Духоўны крызіс выклікае змену мыслення пра сябе і пра Бога, з’яўляецца часам ачышчэння, у якім адбываецца пераацэнка, пошук і адкрыццё найважнейшых рэчаў у веры і Касцёле. 

Крызіс – шанец ці пагроза?

Назва артыкула можа ўвесці ў зман. Можна падумаць, што крызіс увогуле вядзе да развіцця. Гэта не так. Не кожны крызіс абавязкова спрыяе развіццю, як і не з кожнай хмары ідзе дождж. Крызіс з’яўляецца шанцам, але таксама можа стаць пагрозай для развіцця – усё залежыць ад падыходу чалавека да складанай сітуацыі, а таксама ад таго, ці ўплываюць станоўча знешнія ўмовы, каб  добра перажыць крызіс.

З крызісам адбываецца гэтак жа, як і з досведам. Перажыты досвед не вучыць нічому, толькі рэфлексія пасля досведу дае магчымасць засвоіць адпаведны ўрок, які спатрэбіцца ў будучыні. Падобна і з крызісам. Не крызіс істотны для развіцця, але той выбар, які робіцца падчас яго. Крызіс можа ўзняць чалавека на вышэйшы ўзровень ці запаволіць развіццё. Вынікам можа стацца, напрыклад, прыняцце ролі абвінаваўцы ці ахвяры, што паддаецца знешнім фактарам, якія забіраюць пачуццё ўплыву на сваё жыццё. У такім выпадку ў духоўным крызісе на лаве вінаватых апынаецца Бог, а чалавек ператвараецца ў абвінаваўцу, або Бог становіцца малазначным элементам у жыцці чалавека  (нібы кветка да кажуха), які з’яўляецца ахвярай незразумелых вышэйшых сіл, да таго ж неспрыяльных чалавеку. Вось такім чынам крызіс у аднолькавай ступені ёсць шанцам для развіцця і пагрозай для яго, і гэтак жа з духоўным крызісам, які можа стаць шанцам наблізіцца да Бога, але і пагражае аддаліць ад Яго. 

Крызіс як раздарожжа

Хіба найлепшым вобразам вырашальнага моманту ў крызісе з’яўляецца раздарожжа. Чалавек стаіць на развілцы дарог і павінен зрабіць выбар, якім шляхам ісці далей. Ад гэтага залежыць, якія каштоўнасці ён прызнае найважнейшымі, якое бачанне сябе і свету прыме, наколькі зменіцца яго цяперашні спосаб мыслення і дзеяння. Дакрызісная лінія развіцця руйнуецца. Надыходзіць паваротны момант унутранага напружання і ўнутраных канфліктаў, пераломны момант, у якім павінен змяніцца кірунак руху. Няма іншай альтэрнатывы, трэба зрабіць выбар. І я выбіраю: пакідаю семінарыю, святарства і звязваю жыццё з жанчынай, пакідаю жонку ці заканчваю раман з супрацоўніцай, змяняю прафесію, пераходжу на іншы напрамак навучання, расстаюся з хлопцам, выязджаю з дому, фармулюю мужу катэгарычныя правілы адносна далейшага сямейнага жыцця, прымаю рашэнне прытрымлівацца свайго насуперак меркаванням і ціску іншых, перастаю верыць у Бога, адыходжу ад Касцёла і г.д.

Чаму ў вырашальны момант крызісу трэба зрабіць выбар? Як ужо было сказана раней, кожны выбар дае магчымасць развіцця або становіцца пагрозай. У момант выбару можам сказаць, што поспех і няўдача суадносяцца 50:50, а адмова ад выбару азначае прадвызначаны стопрацэнтны правал, таму што праз адмаўленне выбіраць прыпыняецца працэс развіцця. У такой сітуацыі трэба штосьці зрабіць, бо ўнутраны канфлікт узаемавыключальных вартасцяў каштуе чалавеку занадта шмат сіл, што ўплывае на незадавальняючую якасць жыцця, бо любы чалавек хоча ўрэшце знайсці ўнутраную раўнавагу праз выбар нейкага варыянту, які дае большую надзею на жыццё ў згодзе з самім сабой. У крызісе асоба даходзіць да той мяжы, дзе папярэдні спосаб дзеяння, мыслення і ацэньвання ўжо не працуе. Трэба перафармуляваць ці рэфармаваць свой лад жыцця, бо светапогляд, разуменне і мадэль рэчаіснасці, сфармаваныя да крызісу, не могуць даць адказы на новыя выклікі і праблемы, з якімі змагаецца чалавек. Трэба зрабіць выбар, найлепш такі, які спрычыніцца да таго, што асоба стане мацнейшай, мудрэйшай і лепшай для сябе і іншых.

