Беатыфікацыі мучанікаў часоў Грамадзянскай вайны ў Іспаніі і нацысцкай акупацыі Францыі адбыліся 13 снежня 2025 года. Айцец Віктар Дыяр SJ беатыфікаваны сярод пяцідзесяці французскіх мучанікаў.

Беатыфікацыю ў катэдральным касцёле іспанскага горада Хаэна ўзначаліў кардынал Марчэла Семерара, прэфект Дыкастэрыі па справах кананізацыі. Іерарх абвясціў благаслаўлёнымі 124 мучанікі – 110 святароў, адну манахіню і 13 свецкіх вернікаў, забітых з нянавісці да веры ў перыяд з 1936 па 1938 год. 

Любоў – адзіная зброя

Мучанікі загінулі падчас Грамадзянскай вайны ў Іспаніі, якая была пазначана моцным антыкаталіцкім пераследам. “Яны не былі героямі, не змагаліся за ідэалогію і не загінулі ў вайне за мірскія інтарэсы… Іх адзінай зброяй была любоў. Яны памерлі, прабачаючы сваім катам… Гэта мучаніцкае прабачэнне з’яўляецца найвышэйшым плёнам надзеі, якая не паддаецца злу”, – падкрэсліў у гаміліі кардынал Семерара. Іерарх таксама заўважыў, што мучаніцтва – “гэта найвышэйшае сведчанне хрысціянскай веры, бо яно выяўляе поўную любоў да Хрыста і братоў, перамяняючы пакуты ў адкупленне, а кроў – у насенне евангелізацыі”.

Мужная старонка гісторыі Касцёла ў Францыі

Беатыфікацыю ў парыжскай катэдры Нотр-Дам узначаліў кардынал Жан-Клод Олерыш, арцыбіскуп Люксембурга. Іерарх абвясціў благаслаўлёнымі 50 мучанікаў перыяду нацысцкай акупацыі Францыі. Новыя благаслаўлёныя былі членамі каталіцкіх рухаў і асацыяцый, якія адгукнуліся на заклік кардынала Эмануэля Сюара, тагачаснага арцыбіскупа Парыжскага, таемна далучыцца да французскіх работнікаў, вывезеных на прымусовыя працы ў Германію, і аказваць ім маральную і духоўную падтрымку. У 1943 годзе многія члены гэтай групы былі арыштаваныя нацыстамі за нібыта падпольную дзейнасць супраць Трэцяга рэйха. Некаторыя з іх былі забіты, іншыя памерлі ад катаванняў і цяжкасцей зняволення ў турмах і канцэнтрацыйных лагерах. Больш падрабязна пра жыццё і дзейнасць айца Віктара Дыяра SJ можна даведацца з ліста айца-генерала Таварыства Езуса

“У самай віхуры вайны і нечалавечых зверстваў, пра якія сёння мы маем дакладныя веды, гэтыя мучанікі і ўсе тыя, хто падзяляў іх ідэалы, іх шчодрасць і іх лёс, паказалі сваім братам і сёстрам нязломную прысутнасць любові і міласэрнасці Бога. Такім чынам яны здолелі стварыць у пекле лагераў райскія аазісы, дзе любоў нараджала мужнасць, суцяшала раны сэрца, разганяла страх і ўлівала надзею”, – падкрэсліў у гаміліі кардынал Жан-Клод Олерыш.

Словы Папы

Сведчанне іспанскіх і французскіх мучанікаў падчас малітвы “Анёл Панскі”, якая прайшла 14 снежня 2025 года ў Ватыкане, адзначыў Леў XIV.

“Давайце ўзнясём падзяку Пану за гэтых мучанікаў, адважных сведкаў Евангелля, пераследаваных і забітых за тое, што засталіся блізкімі да свайго народу і вернымі Касцёлу!”, – заклікаў вернікаў Святы Айцец.

Па матэрыялах Беларускай службы Ватыканскага радыё.

Выява: унясенне рэліквій французскіх мучанікаў у парыжскую катэдру Нотр-Дам  (AFP or licensors)