Духоўнасць, якая разумеецца як пошук і знаходжанне Бога ва ўсім, не абмяжоўваецца рэлігійнымі практыкамі, але распаўсюджваецца на ўсю рэчаіснасць і ўсе сферы чалавечага жыцця. Кожная рэч, каштоўнасць, дзейнасць, распачатая свядома, з любоўю і з памятаннем пра мэту жыцця, можа стаць крыніцай з’яднання з Богам. Такім чынам пераадольваецца напружанне паміж sacrum i profanum. Бог усюды, дзе няма граху. Чалавек пакліканы адкрыцца на гэтую прысутнасць і развіваць глыбокія, блізкія адносіны сяброўства з Богам.

Чалавек, які заўсёды адчуваў прысутнасць Бога

Святы Ігнацый Лаёла, аўтар «Духоўных практыкаванняў» і заснавальнік Таварыства Езуса, меў вялікую здольнасць знаходзіць Бога ў штодзённым жыцці. Ён з лёгкасцю адчуваў і жыў блізкасцю з Богам не толькі падчас няспыннай малітвы, але і ў віры звычайных размоў, абавязкаў, праблем і клопатаў. Бліжэйшы супрацоўнік святога, Геранім Надаль, успамінае: «Я не перастану прыгадваць гэтую ласку, якую меў Ігнацый у любых варунках, у працы і размове, а менавіта пачуццё прысутнасці Бога, а таксама смакаванне духоўных рэчаў, кантэмпляцыі нават сярод дзеяння; ён называў гэта пошукам Бога ва ўсім». А Гансалвес да Камара, біёграф Ігнацыя, занатаваў: «Усё, што Айцец робіць і што мае дачыненне да Бога, ён робіць з вартай здзіўлення засяроджанасцю і поўнай адданасцю, і відавочна, што ён не толькі ўяўляе, што перад ім Бог, але што ён бачыць Яго сваімі вачыма, і гэта відаць нават пры благаслаўленні стала». Святы Ігнацый любіў прыроду, бо яна вяла яго да Бога, ён любіў доўга ўзірацца ў зорнае неба. Кантэмпляцыя неба ўмацоўвала яго свабоду ў адносінах да  часовых рэчаў. Ён мог бачыць Бога ў найбольш празаічнай рэчаіснасці, ён бачыў Святую Тройцу нават у апельсінавым лістку. Музыка і сакральны спеў таксама набліжалі яго да Бога. Па яго словах, ён адчуваў сябе «ўнутрана перамененым» праз яе. Айцец Ігнацый меў містычныя перажыванні не толькі падчас штодзённай Эўхарыстыі, але і… шпацыруючы па вуліцы. У сваім дзённіку ён адзначае: «Тады, калі я ішоў па вуліцы, перад маімі вачыма стаў Езус, і я адчуў моцнае ўзрушанне і слёзы. А потым, пасля размовы з [кардыналам] Карпі і па дарозе дадому, я адчуў вялікую пабожнасць. Пасля пасілку, і асабліва калі я мінуў браму вікарыя [Горада] і ўвайшоў у дом [кардынала] Трана, у мяне было адчуванне або бачанне Езуса, шмат унутраных рухаў і шмат слёз. (…) Ва ўсе гэтыя хвіліны была ўва мне такая ​​вялікая любоў, калі я адчуваў ці бачыў Езуса, што мне здавалася, што з таго часу не магло адбыцца нічога, што магло б альбо адлучыць мяне ад Яго, альбо прымусіць мяне сумнявацца ў ласках» (24 лютага 1544 г.). Лад жыцця Ігнацыя, які ён прапануе не толькі езуітам, айцец Геранім Надаль называе «вышэйшым дзейным жыццём», і ён заключаецца ў гарманічным спалучэнні кантэмпляцыйнай любові з дзеяннем, апостальскай актыўнасцю. Такое спалучэнне дазваляе жыць Богам нават у самым вялікім наплыве дзейнасці і працы; дазваляе пакінуць Бога дзеля Бога ў бліжнім; спалучыць Марту з Марыяй (пар. Лк 10, 38-42).

Бог напаўняе дзень

Досвед пошуку Бога ва ўсім айцец Ігнацый рэкамендаваў сваім сабратам. На пытанне студэнтаў аб тым, як лепш маліцца, ён адказаў: «З-за мэты навучання схаластыкі [то бок, езуіты-семінарысты] не могуць аддавацца доўгім разважанням. (…) Аднак яны могуць практыкавацца ў пошуку прысутнасці нашага Пана ва ўсім, напрыклад, у размове, хадзе, позірку, смакаванні, слуханні, мысленні і ва ўсіх дзеяннях; бо сапраўды, Ягоная Боская веліч месціцца ў кожнай рэчы праз Сваю паўсюдную прысутнасць, моц і істоту».