У разгортванні крызісу гэты момант можна параўнаць з канцом калідора, дзе шлях разыходзіцца на два бакі: можна пайсці альбо ўлева, альбо ўправа. Сапраўды цяжкі досвед, які вымагае нейкай важнай перамены ў складаных абставінах, таму так лёгка памыліцца ў істотных пытаннях, якія паўплываюць на далейшае жыццё і будучыя рашэнні. У такі момант трэба ўсвядоміць адну рэч – я не магу сабе давяраць. Мае эмоцыі і стан розуму сігналізуюць аб пагрозе, мяне ахоплівае страх, які не дазваляе ясна думаць… а выбраць трэба. Што тады рабіць? Перш чым адказаць сабе на гэтае пытанне, паглядзім больш уважліва на сферу духоўнага крызісу на фоне іншых крызісаў, якія перажывае кожны з нас, каб лепш зразумець яго натуру.

Што такое духоўны крызіс?

Крызіс прыносіць з сабой негатыўныя эмоцыі, цяжкасці і праблемы. Крызісы здараюцца на працягу ўсяго жыцця і не ўдасца іх пазбегнуць. Таму асобы, якія не перажылі ніводнага духоўнага крызісу, не развіваюцца ў духоўным плане. Чалавек на сваёй жыццёвай дарозе спатыкаецца з праблемамі, новымі сітуацыямі, якія патрабуюць новых рашэнняў і новага падыходу, павінен брацца за чарговыя заданні і даваць рады з цяжкасцямі, унутранымі і знешнімі. Пазітыўнае вырашэнне крызісу вядзе да новай якасці ў адносінах да сябе, да іншых і да свету. Крызіс (духоўны ў тым ліку) грае важную ролю ў асягненні вышэйшага ўзроўню развіцця, а вышэйшы ўзровень духоўнага жыцця спалучаецца з большым з’яднаннем з Богам. Жыццё па сваёй сутнасці азначае развіццё, і крызіс – адзін з яго элементаў, таму трэба проста ўсвядоміць сабе, што іначай быць не можа. Крызіс не з’яўляецца сімптомам жыццёвай ці духоўнай няздатнасці дадзенай асобы, але з’яўляецца асноўным элементам развіцця і сталення.

Вылучаюць наступныя віды крызісаў:

а) крызісы развіцця, якім уласціва раптоўная перамена і жыццёвы паварот. Існуючы спосаб ацэнкі і дзеяння руйнуецца. Перамена, якая адбываецца, разбурае дасягнутую раней вобласць камфорту і напаўняе страхам. Крызісы развіцця могуць быць вынікам, напрыклад, нараджэння дзіцяці, змены працы ці пасады. 

б) сітуацыйныя крызісы, якія здаюцца найцяжэйшымі. Характэрнымі рысамі з’яўляюцца раптоўнасць здарэння, моцны шок, непрадказальнасць траўміруючай падзеі і немагчымасць якога-небудзь кантролю над тым, што адбываецца. Прыклады сітуацый, якія выклікаюць такога роду крызіс, – смерць блізкага чалавека, незваротная страта здароўя, вестка аб цяжкай хваробе, сексуальны гвалт. 

в) экзістэнцыяльны крызіс, які датычыць сэнсу жыцця. Да гэтага роду крызісу належыць, напрыклад, крызіс сярэдняга ўзросту, расстанне з каханай асобай.

