“Калі Ігнацыянскі год дапаможа хоць адной асобе наблізіцца да Хрыста, ужо будзе поспех”, – кажа Паскаль Калу SJ. Бельгійскі езуіт у фармацыі каардынуе з Рыма, з самага цэнтра Таварыства Езуса, увесь юбілейны год святога Ігнацыя.

Размаўляе Петэр Паштар.

– Што ў жыцці святога Ігнацыя цябе найбольш натхняе як езуіта і як каардынатара юбілейнага года? Якія жыццёвыя моманты Ігнацыя дапамагаюць табе ў паўсядзённым і прафесійным жыцці?

– Я стаў каардынатарам Ігнацыянскага года ў Генеральнай курыі ў Рыме нечакана. Я павінен быў ехаць у М’янму на “магістэрый” (душпастырскую практыку), але мяне спыніла пандэмія, таму трэба было знайсці альтэрнатыўнае месца. Мой правінцыял адправіў мяне ў Рым, каб я працаваў у офісе камунікацый Генеральнай курыі на працягу Ігнацыянскага года. Зусім іншая абстаноўка і апостальства, чым было задумана першапачаткова.

Мяне натхняе той факт, што падобнае здарылася і з Ігнацыем. Ён хацеў трапіць на Усход, але венецыянскія караблі туды не плылі. Таму першыя кампаньёны вырашылі адправіцца ў Рым і прапанаваць сябе Папе. А потым, насуперак свайму жаданню, Ігнацый быў абраны першым генеральным настаяцелем, што азначала, што ён заставаўся ў Рыме на “офіснай працы”, зусім іншай, чым яго першае жаданне місійна знаходзіцца побач з людзьмі. Мяне натхняюць разважанні пра тую частку жыцця Ігнацыя. Як і ён, я хацеў паехаць на Усход, але не змог, і прыехаў у Рым, апынуўшыся ў “офісным асяроддзі”. З гэтага месца Ігнацый займеў шырокі погляд на сусветнае грамадства, і я рады, што маю падобны досвед, атрымліваючы шмат інфармацыі з усяго свету, даведваючыся шмат новага пра сусветнае грамадства.

– Ігнацый, як вядома, быў строгім і пяшчотным чалавекам адначасова. За што ён зараз мог бы папракнуць езуітаў, а за што мог бы пахваліць? Аб чым ён бы цяпер папрасіў езуітаў?

– Думаю, Ігнацый папрасіў бы сучасных езуітаў аб тым жа, аб чым а. Генерал Соса просіць: стаць больш каталіцкімі, гэта значыць: больш універсальнымі.

А яшчэ – ставіць Хрыста заўсёды ў цэнтры і ніколі не забываць гэта рабіць. Лёгка заблытацца у сцісла мясцовых праблемах, губляючы ўніверсальны погляд на свет. І лёгка паставіць што-небудзь ці каго-небудзь іншага ў цэнтры замест Хрыста. Сутнасць у пастаянным навяртанні, якое засяроджваецца на тым, што сапраўды важна.

У той жа час, я думаю, Ігнацый заахвоціў бы ўсіх езуітаў па ўсім свеце працягваць свае апасталаты з вялікай руплівасцю. Ён бы верыў, што езуіты аддадуць усё, маючы за аснову тое агульначалавечае бачанне, братэрскую сувязь і Хрыста як цэнтр, верныя Яго Касцёлу.

– Што б рабіў святы Ігнацый у 2021-2022 гадах? Якім чынам ён мог бы прысутнічаць на розных мерапрыемствах юбілейнага года?

– Ігнацый не хацеў бы быць у цэнтры ўвагі. Ён дазволіў бы гэта толькі тады, калі б гэта было на карысць душаў, калі дапамагло б людзям наблізіцца да Хрыста. Ён не засяроджваўся б на мінулым, а скіраваў увагу на сучаснасць і будучыню. Як мы можам па-іншаму глядзець на свет, на нашых братоў і сясцёр, на Касцёл, на Бога і на нас саміх?

Ці можам мы паспрабаваць зірнуць Божымі міласэрнымі і любячымі вачамі? І калі мы спрабуем гэта рабіць, што адбываецца? Ці бачым мы рэчы ў новым святле? У святле Хрыста?

Калі гэты год не дапамагае людзям наноў адкрыць Хрыста і іх адносіны з Богам, то не варта прыкладаць намаганняў.

– Айцец генерал сказаў, што юбілейны год павінен быць не пра самога св. Ігнацыя, а, хутчэй, пра Езуса. Як гэта пасланне можна рэалізаваць на практыцы?

