Першы Папа-езуіт – чалавек, сфарміраваны “Духоўнымі практыкаваннямі”, які вылучаўся распазнаваннем, унутранай свабодай і імкненнем знайсці Бога ва ўсім. Езуіты стварылі адмысловую старонку на сваім “глабальным” сайце ў якасці жывога помніка Папе Францішку, каб мець прастору для ўспамінаў і роздуму над пантыфікатам, які змяніў Касцёл.
13 сакавіка 2013 года канклаў абраў сына Ігнацыя Лаёлы на катэдру святога Пятра: на служэнне, адзначанае не толькі гістарычнымі дасягненнямі, але і ігнацыянскай харызмай, якая яго сфармавала. На працягу свайго пантыфікату Папа Францішак заахвочваў свет глядзець на перыферыі. Ён уяўляў Касцёл не замкам, а палявым шпіталём, дзе з міласэрнай любоўю можна загаіць раны чалавецтва. Такое бачанне грунтуецца на ігнацыянскім закліку ісці туды, дзе ёсць найбольшая патрэба.
Прапануем таксама ўспамін-разважанне а. Томаса Флаўэрса SJ.
Лёгкі суразмоўца
Пад канец першага года свайго пантыфікату Папа Францішак кананізаваў Пятра Фабэра, аднаго з першых езуітаў. Фабэр быў беатыфікаваны Папам Піем IX у 1872 годзе, але затым справа кананізацыі зайшла ў тупік. Папа Францішак адмовіўся ад звычайных працэдур, каб падштурхнуць кананізацыю Фабэра. Такім чынам, першы Папа-езуіт не толькі звярнуў увагу Касцёла на гэтага сябра святога Ігнацыя Лаёлы з XVI стагоддзя, вядомага майстра Духоўных практыкаванняў, але тым самым адкрыў штосьці і пра сябе, пра сваё жаданне служыць Касцёлу. Адзін з езуітаў пісаў пра Фабэра: “Бог даў яму такую ласку: у кожнай размове, у банкетных залах і заездах, пры дварах высакародных асоб, гэты добры чалавек прапаноўваў добры скарб свайго сэрца, …з задавальненнем здзяйсняючы і развіваючы справы Хрыста без нуды і раздражнення” (Ота Браўнсбергер SJ). Куды б ён ні пайшоў, Фабэр самаддана сведчыў пра сваю веру і любоў, усім без выключэння, з лёгкасцю прымаючы ўдзел у любой размове, якая, на яго думку, магла б наблізіць слухачоў да Хрыста.
У красавіку 2023 года, выйшаўшы з бальніцы, дзе ён лячыўся ад бранхіту, Папа Францішак сутыкнуўся з натоўпам журналістаў і вернікаў, якія прагнулі яго ўвагі. Сярод іх была маладая пара, якая напярэдадні ўвечары страціла ў бальніцы пяцігадовую дачку. Захавалася відэа, дзе памочнік Францішка кажа яму пра гэтую пару, і ў наступнае імгненне стракатанне фотакамер і пытанні натоўпу нібы знікаюць, калі Папа працягвае руку, каб прытуліць галаву заплаканай маці, і шэпча словы, якія чуе толькі яна. Усё яшчэ абдымаючы яе, ён працягвае руку бацьку. У гэты момант Францішка не хвалявала нічога, акрамя болю гэтых людзей, якіх ён бачыў перад сабой. Ён хацеў быць з імі, хацеў, каб яны ведалі, што Хрыстус з імі сярод іх пакут.
Менавіта такія сустрэчы адкрывалі, кім быў Папа Францішак і якім чынам ён жадаў служыць Касцёлу. Сапраўды, вялікія літургічныя дзеянні і афіцыйныя прамовы ніколі не выяўлялі яго так выразна, як пяшчотныя жэсты і нечаканыя словы. На радасць адных і жах другіх, ён заўсёды быў гаваркі. Манера ягонай гутаркі была простай, а калі з ім размаўлялі, ён слухаў. У сваёй апостальскай адгартацыі Evangelii gaudium ён пісаў пра неабходнасць ставіцца да людзей з “увагай, поўнай любові, [якая] з’яўляецца пачаткам сапраўднага клопату пра асобу і, пачынаючы з яе, я хачу плённа шукаць для яе дабра” (EG 199). Сваімі словамі і ўчынкамі ён паказваў, што сам спазнае ад Бога такую любячую ўвагу і прагне шчодра раздаваць сваю ўвагу іншым, каб яны таксама маглі зведаць пяшчотны клопат Бога. Падобна свайму заступніку, святому Пятру Фабэру, ён лёгка кантактаваў з самымі рознымі людзьмі, раздаваў любоў без вынятку, нязмушана, у кожнай размове, якая магла прывесці тых, з кім ён сустракаўся, бліжэй да Хрыста.
Томас Флаўэрс SJ, https://www.thinkingfaith.org/articles/who-was-pope-francis-you