У набліжэнні урачыстай беатыфікацыі айца Віктора Дыяра SJ Генеральны настаяцель ордэна езуітаў скіраваў адмысловы ліст да ўсяго Таварыства Езуса.
Дарагія сабраты:
13 снежня ў парыжскім саборы Нотр-Дам кардынал Жан-Клод Холерыш SJ, як прадстаўнік Папы Льва XIV, беатыфікуе 50 французскіх мучанікаў: 33 маладых людзей, якія належаць да “Jeunesse Ouvrière Chrétienne” (“Маладых хрысціянскіх работнікаў”) або скаўтаў Францыі, 3 семінарыстаў, 9 дыяцэзіяльных святароў, 4 маладых францішканаў і аднаго езуіта – айца Віктора Дыяра, старэйшага з гэтых 50. У 1943 годзе ў складзе “Service du Travail Obligatoire” (“Абавязковай службы працы”) яны сталі прымусовымі рабочымі на нямецкіх фабрыках. За ўдзел у падпольнай пастырскай дзейнасці, забароненай нацысцкімі законамі, іх арыштавалі і кінулі ў вязніцу. Большасць з іх затым перавялі ў канцэнтрацыйныя лагеры, дзе на працягу 1944-1945 гадоў яны памерлі, дарэшты спазнаўшы на сабе нянавісць да веры.
Віктор Дыяр (Victor Dillard) нарадзіўся ў Блуа 24 снежня 1897 года. Ён атрымаў добрую адукацыю, поруч з якой яму і ягоным дзевяці братам і сёстрам (адна з іх стала манахіняй) прывівалася любоў да музыкі і тэатра. У 1914 годзе, пасля заканчэння сярэдняй адукацыі, ён пайшоў па слядах двух сваіх братоў і скончыў Першую сусветную вайну ў званні лейтэнанта, праславіўшыся сваёй адвагай. Ужо тады ён праяўляў якасці, якія суправаджалі яго праз усё жыццё: уменне дамаўляцца з людзьмі, лідэрскія здольнасці і прадпрымальніцкі дух.
У 1919 годзе ён адправіўся з французскай арміяй у Влацлавэк (Польшча) для падрыхтоўкі ваенных кадраў. Цягам некалькіх месяцаў ён паспеў добра павесяліцца, закахацца, перажыць цяжкія ўнутраныя пакуты, пасля якіх знайшоў супакой каля падножжа статуі Хрыста, якому паабяцаў чысціню і выказаў жаданне стаць езуітам. У лістападзе таго ж года ўступіў у езуіцкі навіцыят. Пасля абяцанняў, складзеных у 1921 годзе, ён пачаў сваю доўгую кар’еру педагога, працаваў у пяці школах, найбольш вядомай з якіх была Sainte-Geneviève (школа Святой Жэнеўевы) у Версалі. Ён вывучаў тэалогію ў Ліён-Фурв’ер, святарскае пасвячэнне атрымаў у Блуа 29 чэрвеня 1931 года і прайшоў яшчэ два гады тэалагічнай падрыхтоўкі ў Інсбруку ў Аўстрыі. Падчас сваёй трэцяй прабацыі ў Пара-ле-Маніяль, у 1934-1935 гадах, завяршыў сваю першую кнігу “To the Unknown God” (“Да невядомага Бога”) з глыбокімі духоўнымі і тэалагічнымі разважаннямі, якія адлюстроўвалі яго асабісты досвед.
З самага пачатку свайго філасофскага навучання ён асаблівым чынам цікавіўся сацыяльным вучэннем Касцёла і грамадскімі пытаннямі, міжнародным правам і палітычнай эканоміяй. У згодзе з гэтай цікаўнасцю, у 1937 годзе ён быў прызначаны на працу ў “Action Populaire” (“Народнае дзеянне”), езуіцкую арганізацыю, размешчаную ў Ванве (Парыж). У гэты час ён пазнаёміўся з “Маладымі хрысціянскімі рабочымі” і светам працоўных, у стасунках з якімі ён выказаў вялікі апостальскі запал. Пасля побыту ў Злучаных Штатах у 1938 годзе ён напісаў дзве кнігі пра маладых студэнтаў і рабочых у гэтай краіне. Вярнуўшыся ў Францыю, быў зноў мабілізаваны. Немцы схапілі яго ў 1940 годзе, але і тады здолеў арганізаваць духоўныя рэкалекцыі і сацыяльныя курсы для афіцэраў. Пасля паспяховых уцёкаў з-пад арышту ён быў скіраваны сваім правінцыялам у Вішы, дзе на працягу трох гадоў працягваў распаўсюджваць асвету ў сацыяльнай сферы, з асуджэннем выказваючыся пра камунізм, нацызм і антысемітызм.
У сакавіку 1943 года былі ўведзены законы наконт “абавязковай працоўнай службы”, паводле якіх мужчын ва ўзросце ад 21 да 23 гадоў адпраўлялі на працу ў Германію. Французскі касцёл прыняў рашэнне суправаджаць іх у хрысціянскім жыцці. Айцец Дыяр скіраваў свайму настаяцелю асабістую просьбу аб удзеле ў гэтай місіі, і ў рэшце рэшт быў прызначаны падпольным святаром у якасці рабочага ў Вуперталі. Дзень за днём, пасля дванаццаці гадзін знясільваючай працы, ён з’яўляўся ў прамысловых раёнах сярод маладых католікаў і як мага лепш дзяліўся Хрыстовым пасланнем. Праз сем месяцаў такой дзейнасці ён быў схоплены па даносу, паддадзены прыніжэнням і катаванням і ў 1944 годзе дэпартаваны ў канцэнтрацыйны лагер Дахау каля Мюнхена. Там, пасля ампутацыі нагі, ён заразіўся сістэмнай інфекцыяй і памёр 12 студзеня 1945 года.
