Да 6 студзеня 2026 г. у Касцёле працягваецца Юбілей Надзеі. У гэты дзень у Рыме адбудзецца сімвалічны абрад закрыцця юбілейных дзвярэй у базыліцы св. Пятра. Юбілейны год – бласлаўлёны час ласкі Божай, які з’яўляецца запрашэннем для кожнага верніка аднавіць цноту надзеі – адну з асноўных т.зв. тэалагічных цнотаў.

У мінулы раз у рубрыцы “Біблійны лексікон” мы разважалі над каранямі звычаю юбілею ў Святым Пісанні. У гэты раз звернемся да таго, што Божае слова кажа нам пра саму надзею.

У лістападзе мы асабліва молімся за памерлых, і гэта адпаведная нагода для таго, каб лепш усвядоміць сутнасць той цноты, якая дазваляе нам адкрыцца на паўнату Божага дару, падрыхтаванага для Яго вернікаў, і зазірнуць духоўным зрокам па-за гарызонт нашага зямнога існавання. Таксама біблійныя чытанні напрыканцы літургічнага года скіроўваюць нашу ўвагу на апошнія рэчы” (т.зв. “эсхатон”), то бок на тое, што трывае вечна. Даследуем, што адкрывае нам Божае слова пра сутнасць надзеі.

Надзея ў Старым Запавеце

Звяртаючыся да Святых Пісанняў Ізраэля, мы знаходзім заклікі пакладаць надзею ў Пану, а не ў чалавечай сіле ці здольнасцях. З вуснаў прарокаў гучалі перасцярогі перад тым, каб у турбулентныя перыяды гісторыі не спадзявацца на магутных палітычных ці ваенных саюзнікаў, але толькі ў Богу шукаць упэўненасць у будучыні. Асновай для гэтай надзеі была вернасць Пана запавету і сваім абяцанням, Яго міласць і любоў да тых, каго Ён зрабіў выбраным народам. Габрэйскі дзеяслоў батах, які часта перакладаецца як “спадзявацца, мець надзею”, азначае таксама “давяраць”. Іншы дзеяслоў кавазначыць таксама “чакаць”, прычым маецца на ўвазе актыўная ўпэўненасць у тым, што нешта абавязкова адбудзецца. Такая ўпэўненасць становіцца крыніцай цярплівасці, неабходнай у чаканні.

Першапачаткова Божыя абяцанні, скіраваныя да Яго вернікаў, датычылі зямной рэчаіснасці: патомства, зямлі, дабрабыту. Гэта выразна бачна ў гісторыі Абрагама, які названы першым, хто паверыў Пану, хоць з пазнейшай перспектывы, як тлумачыць св. Павел, Божае абяцанне незлічонага патомства адразу заключала ў сабе не толькі нашчадкаў паводле цела, але ўсіх тых, хто на ўзор Абрагама даверацца Богу. Як парадаксальна сцвярджае апостал, Абрагам “насуперак надзеі паверыў з надзеяй” (Рым 4,18), падкрэсліваючы, што абяцанае Богам пераўзыходзіць усе чалавечыя чаканні.

Паступова ў Божым аб’яўленні мы бачым змену перспектывы: канчатковым “прадметам” надзеі для чалавека становяцца не нейкія зямныя даброты, а сам Бог. Магчыма, найбольш яскрава сярод персанажаў Старога Запавету гэту надзею выказаў Ёў: “Нават пасля таго, як скура мая ападзе, я ў целе ўбачу Бога. Убачу Яго сам” (Ёв 19, 25-27). Псальміст падобным чынам усклікае: “Нават і цела маё супакоіцца ў надзеі, бо не пакінеш душы маёй у адхлані і не дасі святому Твайму ўбачыць тленне” (Пс 16 (15), 9-10). Гэта надзея адпавядае найглыбейшаму жаданню чалавечага сэрца бачыць Бога тварам у твар.

