13 сакавіка Папа Францішак адзначае дзесяцігоддзе свайго абрання біскупам Рыма. Хорхе Марыа Берголіа прыбыў на канклаў 2013 года са зваротным білетам у Аргенціну і невялікім партфелем. Ён не чакаў, што будзе абраны папам. Але кардынал з Аргенціны выйшаў на балкон у той дажджлівы вечар як першы Рымскі Пантыфік з Лацінскай Амерыкі і першы Папа, які назваў сябе ў гонар святога Францішка Асізскага.

На працягу апошніх 10 гадоў Францішак імкнуўся рэалізаваць заснаваную на Евангеллі рэформу Касцёла, натхняючыся духам св. Францішка і яго любоўю да беднасці, свету прыроды, а таксама яго працай на карысць міру. Гэты Папа не ліберал і не кансерватар: ён – радыкал.

Юбілей таксама ставіць пытанне аб уплыве гэтага пантыфікату і аб тым, куды Францішак вядзе Касцёл. Нягледзячы на тое, што апошняе дзесяцігоддзе ўяўляе сабой віхуру актыўнасці, замежных паездак і пачынанняў, можна вылучыць тры тэмы.

Па-першае, імкненне да Касцёла, засяроджанага на місіі на ўсіх узроўнях яго інстытуцыйнага жыцця. Гэта можна ўбачыць у канстытуцыі Францішка для Рымскай курыі “Praedicate Evangelium” (“Прапаведаваць Евангелле”). Рэформа ставіць евангелізацыю ў цэнтр дзейнасці кіраўнічай структуры, мэта якой – служыць Папу і мясцовым Касцёлам.

Іншымі словамі, Касцёл існуе не для таго, каб утрымліваць сваю бюракратыю ці захоўваць сваё фінансавае становішча. Францішак настойвае на місіянерскай прыродзе Касцёла і заўсёды шукае новыя спосабы абвяшчэння Евангелля. У новай іерархіі структур Рымскай курыі Дыкастэрыя па евангелізацыі цяпер мае перавагу над Дыкастэрыяй веравучэння.

Евангелізацыя мае на ўвазе таксама сумесныя намаганні, якія не прыналежаць выключна Папу, біскупам і святарам. Кожны вернік праз хрост атрымаў сваю ролю. Па гэтай прычыне новая канстытуцыя прадугледжвае, што любы свецкі католік, мужчына ці жанчына, маючы адпаведную кваліфікацыю, можа кіраваць дыкастэрыяй у Рымскай курыі. Курыяльная рэформа датычыцца не толькі таго, што адбываецца ў Рыме, але павінна таксама мець наступствы для дыяцэзій ва ўсім свеце. Францішак задае тон і прыклад для пераймання.

Другая асаблівасць пантыфікату Францішка – вяртанне да асноў веры і адраджэнне духу ранняга хрысціянства. Разам з абнаўленнем, якое ажыццявіў Папа сваімі рэформамі, яго пантыфікат быў натхнёны канцэпцыяй “ressourcement” – ідэяй вяртання да вытокаў хрысціянства. Гэта таксама было адным з рухавікоў рэформаў Другога Ватыканскага Сабору.

“Evangelii Gaudium”, дакумент-маніфест гэтага пантыфікату, заклікае Касцёл пераарыентавацца на абвяшчэнне Евангелля і сцерагчыся празмернага ўскладнення ці страху зрабіць дактрынальныя памылкі. Францішак імкнецца заставацца простым і жадае, каб Касцёл засяродзіўся на сваім галоўным пасланні: радасці веры, міласэрнасці Бога і служэнні тым, хто апынуўся на ўзбоччы грамадства.

Францішак ведае, што ў свеце, які становіцца ўсё больш секулярызаваным, значэнне мае вера, а не пасады ці тытулы ў Касцёле, таму ён звяртаецца да людзей, жыццё якіх праходзіць па-за сакрыстыямі і заламі ўлады ў Рыме.

“Мы – ахрышчаныя, мы – хрысціяне, мы – вучні Езуса. Усё астатняе другараднае”, – сказаў Францішак 18 лютага на канферэнцыі, прысвечанай свецкім асобам. “Але, ойча, а святарства?” – “Так, гэта таксама другаснае” – “А як жа біскупства?” – “Так, і гэта другаснае” – “Нават кардынальскі тытул?” – “Таксама другасны”, – сказаў ён.

Вяртанне да асноў падводзіць нас да трэцяй асаблівасці пантыфікату Францішка: сінадальнай рэформы. Гэты працэс вяртае Касцёл да сабораў і сінодаў, глыбока ўкаранёных у каталіцкай традыцыі, у раннім хрысціянстве. Сёння яны даюць прастору для распазнавання дзеяння Святога Духа. Гэтая асаблівасць пантыфікату Францішка прысутнічала з самага пачатку, а бягучы працэс глабальнага Сіноду, верагодна, будзе трывалай спадчынай гэтага Папы.

У сваім першым слове, звяртаючыся да натоўпу на плошчы св. Пятра пасля свайго абрання, новы Папа казаў аб сумесным падарожжы, якое з’яўляецца цэнтральным у сінадальнасці: “Мы выпраўляемся ў гэтае падарожжа: біскуп і народ, – сказаў Францішак 13 сакавіка 2013 г. – Гэта падарожжа Касцёла Рыма, які ў любові ўзначальвае ўсе Касцёлы. Падарожжа братэрства, любові і даверу паміж намі”.

За апошняе дзесяцігоддзе шлях пантыфікату Францішка ініцыяваў глыбокае аднаўленне Касцёла і перагляд яго ўнутранай культуры. Часам дарога была выбоістай, і наперадзе, верагодна, будзе яшчэ шмат турбулентнасці. Хоць Францішак ніколі не збіраўся быць Папам, чым даўжэй ён ім ёсць, тым больш адчувае, што яму трэба зрабіць. Гэты пантыфікат застаецца незавершаным.

Крыстафер Лэмб

Крыніца: https://www.chicagocatholic.com/vatican/-/article/2023/03/01/the-francis-pontificate-10-years-on

Выява: Папа Францішак, схіліўшы галаву, моліцца на цэнтральным балконе базылікі святога Пятра ў Ватыкане 13 сакавіка 2013 г. Людзі на плошчы  далучыліся да яго ціхай малітвы, калі ён папрасіў іх маліцца, каб Бог благаславіў яго. (Крыніца: CNS/Paul Haring)