Ігнацыянскі пошук Бога распаўсюджваецца на ўсю рэчаіснасць, нават на самыя празаічныя рэчы, такія як мысленне, размова, слуханне, шпацыр. Бо кожнае дзеянне, калі паходзіць не са страху і эгаізму, але з любові, ёсць праслаўленнем Бога. Апостал народаў заклікаў: «Ці ясце, ці п’яце, ці нешта робіце, усё рабіце на славу Божую» (1 Кар 10, 31). Жыццё ў такой перспектыве дае пачуццё спаўнення, задавальнення і радасці. «Калі б служэнне Богу складалася толькі з чытання малітваў, то любы час у нашым распараджэнні, быў бы занадта кароткім», — заўважае айцец Пэтэр Кнаўэр. На шчасце, у арбіце служэння знаходзіцца ўсё жыццё. Штодзённая праца, высілкі і цярпенне, міжасабовыя адносіны і сяброўства, звычайныя жыццёвыя патрэбы, але таксама асалода і забава могуць стаць гімнам хвалы Богу. Энтані дэ Мэла падкрэслівае, што многія людзі не дасведчваюць Бога, бо чакаюць надзвычайных, містычных перажыванняў, і не заўважаюць Яго ў звыклых будзённых дзеяннях. У той жа час гэта заахвочвае да большай уважлівасці, поўнага выкарыстання ўсіх пачуццяў і свядомага пражывання кожнага моманту. Ён піша: «Вы жадаеце бачыць Бога? Паглядзіце на твар суседа. Вы хацелі б пачуць Яго? Паслухайце плач дзіцяці ці гучны смех падчас гульні, шум ветру ў дрэвах, грукат колаў цягніка. Вы хочаце Яго адчуць? Працягніце рукі і абдыміце каго-небудзь (…) або ў цішыні паслухайце адчуванні, якія прыносіць вам уласнае цела. Эммануэль. Бог сярод нас».

<…>

Як шукаць, каб знайсці
  1. Адкрыццё Бога ў штодзённым жыцці магчыма праз святыя жаданні і тугу. Святы Аўгустын, біскуп Гіпона, выказаў сваё навяртанне ў адной з самых вядомых фраз: «Ты [Божа] стварыў нас для сябе, і неспакойнае сэрца нашае, пакуль не знойдзе спакой у Табе». у кожным чалавеку ёсць прагненне, туга па любові, прыгажосці, бясконцасці, гэта значыць па Богу. Ён стварыў людзей істотамі, якія носяць тугу ў сэрцы. Кожны мае след, знак, вобраз Бога і прагненне паўнаты. Развіваць гэтыя прагненні і святыя жаданні – значыць не распыляць іх на тысячы непатрэбных спраў, страхаў, трывог, клопатаў, а накіроўваць да духоўнай, боскай рэчаіснасці.
  2. Пастава ўдзячнасці дапамагае адкрываць Бога ў штодзённым жыцці, даючы нам зразумець, што мы не адзіныя аўтары сваіх ведаў і поспехаў і не адзіныя кавалі свайго лёсу. У рэшце рэшт, усё паходзіць з безумоўнай, абсалютнай любові Бога да нас. Такое ўсведамленне вядзе да ўнутранай свабоды і духоўнай раўнавагі, адкрывае вочы і пашырае сэрцы. Нямецкі езуіт Лукас Нідэрбергер распрацаваў практычны спосаб культывавання паставы ўдзячнасці. Кожны вечар перад сном ён запісваў тры рэчы, за якія ён удзячны ў гэты дзень. Калі перажываў цяжкія часы і цяжка было знайсці нешта прыгожае, пазітыўнае, ён адкрываў сшытак і чытаў напісанае. Так ён знаходзіў радасць і шчасце.
  3. Таксама карысны штодзённы рахунак сумлення. Пачынаецца ён малітвай удзячнасці, таму нам лягчэй усвядоміць, што ўсё з’яўляецца Божым дарам; увесь створаны свет, кожны чалавек, усе духоўныя і матэрыяльныя даброты, гісторыя і будучыня чалавецтва, добрыя і цёмныя бакі асобы і жыцця, радасці і пакуты… Такі малітоўны позірк удзячнасці дазваляе бачыць Бога прысутнага нават у самым простым і складаным дары. Дазваляе адкрываць Ягоныя розум і сэрца. Дазваляе “адчуць смак” Яго дабрыні, зычлівасці, міласэрнасці і любові, прысутных амаль на кожным кроку. Трэба зусім няшмат, каб знайсці Бога ва ўсім. Дастаткова расхінуць сваё сціснутае сэрца і абудзіць пачуцці!

Станіслаў Бель SJ – рэкалекцыяніст і духоўны кіраўнік, працуе ў Рэкалекцыйным доме ў Чэнстахове. Аўтар кніг і артыкулаў у галіне духоўнасці.

Крыніца: Święty Ignacy Loyola uczy, jak szukać i znajdować Boga we wszystkich rzeczach