г) крызіс веры, аб якім кажуць у першую чаргу ў рэлігійным асяроддзі і даследуюць у пастаральнай сферы і сацыялогіі рэлігіі. Ён датычыць зменаў у рэлігійным жыцці, на якое маюць уплыў імклівыя працэсы ў культуры і новыя патрабаванні жыццёвага асяроддзя.

Крызіс духоўны і не-духоўны

У гэтым артыкуле мы разглядаем тэму духоўнага крызісу, які ўяўляе сабой больш вузкі погляд на крызіс веры, бо крызіс веры можа выяўляцца як духоўны і не-духоўны, можа тычыцца як асобы, якая перажывае цяжкасці веры ў адной культуры, так і групы вернікаў, якія належаць да розных геапалітычных абшараў. А духоўны крызіс закранае сцісла індывідуальны досвед духоўных цяжкасцяў, спалучаны з сумневамі ў існаванне Бога, у Яго міласэрнасць і дабрыню, у Яго моц, у сэнс веры, у жыццё пасля смерці. Такі крызіс можа быць вынікам сутыкнення ўласнага вобраза Бога з рэчаіснасцю, сустрэчы двух светаў каштоўнасцяў з супрацьлеглымі маральнымі полюсамі, або двух светапоглядаў адносна мэтанакіраванасці і прынцыпаў існавання чалавека і свету.

Прыкладам не-духоўнага крызісу веры будзе акт апастазіі (адступніцтва). Адступнік “адыходзіць” ад Касцёла, таму што, на яго думку, гэты інстытут страціў грамадскі давер, злоўжываючы сваёй уладай. Яшчэ адзін прыклад такога крызісу – нізкая наведвальнасць вучнямі ўрокаў рэлігіі ў школе. Дзеці перастаюць прыходзіць не таму, што страцілі веру, а таму, што катэхет кепска рыхтуецца да ўрокаў. З пункту гледжання сацыялогіі рэлігіі, такія выпадкі будуць разглядацца як сімптомы крызісу веры. Прыкладам жа духоўнага крызісу веры будзе сітуацыя чалавека, які прымае сакрамэнты цягам усяго жыцця, але ў выпадку нейкага няшчасця задае сабе пытанне, як добры Бог дапускае, што чалавек пакутуе, хоць не зрабіў нічога дрэннага, за што мог бы слушна быць пакараны. Цяжкая сітуацыя выклікае духоўны крызіс, бо рэлігійныя ўяўленні і сфарміраванае паняцце Бога зусім не тлумачаць дадзенай сітуацыі, а нават супярэчаць таму, што гэты чалавек перажывае.

Роля духоўнага крызісу

Калі не звяртацца па дапамогу, духоўны крызіс можа доўжыцца гадамі. Яго ўдаецца лёгка заглушаць абавязкамі штодзённага жыцця. Можна ўдзельнічаць у рэлігійных рытуалах, спасылаючыся на традыцыю, і адначасова насіць у сабе ўнутраны бунт ці абыякавасць да сістэмы каштоўнасцяў, носьбітам якой з’яўляецца рэлігія. Толькі належнае перажыванне крызісу вядзе да развіцця. Духоўны крызіс, як і любы іншы крызіс, патрабуе пераацэнкі існуючых прынцыпаў разумення і паводзінаў. Чалавек павінен распазнаць і выбраць сістэму каштоўнасцяў, гэта значыць адны каштоўнасці вылучыць як больш прыярытэтныя за іншыя, знайсці па-сапраўднаму самае істотнае і важнае ва ўсім сваім існаванні. Духоўны крызіс вядзе да раздарожжа, пра якое, у пэўным сэнсе, кажа Ісая, паўтараючы Божыя словы: “Бо мае думкі – гэта не вашыя думкі, і вашыя шляхі – не мае шляхі” (Іс 55,8). Каб духоўнае развіццё адбылося, у крызісны час трэба прыкласці намаганні, каб зразумець сутнасць веры (адсеяць сутнаснае ад таго, што такім не з’яўляецца), а затым рэфармаваць сваё рэлігійнае мысленне. Крызіс – гэта час ачышчэння веры і сэрца, час усведамлення найважнейшых рэчаў. Духоўны крызіс – гэта магчымасць наблізіцца да Бога.

