Мастак Хенрык Мусяловіч распачаў стварэнне абраза святога Андрэя Баболі пасля таго, як стаў пераможцам конкурсу, што праводзіўся ў 50-я гады ХХ стагоддзя. Як ён сам прызнаўся, перад ім была нялёгкая задача. Праўда, у агульных рысах ён ведаў гісторыю жыцця і мучаніцтва святога, але распрацаваць візуальны вобраз было складана. Таму творца шмат часу правёў перад ракаю з рэліквіямі святога, каб стварыць у сваім уяўленні яго вобраз. Напачатку Хенрык Мусяловіч намаляваў два пробныя эскізы, якія, аднак, не былі зацверджаныя. Толькі трэці праект быў прыняты, і паводле яго ствараўся абраз.
На абразе выяўлены замучаны Андрэй Баболя на фоне Укрыжаванага Хрыста, Хрыста-Пераможцы. Каля ног святога мучаніка знаходзяцца тры алегарычныя жаночыя постаці, якія сімвалізуюць Польшчу (у блакітным адзенні і са свечкаю ў руцэ), Літву (у жоўтым адзенні) і Русь (у чырвоным адзенні). У іх добра відаць крылы, як у анёлаў, што можа сведчыць пра іх незямное паходжанне. Два апошнія анёлы плачуць, бо сімвалізуюць народы, якія ў час стварэння абраза яшчэ не атрымалі незалежнасці.
З 15 верасня 1959 г. абраз знаходзіўся ў публічнай капліцы варшаўскага езуіцкага калегіума, якая служыла парафіяльным касцёлам, дзе захоўвалася рака з рэліквіямі святога мучаніка. Пасля пабудовы ў Варшаве санктуарыя Андрэя Баболі рэліквіі і абраз былі перанесены туды.
Аляксандр Яцыняк SJ
Часопіс “Наша вера” №2(40)/2007