Віллі Ламберт SJ у сваёй кнізе “Directions for Communication. Discoveries with Ignatius Loyola“ (Парады для камунікацыі. Адкрыцці з Ігнацыем Лаёлай) прапануе шэраг рэкамендацый і падказак для найбольш эфектыўнага будавання камунікацыі на самых розных узроўнях. У складаных і заблытаных сітуацыях, дзе відавочная розніца ў поглядах, або наспявае канфлікт, абодвум бакам, несумненна, лепш сустрэцца і паразмаўляць, аднак, каб гэтыя сустрэчы тэт-а-тэт прыносілі карысць, аўтар раіць прытрымлівацца некаторых правіл.

  1. Першае і самае важнае правіла – адзін з суразмоўцаў толькі слухае. Паўгадзіны, гадзіну, дзве гадзіны. Максімум, што “маўклівы партнёр” можа зрабіць, – удакладніць сэнс пачутага. Гэта вельмі важнае правіла. У адваротным выпадку канфліктныя размовы часта прыводзяць да нагрувашчвання самаапраўданняў, калі кожны з партнёраў імкнецца перакласці віну на іншага, і ўсё становіцца горш, чым раней.
  2. Той, хто гаворыць, павінен апісаць, як ён перажывае сітуацыю, адносіны, усё тое, што мае для яго значэнне, але не дзеля таго, каб павініцца альбо асудзіць кагосьці, а каб падзяліцца ўласным суб’ектыўным досведам: “Калі я чую ад вас такія словы альбо калі вы робіце вось так, у мяне потым тры гадзіны баліць жывот, … праз гэта я не магу спаць, … у мяне не выходзіць з галавы, … мне цікава”.
  3. Пасля кожнага выказвання такога роду варта захаваць некалькі хвілін цішыні. Магчыма, за гэты час узнікне патрэба яшчэ штосьці дадаць.
  4. Праз некалькі дзён удзельнікі могуць абмяняцца ролямі. Слухач папярэдняй сустрэчы падзеліцца сваім досведам, а другі паслухае.
  5. Калі ва ўдзельнікаў дастаткова шмат часу, альбо калі адносіны паміж імі не вельмі напружаныя, а таксама, магчыма, у выпадку ўступнага абмеркавання праблемы, абмен ролямі можа адбыцца ў той жа дзень, пасля першай часткі размовы. Аднак працягваць лепш толькі пасля пэўнай “стрававальнай паўзы”.
  6. Часта дапамагае камунікацыі тое, што партнёры ў гэтых сустрэчах вядуць “размову” падчас шпацыру. Многія рэчы лягчэй вырашыць такім спосабам. На першы погляд здаецца, Блэз Паскаль перабольшвае, кажучы, што любую праблему можна вырашыць, шпацыруючы, але ў яго словах ёсць праўда. Напрыклад, на сакрэтных перамовах паміж палестынцамі і ізраільцянамі ў Нарвегіі падчас аднаўлення мірнага працэсу псіхалагічна важным фактарам быў той факт, што ўдзельнікі паўторна размаўлялі, прахаджваючыся ў прыродным атачэнні.

Менавіта такія “шпацыры” паўплывалі на мой выбар загалоўка “Па дарозе ў Эмаус”: маецца на ўвазе незвычайны аповед з Евангелля паводле Лукі (Лк 24, 13-35) аб тым, як двое вучняў Езуса ў амаль поўнай безнадзейнасці пасля ўкрыжавання свайго Настаўніка вяртаюцца ў родны горад Эмаус. Па дарозе яны сустракаюцца з уваскрослым Хрыстом, які хоча даведацца прычыну іх непрыхаванага смутку. На рэакцыю вучняў (на іх пытанне, ці не з’яўляецца незнаёмец адзіным чалавекам ва ўсім Ерузалеме, які не ведае, што здарылася) Ён не адказвае ў сваю чаргу: “Стоп! Чакайце! Калі хто і ведае, што здарылася, дык гэта я!” Не, Ён, нібы няўцямны мінак, пытаецца: “Што? Што, на ваш погляд, паводле вашага досведу адбылося?” І тады вучні пераказваюць усе свае патрэбы і ўсе свае пытанні, і гэта закладвае аснову для больш шырокага погляду і для ўспрымання ў нейкі момант новай прысутнасці Езуса.

Для веруючых людзей тое, што здарылася па дарозе ў Эмаус, можа стаць фонам і для іх уласнай складанай размовы, дзе таксама гаворка ідзе пра смерць і ўваскрасенне адносінаў або, па меншай меры, пра іх аздараўленне і падтрыманне. У гэтым сэнсе  сустрэча тэт-а-тэт можа стаць размовай траіх, улічваючы прысутнасць Хрыста, які ёсць там у Духу.

Больш за тое, калі непасрэдная размова немагчымая, бывае карысна правесці яе ў сваім уяўленні. Нават калі ўнутранага прымірэння няма з асобай, якая ўжо адыйшла з гэтага свету, падарожжа ў Эмаус можа дапамагчы. У прыватнасці, першая частка шляху здзейсніцца, калі мы прагаворым свае глыбокія ўнутраныя перажыванні. Зразумела, рэкамендуецца захаваць перыяд маўчання, слухаючы нябачнага партнёра. Часам сапраўды можна “пачуць” адказ з цішыні, з нябачнасці. 

Магу пацвердзіць, што досвед іншых людзей абнадзейвае: па дарозе ў Эмаус можна зноў уступіць у размову; асобы, для якіх гэта было немагчыма гадамі, пачалі размаўляць паміж сабой.

Віллі Ламберт SJ

Выява: Janet BrooksGerloff “Эмаус”