Евангельскім вобразам можа быць сцэна кпінаў над Езусам укрыжаваным (Лк 23, 35-43). Езус прыбіты да крыжа, усё цела збітае, зраненае, акрываўленае. Напэўна, нават самыя блізкія з цяжкасцю пазнаюць, што гэта Ён. Месія скатаваны і распяты. Побач з Ім павешаны яшчэ два чалавекі ў аднолькавай сітуацыі: абодва былі асуджаныя за злачынствы і абодва былі ўкрыжаваныя. Яны спазнаюць тое самае пакаранне і глядзяць на аднаго і таго ж Чалавека, але рэагуюць па-рознаму. Адзін дакарае Езуса: “Ці Ты не Хрыстус? Уратуй сябе і нас!”. Ён выпрабоўвае Езуса, патрабуе, каб Ён, калі на самай справе ёсць Месіяй, сышоў з крыжа і прадэманстраваў сваю моц. У гэты момант ён бачыць Езусавы твар, варты жалю, бачыць слабасць Бога. Ён не разумее, што тое, што людзі зрабілі з Ім, – гэта дэманстрацыя зла, якое не мае нічога агульнага з Богам, але такое ж рэальнае ў жыцці, як і дабро. У тыя хвіліны зло, здаецца, перамагае. Ёсць і другі злачынца, які глядзіць на таго ж укрыжаванага чалавека, але, нягледзячы на ​​яго скатаванае цела, бачыць у ім Месію-Караля, таму просіць Яго: “Езу, узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства”. Абодва асуджаныя на смерць знаходзяцца ў небяспечнай для жыцця сітуацыі – у крызісе, але рэагуюць па-рознаму (як у канцлагерах: калі адны гублялі веру, іншыя пачыналі верыць яшчэ мацней). Лёс асуджаных разам з Езусам будзе розным. Да другога Ён звярнуўся са словамі: “Сапраўды кажу табе: сёння будзеш са Мною ў раі”.

Калі асоба перажывае духоўны крызіс, яна знаходзіцца ў падобнай драматычнай сітуацыі, дзе амаль не бачыць Бога – і альбо будзе памятаць усё, што Ён зрабіў для яе, і будзе верыць Яму, альбо сыдзе расчараванай, бо яе чаканні і ўяўленні пра Бога не спраўдзіліся.

Што рабіць у духоўным крызісе

Давайце вернемся да пытання аб тым, як паводзіць сябе ў крызісны час, калі ахоплівае пачуццё страху, бездапаможнасці, расчаравання, смутку, адзіноты, унутранай збянтэжанасці, бунту ці гневу. Адно можна сказаць дакладна: робячы выбар, які будзе мець значны ўплыў на будучыню, нельга паддавацца эмацыйным перадумовам – гэта па-першае, а па-другое, трэба разглядаць сваю сітуацыю ў больш шырокім кантэксце ўласнага жыцця і сведчання веры іншых людзей.

Сітуацыя апосталаў у Ерузалеме пасля ўкрыжавання Хрыста можа ўзбагаціць асабісты спосаб перажывання духоўнага крызісу. Што адчувалі апосталы? Трымценне і страх за сваё жыццё. Пасля арышту Езуса амаль усе яны ўцяклі з Аліўнага саду і вярнуліся ў Вячэрнік. Яны зачыніліся там, баючыся габрэяў (Ян 19, 20). З чацвярга па нядзелю кожны з іх перажываў сваю асабістую трагедыю. Той, хто нейкім чынам знаёмы з Евангеллем, ведае, што драма апосталаў заканчваецца на трэці дзень пасля ўкрыжавання Хрыста, аднак для іх гэты час трывае, а будучыня невядомая. Увесь іхні свет абрынуўся ў адно імгненне. Яны ж пакінулі ўсё, каб пайсці за Езусам. Яны на свае вочы бачылі цуды, якія пацвярджалі Яго месіянства. Яшчэ некалькі дзён таму яны разам з Ім уваходзілі ў Ерузалем пад спеў натоўпу, які вітаў іх: “Гасанна Сыну Давіда” (Мц 21, 9). Усё ішло добра, усё адпавядала іх бачанню трыумфуючага Караля, які павінен быў даць пачатак цудоўнаму новаму каралеўству. Апосталы мелі ўяўленне аб Месіі-пераможцы, якое дарэшты развеялася. Словы вучняў па дарозе ў Эмаус яскрава гэта паказваюць: “А мы спадзяваліся, што Ён той, хто павінен вызваліць Ізраэль” (Лк 24, 21).

