19 кастрычніка ў Ватыкане прайшла прэзентацыя абноўленай анлайн-платформы Click to pray, якая, паводле задумы яе распрацоўшчыкаў, дапаможа вернікам з’яднацца з усім Касцёлам у малітве за Сінод Біскупаў.

Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, платформа Click to pray была створана Сусветнай сеткай малітвы ў інтэнцыях Папы ў 2016 годзе і сёння налічвае больш за 2,5 млн карыстальнікаў ва ўсім свеце. Яна даступная на сайце clicktopray.org, а таксама ў якасці аднайменных дадаткаў для мабільных прылад з сістэмай Android і iOS. На платформе размяшчаюцца малітоўныя інтэнцыі Святога Айца на кожны месяц і даецца магчымасць папрасіць аб малітве іншых карыстальнікаў.

Новаўвядзенні, прадстаўленыя ў Ватыкане, датычыліся дапаўнення платформы дзвюма секцыямі: «Школа малітвы», якая дапаможа паглыбіць веды пра малітву на аснове вучэння Касцёла, і «Малітоўны каляндар», якая дасць магчымасць карыстальнікам лепш спланаваць форму, інтэнцыі і час сваёй малітвы.

З пачаткам XVI Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў, якая будзе праходзіць з кастрычніка 2021 па кастрычнік 2023 года, анлайн-платформа дапаможа ўсяму Касцёлу з’яднацца ў малітве за сінадальны працэс, прапануючы адмысловыя малітоўныя тэксты, узятыя з ватыканскага сайта prayforthesynod.va.

Гэты рэсурс быў распрацаваны Міжнароднай сеткай генеральных настаяцельніц манаскіх супольнасцяў у супрацоўніцтве з Генеральным сакратарыятам Сіноду Біскупаў і Сусветнай сеткай малітвы ў інтэнцыях Папы.

Крыніца: catholic.by

З гісторыі Сусветнай сеткі малітвы

Тэкст першага прынашэння напісаў айцец езуіт Франсуа Ксаверый Гатрэле ў 1844 годзе для Апостальства малітвы. Прычынай заснавання Апостальства было гарачае жаданне маладых французскіх манахаў, падапечных а. Гатрэле, хутчэй прысвяціць сябе місіянерству. Ён даручыў ахвотным быць “апосталамі малітвы”, ахвяруючы ўсё ў сваім жыцці Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса дзеля таго, што Пан сам пажадае здзяйсняць у справе пашырэння Божага Валадарства і збаўлення душ. Шматлікія вернікі неўзабаве сталі далучацца да Апостальства, і ў 1880 годзе папа Леў XIII пачаў кожны месяц даручаць гэтай малітоўнай супольнасці надзённыя інтэнцыі Касцёла. Такая традыцыя працягваецца да сучасных дзён. У цяперашні час Апостальства называецца Сусветная сетка малітвы Папы і аб’ядноўвае мільёны людзей на ўсім свеце.