Менавіта ён стаяў у цені вялікай містычкі, аказваючы ёй духоўную падтрымку ў хвіліны цяжкіх выпрабаванняў. Айцец Юзаф Андраш SJ – спаведнік святой Фаўстыны Кавальскай – цяпер знаходзіцца на шляху да беатыфікацыі, і гэты працэс выклікае цікавасць не толькі ў Польшчы, але і ва ўсім свеце. Набліжаецца 66 гадавіна з дня смерці айца Юзафа, і гэта добрая нагода для падсумавання працы па ўзнясенні яго да хвалы алтароў.

Афіцыйнае адкрыццё беатыфікацыйнага працэсу айца Юзафа Андраша адбылося 1 лютага 2025 года ў Палацы кракаўскіх арцыбіскупаў. З гэтага моманту яму прысвоены тытул Слугі Божага. Як адзначае айцец Марыюш Бальцэрак SJ, віцэ-пастулатар працэсу, цікавасць да асобы манаха велізарная: у курыю паступаюць просьбы аб рэліквіях з такіх аддаленых куткоў свету, як Філіпіны, Шры-Ланка і Паўднёвая Амерыка. У цяперашні час парэшткі айца Андраша пахаваныя на Ракавіцкіх могілках у Кракаве, аднак запланаваная эксгумацыя стане адным з наступных этапаў яго шляху да беатыфікацыі.

Касцёл чакае цуду

Ключавой умовай, неабходнай для працягу працэсу, з’яўляецца пацверджаны цуд, учынены праз яго заступніцтва. Хоць у Трыбунал ужо звярнуліся больш за дваццаць чалавек, якія сцвярджаюць, што атрымалі асаблівыя ласкі, айцец Бальцэрак заклікае да стрыманасці, адзначаючы, што пакуль рана рабіць канчатковыя высновы. Сярод сведкаў ёсць людзі ва ўзросце больш за 90 гадоў, яны асабіста ведалі айца Андраша і прадставілі каштоўныя звесткі пра ягонае жыццё. Мяркуецца, што пры спрыяльных абставінах працэс можа заняць яшчэ ад трох да пяці гадоў, бо  95% доказных матэрыялаў ужо сабрана.

Ролю айца Андраша ў жыцці святой Фаўстыны Кавальскай цяжка пераацаніць. Ён, як і благаслаўлёны кс. Міхал Сапоцька, настойваў, каб сястра Фаўстына рабіла нататкі, якія пасля сталі вядомыя ўсяму свету як “Дзённік”. Пад яго кіраўніцтвам мастак Адольф Хыла напісаў знакаміты абраз Езуса Міласэрнага, які сёння ўшаноўваецца ў кракаўскіх Лагеўніках. Айцец Андраш быў не толькі спаведнікам “сакратаркі Божай Міласэрнасці”, але і актыўна пашыраў культ Найсвяцейшага Сэрца Езуса і ініцыяваў набажэнствы ў гонар Божай Міласэрнасці ў лагеўніцкім санктуарыі ў 1943 годзе.

Надзвычай харызматычны духоўны кіраўнік

Спіс людзей, на духоўнае фармаванне якіх паўплываў айцец Андраш, уражвае. Апроч святой Фаўстыны, ён быў спаведнікам благаслаўлёнай Анэлі Салявы, благаслаўлёнай Марыі Клеменсы Сташэўскай і Слугі Божай Паўлы Зофіі Тайбэр. Ён таксама аказаў уплыў на прафесара Генрыка Мосінга – легендарнага святара і эпідэміёлага часоў камунізму. “Айцец Андраш спрыяў святасці пяці чалавек, уганараваных Касцёлам тытуламі святых, благаслаўлёных і Слуг Божых”, – падкрэслівае айцец Бальцэрак, паказваючы на ​​незвычайную харызму езуіта як духоўнага кіраўніка.

Айцец Юзаф Андраш быў шматграннай асобай: ​​дырэктарам выдавецтва “Апостальства малітвы”, галоўным рэдактарам папулярнага часопіса “Пасланнік Сэрца Езуса” і перакладчыкам выбітных аскетычных прац. Даследчыкі выявілі цікавы факт, што яго прадзед, верагодна, быў венграм. Хоць айцец Юзаф не пакінуў пасля сябе духоўнага дзённіка, ягоная постаць раскрываецца ў лістах, публікацыях і ўспамінах тых, каму ён дапамог знайсці шлях да Бога. Ужо ў чэрвені ва ўніверсітэце “Ignatianum” у Кракаве адбудзецца навуковая канферэнцыя, прысвечаная яго ўнёску ў развіццё культа Божай Міласэрнасці.

Сёння, калі культ Божай Міласэрнасці, адным філяраў якога быў айцец Андраш, ахоплівае ўвесь свет, ягоная асоба становіцца сімвалам пакорнага, але надзвычай плённага служэння іншаму чалавеку. Яго гісторыя паказвае, якое вялікае значэнне на шляху да святасці мае мудры і адданы духоўны кіраўнік. Заклікаем маліцца аб дары яго беатыфікацыі і паразважаць над каштоўнасцю тых, хто ціха суправаджае святых у якасці іх “давераных асоб” у паўсядзённым жыцці.

Крыніца: Bez niego nie byłoby obrazu Jezusa Miłosiernego. Poznaj historię niezwykłego jezuity