Што рабілі апосталы падчас крызісу? Спачатку яны вярнуліся туды, дзе былі ў апошні раз з Езусам, дзе разам з Ім елі Пасху. Яны не ўцяклі ў Галілею. Яны яшчэ не вырашылі пакінуць раней абраны шлях. Яны баяліся за сваю будучыню, не ведалі, што з імі цяпер стане, але не разыйшліся, засталіся разам у супольнасці. Магчыма, яны задаваліся пытаннем, убачыўшы Езуса, які вісіць на крыжы, ці сапраўды Ён быў Сынам Божым? Напэўна, яны прааналізавалі апошнія месяцы, цягам якіх яны суправаджалі Езуса. Ці маглі яны паставіць пад сумнеў цуды, якія Ён учыніў? У Бэтаніі яны сядзелі за сталом з Лазарам, сведкамі ўваскрашэння якога былі. Магчыма, яны спрабавалі ўспомніць Яго вучэнне. Што Ён сказаў пра сябе? Наколькі іх вобраз Месіі паходзіў з апавяданняў рэлігійных лідэраў і народных вераванняў, а наколькі з вуснаў самога Езуса? Хіба Ён не казаў ім, што павінен памерці і што паўстане з мёртвых? На жаль, у трывозе тых дзён у Вячэрніку яны яшчэ не ведалі, што такое ўваскрасенне і як яно здзейсніцца. Аж пакуль у першы дзень тыдня Езус не стаў пасярод іх менавіта ў Вячэрніку. Што тады маглі адчуваць апосталы? Няцяжка ўявіць, што іх павінна было ахапіць здзіўленне, але і вялікая радасць. Ён жыве! Ягоны выгляд змяніўся, бо пазналі Яго толькі пасля знакаў (па ламанні хлеба ў Эмаусе, па ранах на руках, нагах і баку, якія Ён паказаў ім у Вячэрніку, па цудоўным улове на Галілейскім моры). Аблічча Езуса змянілася, але самае галоўнае было тое, што Ён жывы.

Пасля ўнебаўшэсця Езуса адбылося спасланне Духа Святога. І толькі тады апосталы пакінулі Вячэрнік, каб з адвагай і мудрасцю адкрыта казаць пра Уваскрослага. Затым яны выправіліся ў дарогу абвяшчаць Евангелле. З Дзеяў Апосталаў мы ведаем, што на гэтым шляху яны сустракалі шмат перашкод, якія аднак не былі для іх занадта вялікай праблемай. Апосталы станоўча перажылі крызіс “Вячэрніка”, які ачысціў іх – пазбавіў ілюзій, што яны моцныя і самадастатковыя (згадаем толькі запэўніванне Пятра падчас Вячэры, што ён не пакіне Хрыста), а таксама развеяў фальшывыя вобразы Месіі і Яго Валадарства. Духоўны крызіс прымусіў іх зразумець, што Бог перамагае, што Яго адвечны план не падлягае зменам, хоць усё вакол нас сведчыць аб іншым, і што чалавек становіцца моцным толькі дзякуючы ласцы Духа Святога.