– “Хрыстус у цэнтры” азначае, што мы маем Яго перад вачамі, што нашая ўвага не адцягваецца на мінулае, на вялікія падзеі жыцця Ігнацыя і на гісторыю Таварыства, але стараемся ўбачыць, якім чынам Хрыстус прысутнічаў у жыцці Ігнацыя, і падкрэсліць гэтую прысутнасць.

Гэта азначае, што мы можам натхняцца постаццю Ігнацыя настолькі, наколькі ён быў блізкі да Хрыста, але таксама можам вучыцца на прыкладзе яго пілігрымавання. Вучыцца, што няўдачы – гэта частка нашай пілігрымкі як хрысціян і што мы часам будзем губляць Хрыста з поля зроку. Але Ігнацый паказвае нам, што мы заўсёды можам вярнуцца да Хрыста, лагодна ідучы за Духам. Для гэтага нам патрэбна распазнаванне. Яно дапамагае нам знайсці, дзе Бог сапраўды працуе ў нашым жыцці, дзе Ён сапраўды з’яўляецца цэнтрам і куды мы ставім сябе альбо нешта іншае на Божае месца.

– Асноўнае пасланне Юбілейнага года – убачыць усё па-новаму ў Хрысце. Падчас тваёй каардынацыйнай працы ці меў ты магчымасць спазнаць дух гэтага паслання?

– Убачыць усё па-новаму даволі проста. Сутнасць у тым, каб зрабіць гэта “ў Хрысце”.

Менавіта тады, калі сапраўды засяродзіцца на гэтай частцы, убачыць усё па-новаму становіцца сапраўды навіной. Пачынаючы гэтую працу, я баяўся юбілейнага года, арыентаванага на мінулае. Але пачуць, як айцец Генерал настойвае на тым, каб Хрыстус быў цэнтрам усяго, і ўбачыць, як правінцыі спрабуюць прапанаваць духоўны досвед людзям на працягу гэтага года, было сапраўдным суцяшэннем.

Акрамя таго, юбілейны год уключае не толькі нейкія прапановы Таварыства Езуса для людзей, але ён таксама прызначаны і для нас саміх. Гэта цудоўная магчымасць нанова адкрыць свае карані, адкрыць для сябе сэнс існавання як Таварыства Езуса. І само Таварыства Езуса з’яўляецца менавіта “Езусавым”. Без Яго яно не мае сэнсу. Мы маем патрэбу быць абноўленымі Хрыстом і дазволіць сабе абнавіцца. Прысвяціць час, каб падвесці вынікі і паглядзець, куды мы ідзем.

– Ці мог бы ты вылучыць адну з сваіх любімых праграм юбілейнага года з кожнага кантынента?

– Па ўсім свеце шмат праектаў, і выбраць любімыя праграмы было б вельмі складана. Але адна з маіх улюбёных рэчаў – той факт, што людзі спрабуюць супрацоўнічаць па-за межамі правінцыі і канферэнцый. Мы спрабуем зразумець, што робяць іншыя, і адаптаваць гэта да нашай мясцовай сітуацыі. Нам не трэба ўсё вынаходзіць уласнымі сіламі. Мы можам проста вучыцца адзін у аднаго. Прыемна бачыць, як гэта працуе.

– Пры якіх умовах ты б сказаў у ліпені 2022 года, што Ігнацыянскі юбілейны год стаў паспяховым у Таварыстве Езуса і ў тваім уласным жыцці?

– Ігнацыянскі год быў бы паспяховым, калі б мы атрымалі досвед абнаўлення і калі б адчулі сябе больш засяроджанымі на Хрысце. Калі нам удасца выйсці са сваёй паўсядзённай руціны, падвесці вынікі і аднавіць сувязь з асновамі Таварыства. Калі мы пераадкрыем натхненне Першых Айцоў, якія былі так моцна напоўненыя Духам, што не здолелі б не аддаць жыццё за гэтую місію.

Год будзе паспяховым, калі людзі адкрыюць для сябе багацце ігнацыянскай духоўнасці для іх жыцця веры. Калі яны адкрыюць, што Бог ужо працуе ў іх жыцці і што яны могуць слухаць Духа, які вядзе іх.

Таварыства Езуса заснавана для дапамогі душам, а значыць, каб дапамагчы людзям стаць бліжэй да Бога.

Калі Ігнацыянскі год дапаможа хоць адной асобе наблізіцца да Хрыста, ужо будзе поспех. Але, вядома, чым больш людзей натхніцца гэтым, тым лепш.