Ляон Ігнацый Манжэн (León-Ignace Mangin) загінуў разам з сабратам-езуітам Полем Дэнам (Paul Denn) у 1900 годзе ў кітайскай вёсцы Чжуцзяхэ, калі маліўся ў парафіяльным касцёле з людзьмі, якія адмовіліся адрачыся ад сваёй хрысціянскай веры падчас “Баксёрскага” паўстання. Гэты таемны кітайскі рух пачаў пераслед католікаў у 1898 годзе; каля 30 000 чалавек былі забітыя падчас пераследу.

Айцец Манжэн нарадзіўся ў Францыі, уступіў у Таварыства ў 1875 г. Ён быў скіраваны на місію ў Кітай, вывучаў тэалогію і кітайскую мову, атрымаў святарскае пасвячэнне ў 1886 г. Ён прыбыў у Чжуцзяхэ ў 1900 г.; колькасць жыхароў павялічылася з 400 на момант яго прыезду да амаль 3000 з-за пагрозы нападаў. Французскі езуіт як мог умацаваў паселішча і нарыхтаваў запасы. Ён таксама папрасіў айца Дэна пакінуць суседнюю вёску і далучыцца да яго ў Чжуцзяхэ. Дэн таксама быў французам і працаваў служачым у банку, перш чым уступіць у ордэн, каб стаць місіянерам. Ён атрымаў пасвячэнне ў Кітаі ў 1880 годзе.

“Баксёры” (такую ​​мянушку англічане далі паўстанцам з-за іх гімнастычных практыкаванняў) напалі на ўмацаваную вёску 15 ліпеня 1900 года, але жыхары змаглі іх адбіць. Яшчэ адна атака на наступны дзень таксама не мела поспеху, але затым 2000 салдат імператарскай арміі перапынілі свой шлях у Пекін, каб падтрымаць “баксёраў”. Калі Манжэн убачыў памер нападнікаў, ён зразумеў, што вёска асуджана. Некаторыя людзі змаглі ноччу ўцячы, але два езуіты вырашылі застацца са сваімі парафіянамі.

Нападнікі пабудавалі вежы, якія дазволілі ім падняцца на барыкады, і раніцай 20 ліпеня яны з боем прабіліся ў вёску. Езуіты сабралі жанчын і дзяцей у касцёл і маліліся з імі, рыхтуючы да таго, што павінна было адбыцца. Некалькі мужчын, якія засталіся ў жывых, хістаючыся, зайшлі ў капліцу незадоўга да таго, як “баксёры” выламалі дзверы касцёла і сталі перад каталіцкай супольнасцю. Яны далі людзям апошні шанец адмовіцца ад веры, але гэта зрабілі адзінкі. Потым пачалася страляніна. Дэн распачаў “Confiteor” (“Спавядаюся Богу Усемагутнаму…”), а Манжэн вымавіў словы адпушчэння грахоў. Яны былі забітыя аднымі з першых, а потым зламыснікі стралялі ў вернікаў і секлі іх шаблямі, перш чым падпаліць дах касцёла. Парэшткі пакутнікаў заставаліся там да 1901 года, калі іх сабралі і паклалі ў труны, а потым пахавалі ў новым касцёле, узведзеным на тым самым месцы. У той дзень загінула 1370 католікаў.

Ляон Ігнацый Манжэн быў беатыфікаваны 17 красавіка 1955 года Папам Піем XII і кананізаваны 1 кастрычніка 2000 года Папам Янам Паўлам II разам з іншымі 120 кітайскімі мучанікамі.

Успамін – 9 ліпеня.

Крыніца: Saint León-Ignace Mangin