Віктор Дыяр безумоўна быў педагогам на службе моладзі, якую ён натхняў сваёй энергіяй і шырокімі ведамі пра свет у сваіх працах, лекцыях, групавых занятках і лагерах. Застаючыся патрабавальным, ён заўсёды імкнуўся да таго, каб вучні прымалі школьную дысцыпліну і каб яна не навязвалася сілай ці праз пакаранні. Калі перад ім быў малады чалавек, ён задаваўся пытаннем: “Што я магу сказаць, каб дапамагчы яму расці?”
Як інтэлектуал і вядомы эксперт у галіне эканомікі, ён напісаў шэсць кніг, некалькі сотняў артыкулаў і правёў безліч выкладаў усяго за дванаццаць гадоў служэння. Поруч з тым, уважны да паўсядзённай рэчаіснасці, ён аддаваў перавагу самым уразлівым і простым. Некалькі прыкладаў: будучы афіцэрам на войнах, з надыходам цемры ён хаваў сваё званне і ішоў падтрымліваць тых, з кім найменш лічыліся. А ў Злучаных Штатах ён мог супрацоўнічаць з прэзідэнтам Рузвельтам у фінансавых пытаннях і адначасова атрымліваць асалоду ад святкавання Божага Нараджэння ў беднай парафіі з пераважна чарнаскурым насельніцтвам. Яго інтэлектуальная дзейнасць падмацоўвалася кантактамі з “Маладымі хрысціянскімі рабочымі” і працоўным людам, якіх ён суправаджаў да самага канца.
Падчас сваіх апошніх штогадовых духоўных практыкаванняў у верасні 1943 года, добра ўсведамляючы небяспеку, але не баючыся смерці, ён пацвердзіў, што сваё жыццё ўжо аддаў раз і назаўжды. Ён дазволіў Настаўніку кіраваць сабой, як Ён хацеў, згодна з Яго воляй. Арыштаваны ў Нядзелю Добрага Пастыра, Дыяр адзначае, што Пастыр, з якім ён сябе атаясамліваў, павінен аддаць жыццё за сваіх авечак. Гэта спосаб па-сапраўднаму практыкаваць хрысціянскую веру і заставацца верным Богу. І перад іншым езуітам у тым жа канцэнтрацыйным лагеры за некалькі дзён да смерці ён пацвердзіў сваю ахвяру за Касцёл і рабочы клас. Ён сам ціха жыў як рабочы крыху больш за паўгода, “колькі мог”.
Ён піша з турмы: “І я кажу «колькі мог», бо на самой справе я не быў і не мог быць рабочым. (…) Чалавек не становіцца рабочым проста таму, што хоча ім быць. Цяпер я ведаю, што на самой справе азначае «гонар быць рабочым», і не праз прамовы ці паэзію. (…) Толькі пабыўшы там, можна зразумець, што рукі не могуць быць чыстымі, а пазногці бездакорнымі, калі чалавек працаваў у змазцы. Там я адпраўляў Імшу бруднымі, але пераможнымі рукамі. (…) Я думаю, што гэта не выпадковасць, што Хрыстус хацеў быць работнікам. Ён любіў дрэва, сакрэты якога ведаў дзякуючы сваёй дваццацігадовай блізкасці да яго. Ён нарадзіўся на гэтым дрэве ў яслях і хацеў памерці ў крывавых абдымках свайго сябра, свайго брата, дрэва. (…) Хрыстус павінен быў прыйсці, стаць работнікам і ўвасобіцца ў эўхарыстычнай матэрыі, каб пераадолець непразрыстасць гэтай матэрыі і каб гэта матэрыяльная камунія стала камуніяй любові. (…) Трэба было гэта перажыць, каб зразумець, што Бог стаў цесляром”.
На парозе адпраўкі ў Дахау ў лістападзе 1944 года ў адным са сваіх лістоў ён прызнаўся, што ўсё сваё жыццё аддаў Богу, а Ён зробіць усё, што пажадае. Дыяр заклікаў сваіх сяброў: “Заставайцеся непахіснымі хрысціянамі і любіце Хрыста з усіх сваіх сіл. Ён – падмурак усяго і рашэнне ўсіх праблем. Ён – Той, хто пераможа”.
Падзякуем Богу за нашага сабрата, які свае шматлікія здольнасці прысвяціў служэнню моладзі і рабочым у салідарнасці з імі, увасабляючы прысутнасць Хрыста ў іх надзвычай цяжкіх абставінах, аж да сваёй мучаніцкай смерці. Няхай яго прыклад дапаможа нам трываць да канца ў лучнасці з Панам Езусам.
З братэрскай адданасцю ў Хрысце,
Артура Соса SJ,
Генеральны настаяцель
Рым, 4 снежня 2025 г.