Зробім высновы, як апосталы перажылі свой крызіс, каб і нам атрымаць духоўную карысць. Вось, агульныя парады, якія дае “сітуацыя Вячэрніка”:

  • вярнуцца памяццю ў той час, калі ясна адчувалася Божая прысутнасць;
  • знайсці суполку або асобу, якая можа дапамагчы ў духоўных справах;
  • прыгадаць прыклады сведкаў веры – людзей, якія прайшлі праз свае крызісы і змаглі захаваць надзею насуперак безнадзейнасці;
  • супрацьпаставіць свае рэлігійныя ўяўленні з Божым словам: ці сапраўды тое, што я думаю пра Бога, мае пацверджанне ў вобразе Езуса, прадстаўленым у Евангеллі;
  • паразважаць, якія знакі сведчаць аб прысутнасці Бога;
  • прасіць Бога дадаць веры ў час духоўных цяжкасцяў.

Пры такім падыходзе да духоўнага крызісу чалавек не паддасца эмацыйным узлётам і падзенням, але будзе абапірацца на факты сваёй гісторыі і сапраўдныя сведчанні тых, хто аддаў сваё жыццё, каб даказаць праўдзівасць убачанага і пачутага.

Духоўны крызіс – час ачышчэння

Для апосталаў час Вячэрніка быў часам ачышчэння. Пакінуўшы яго, яны ўжо не былі тымі людзьмі, якія ў ім хаваліся. З імі адбылася перамена. Яны падняліся на больш высокі ўзровень сваёй місіі.

Увайшлі ў пакой са страхам і з адчуваннем, што Бог іх пакінуў, а выйшлі мацней з’яднанымі з Хрыстом, дужэйшымі, мудрэйшымі, людзьмі большай веры. Дагэтуль яны хадзілі з Настаўнікам, слухалі Яго навучанне, глядзелі на цуды, якія Ён рабіў. Цяпер яны пойдуць у свет асобна, каб прапаведаваць тое, што яны пачулі, і рабіць праз моц Духа Святога тое, што чыніў сам Езус.

Духоўны крызіс патрабуе зменаў у мысленні пра сябе і пра Бога, з’яўляецца часам ачышчэння, у якім адбываецца пераацэнка, пошук і адкрыццё самых важных рэчаў у веры і ў Касцёле. Ачышчэнне сэрца неабходна, каб мог увайсці ў яго праўдзівы Святы. Гэта не адбываецца ў поўнай меры ў акце хросту, а цягам усяго жыцця і ўзрастання ў Духу Святым.

Час ачышчэння – закон развіцця

Дасягнуць больш высокага ўзроўню духоўнага развіцця азначае быць бліжэй да Бога, набліжацца да Яго, прыбіраць перашкоды, якія стрымліваюць рух да Яго. Час ачышчэння спыняецца з досведам прасвятлення, гэта значыць досведам адкрыцця большай праўды пра сябе і Бога. Гэта, у пэўным сэнсе, новае спасланне Духа Святога, які дае чалавеку новыя дары, дзякуючы якім ён узрастае ў Божай мудрасці. Праз ачышчэнне і прасвятленне чалавек ступае на шлях большага з’яднання з Богам.

Такім чынам, духоўны крызіс, які ў жыцці  выступае як натуральная частка працэсу ўзрастання ў веры, з’яўляецца ні многа, ні мала законам духоўнага развіцця. Бо толькі дзякуючы ачышчэнню сваіх інтэнцый, перадумоў паводзін і ацэнак можна дасягнуць большай лучнасці з Богам і больш радыкальна прыняць Ягоны бок ў сітуацыях, якія патрабуюць важнага выбару. На раздарожжы трэба добра абдумаць выбар шляху і наноў запрагнуць ісці з Езусам, які менавіта цяпер – можа, чарговы раз – перамяніўся перада мной..

Марэк Крушыньскі SJезуіт, дырэктар выдавецтва Rhetos, капелан у прытулку для непаўналетніх і ў папраўчай установе для непаўналетніх у Варшаве-Фаленіца.

Крыніца перакладу: “Kryzys duchowy – zasada rozwoju” /Marek Kruszyński SJ. “Manreza. Pismo poświęcone duchowości Ignacjańskiej” №2/2022 (10).