеркавання і спажывання прадуктаў харчавання.
Гэтыя пастулаты шырока абмяркоўваюцца і дыскутуюцца падчас шматлікіх сімпозіумаў, лекцый і дэбатаў, а таксама распаўсюджваюцца праз шматлікія каналы сувязі, найперш праз сацыяльныя сеткі.
Дапаможнік па COP30
Езуіты стварылі спецыяльны інфармацыйны дапаможнік па COP30. Гэта даступны рэсурс, які дапаможа кожнаму зразумець кліматычны саміт і эфектыўна ўзаемадзейнічаць з ім. Дапаможнік змяшчае кантэктуальную інфармацыю, ключавыя патрабаванні кампаніі, практычныя дзеянні, якія можаце распачаць, і інструменты, якімі можаце падзяліцца са сваёй супольнасцю.
Крыніца: https://jezuici.pl/2025/11/jezuici-na-szczycie-klimatycznym-cop30/