Хрысціянская надзея

Словы працытаванага толькі што псальма сталіся рэчаіснасцю ў смерці і ўваскрасенні нашага Пана Езуса Хрыста, як слушна сцвярджае апостал Пётр у сваёй першай гаміліі пасля Пяцідзясятніцы (гл. Дз 2, 25-28). Для нас, хрысціянаў, ажыццяўленнем і адначасова крыніцай нашай канчатковай надзеі сталася перамога Езуса над смерцю. У пасхальнай перспектыве любыя падзеі, нават самыя трагічныя, маюць сэнс і вядуць да перамогі. Праз веру мы атрымліваем ласку “надзеі на славу Божую” гэта значыць, на наш удзел у боскасці, і гэтая надзея “не асароміць”, не расчаруе, “бо любоў Божая вылілася ў сэрцы нашыя праз Духа Святога, які дадзены нам” (пар. Рым 5,2.5). У навучанні апостала Паўла мы бачым, як насамрэч вера, надзея і любоў цесна звязаныя паміж сабой. Тэолаг-езуіт Карл Ранер нават сцвярджаў, што яны разам ствараюць адзіную цноту веры-надзеі-любові, каторая дае нам доступ да жыцця самога Бога. Сапраўды, немагчыма ўявіць надзеі без веры без даверу да Таго, хто адкрывае нам перспектыву вечнага шчасця. Наадварот, вера без надзеі была б трагічна сумнай, бо пазбаўленая чакання абяцанага дару. Без учынкаў дзейснай любові вера мёртвая (пар. Як 2,17), бо сапраўдная вера дзейнічае праз любоў (пар. Гал 5,6). Надзея натхняе любоў жаданнем быць “падобнымі да Яго”, каб “убачыць Яго, як Ёсць” (пар. 1 Ян 3,2-3), а ў сваю чаргу падабенства Богу ў дзейснай любові ўзмацняе яшчэ больш нашу надзею быць з Ім назаўсёды. Дзякуючы ласцы Духа Святога крыніцы веры-надзеі-любові ў нашых сэрцах мы прымаем абяцанне, што “чаго вока не бачыла, і вуха не чула, і не спазнала сэрца чалавека, тое Бог падрыхтаваў тым, хто любіць Яго” (1 Кар 2, 9). Але таксама мы прымаем тую праўду, што вера-надзея-любоў гэта наш досвед вечнасці ўжо ў гэтым свеце.

Жыць надзеяй

Варта рэалістычна ўсведамляць, што ў гэтым свеце існуюць шматлікія “падробкі” ці “сурагаты” сапраўднай надзеі. Яны абяцаюць шчасце, пры гэтым адмаўляючы праўду пра тое, Хто ёсць Крыніцай усялякага дабра, і найчасцей ставячы знак роўнасці паміж шчасцем і прыемнасцю ці задавальненнем. Не дзіўна, што раней ці пазней такія сурагаты прыносяць толькі боль і расчараванне. Каб не паддавацца такому падману, трэба актыўна практыкавацца ў сапраўднай надзеі: гэта значыць, свядома выбіраць тое, што адпавядае Божаму абяцанню, і супрацьстаяць таму, што супярэчыць яму таму, што абмяжоўвае наш гарызонт толькі перспектывай гэтага свету і падштурхоўвае надаваць матэрыяльным дабротам зашмат вагі. Сапраўдная надзея мае “смак вечнасці”, які адзіны ў стане задаволіць найглыбейшае жаданне чалавечага сэрца. Варта вучыцца набываць і распазнаваць гэты смак.

Апостал Пётр заахвочвае быць “заўсёды гатовымі даць адказ кожнаму, хто патрабуе ад вас слова пра вашу надзею” (1 П 3, 15). Сведчанне неад’емная частка жывой, а не проста фармальнай веры, і адначасова канкрэтная форма любові: гатоўнасць падзяліцца з іншай асобай найбольш каштоўным, што самі маем. Даючы сведчанне аб праўдзе ў гэтым свеце, мы, вельмі верагодна, будзем вымушаныя “заплаціць” за гэта сваім камфортам.

Здольнасць цярпець дзеля любові да праўды гэта мера чалавечнасці, сцвярджае Бэнэдыкт XVI у энцыкліцы Spe Salvi і дадае: Аднак гэтая здольнасць цярпець залежыць ад тыпу і ад меры надзеі, якую мы носім у сабе і на якую абапіраемся” (п. 39).

Наша надзея, якая дасягае вечнасці, прыносіць плён ужо ў гэтым жыцці, калі мы не паддаёмся страху і дзейнічаем, натхнёныя любоўю, не зважаючы на супраціў свету. Няхай жа Дух Святы ўмацуе нашыя сэрцы той надзеяй, якая “не асароміць” (Рым 5, 5) і зробіць нас яе вернымі сведкамі!

Віктар Жук SJ